Чорны Майдан: ці зменіць рэпер тырана?

Тое, што цяпер адбываецца ў далёкай афрыканскай Угандзе, міжволі выклікае пачуццё дэжа-вю.

preview_16.png


Ідзі Амін — безумоўна, самы вар’яцкі тыран з тых, на якія так багатая гісторыя Чорнага кантыненту. За тры гады кіравання краінай (1972–1975) ён паспеў абвясціць вайну Вялікабрытаніі, адмяніць заробкі бюджэтнікам, абвясціць сябе ўладаром рыбаў і нарабіць шмат чаго яшчэ.
Цяпер такое ўражанне, што часы Аміна вяртаюцца. Пра гэта сведчыць фармат выбараў прэзідэнта краіны, якія прайшлі 15 студзеня абсалютна ў парадыгме логікі Аміна. Напрыклад, асноўны апазіцыйны кандыдат з лістапада знаходзіўся пад хатнім арыштам, аднак усё ж праводзіў сваю выбарчую кампанію.
Зрэшты, гэта не вельмі дапамагло дзейнаму прэзідэнту краіны паралізаваць дзейнасць апазіцыі. За час кампаніі ў краіне арыштавалі каля трох тысяч пратэстоўцаў. Часткова феномен тлумачыцца тым, што адзіным кандыдатам ад апазіцыі выступаў папулярны сярод моладзі рэпер Роберт Кіагуланьі Ссэнтаму, вядомы пад сцэнічным псеўданімам Бобі Вайн. Сродкамі агітацыі для Вайна былі не білборды і тэлешоу, а музычныя запісы, якія мабілізавалі моладзь.
Як вынік, арышту Вайна для «элегантнай перамогі» аказалася недастаткова. Напярэдадні выбараў урад закрыў сацыяльныя сеткі — у тым ліку Facebook, Instagram і Twitter. Прэзідэнт Ёверы Кагута Мусевені накіраваў на вуліцы спецназ і ваенныя машыны. На фоне такіх дэкарацый мясцовы ЦВК абвясціў вынікі галасавання. Паводле іх, Мусевені (дарэчы, шосты раз запар, пачынаючы з 1986 года) з 57 працэнтамі атрымаў чарговы дазвол народа на кіраванне краінай. Бобі Вайну намалявалі 30 з лішкам працэнтаў.
Штаб апошняга сцвярджае, што галасаванне было сфальсіфікаванае. Напярэдадні выбараў кааліцыя, якая прадстаўляе сотні арганізацый грамадзянскай супольнасці, паведаміла, што з 1900 запытаў на акрэдытацыю на выбары ўрад задаволіў толькі 10. Выбарчая камісія Уганды таксама адхіліла прапанову па прыездзе назіральнікаў Еўрапейскага саюза, нягледзячы на тое, што ЕС раней назіраў за трыма выбарчымі кампаніямі ў перыяд з 2006 па 2016 год.
Тое, што адбылося ва Угандзе, стала для міжнароднай супольнасці разрывам шаблону. Праект Мусевені лічыўся ледзь не ўзорным для іншых афрыканскіх дзяржаў. Пры Мусевені за кошт супрацоўніцтва з МВФ краіна, насуперак спадчыне Ідзі Аміна і двум грамадзянскім войнам, зрабіла вялікі крок наперад. Тэмпы эканамічнага развіцця 2005–2010 гадоў дасягалі 8 працэнтаў на год. Гэты рост суправаджаўся ростам аб’ёму інвестыцый у 1,5 разы за пяцігодку (2001–2006 гады).
Дзякуючы такім дасягненням, на шматлікія фокусы прэзідэнта заплюшчвалі вочы. У жніўні 2005 года парламент прагаласаваў за змену Канстытуцыі, каб зняць абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, што дазволіла Мусевені балатавацца на трэці тэрмін. Галоўны палітычны супернік прэзідэнта быў вымушаны эміграваць.Угандзе нават прабачылі адкрытыя атакі на рух ЛГБТ. Яшчэ ў 2009 годзе Мусевені анансаваў закон пра ўвядзенне смяротнай кары за гомасексуалізм, бо, паводле яго меркавання, такая практыка супярэчыць волі Бога. Ён нават абвінаваціў белых геяў, што яны разбэшчваюць афрыканцаў.
Аднак выхадка з арыштам Бобі Вайна, падаецца, перайшла ўсе межы. Амбасада ЗША ва Угандзе распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што выбары «былі заплямленыя пераследам апазіцыйных кандыдатаў і ўціскам сродкаў масавай інфармацыі ды прыхільнікаў правоў». Еўрапейскі саюз вырашыў не віншаваць Мусевені — абмежаваўшыся заявай, што «прымае да ведама» вынікі выбараў.
«Ва ўмовах актывізацыі ўсё больш маладой і незадаволенай апазіцыі, заходнія дзяржавы могуць з меншай верагоднасцю цярпець падыходы ўраду Уганды. Мусевені таксама больш не з’яўляецца гарантам стабільнасці Уганды, якая стала на шлях нестабільнасці», — піша Deutsche Welle. Журналіст выдання таксама дапускае, што «надышоў час прыгледзецца да памераў замежнай дапамогі для Уганды».
З улікам крытычнай залежнасці Уганды ад знешняй фінансавай падтрымкі даводзіцца задацца пытаннем: на што ж разлічвае ўгандыйскі гарант у такой сітуацыі? Магчыма, у офісе прэзідэнта спадзяюцца згуляць на канфлікце інтарэсаў заходніх дзяржаў. Напрыклад, рэакцыя Вялікабрытаніі на выбары, наадварот, была менш жорсткай. Лондан вітаў «адносна спакойны ход выбараў» і прызнаў перамогу Мусевені.
Акрамя таго, з геапалітычнага пункту гледжання Уганда лічыцца ледзь не вядучай стабілізуючай сілай у рэгіёне, які традыцыйна быў (і фактычна застаецца) інкубатарам і арэнай канфліктаў. Любая лакальная дэстабілізацыя пагражае новымі цунамі мігрантаў у кірунку Еўропы. Да таго ж угандыйскія васкоўцы прымаюць удзел у місіі Афрыканскага саюза для падтрымкі грамадзянскага міру ў Самалі, якую цяпер актыўна падтрымліваюць ЗША. Мусевені таксама можа актывізаваць кантакты з Пекінам, каб узняць сваю каштоўнасць у вачах Вашынгтона.Таму большасць экспертаў лічаць, што ўсё ж рэзкіх рухаў на адрас Мусевені не будзе — прынамсі, да таго, як высветліцца канчатковы лёс Бобі Вайна. «Мы павінны паглядзець, як Мусевені дасць рады пытанню Вайна. Гэта будзе галоўным фактарам, які вызначае надзейнасць ЗША і ЕС», — кажа адзін з брытанскіх афрыканістаў. Аднак, у прынцыпе, усе згодныя, што адсутнасць кансенсусу наконт падтрымкі рэжыму робіць сыход Мусевені непазбежным.