Якія штаты Амерыкі могуць быць далучаныя да Канады?

У адказ на ​​пагрозы Трампа зрабіць Канаду 51-м штатам Амерыкі, многія канадцы заклікаюць ператварыць ЗША ў адзінаццатую канадскую правінцыю.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Ідэя інкарпарацыі Штатаў у склад Канады не новая. Праўда, з’явілася яна пазней за тэрытарыяльныя амбіцыі амерыканцаў: тэма далучэння Канады агучвалася ўжо ў раннія гады існавання Злучаных Штатаў. Тады многія амерыканскія палітычныя дзеячы выступалі нават за інтэрвенцыю і анексію тэрыторыі, якая зараз з'яўляецца Канадай. А неабходнасць прыняцця канадскай правінцыі Квебек у склад ЗША прысутнічала ў тэксце Артыкулаў Канфедэрацыі — першага канстытуцыйнага дакумента ЗША, прынятага на Другім кантынентальным кангрэсе 15 лістапада 1777 года ў Ёрку (Пенсільванія).

Былі нават практычныя спробы рэалізацыі задуманага. Падчас вайны за незалежнасць ЗША амерыканцы ўварваліся ў Квебек, але пазней былі адкінуты брытанцамі і саюзнымі ім індзейцамі.

Што да канадскай палітычнай дыскусіі, то да поўнай анексіі Штатаў тут ніколі не заклікалі. Абмяжоўваліся хіба некаторымі памежнымі тэрыторыямі. Напрыклад, гучала ідэя «адціснуць» штат Мэн, які быў захоплены на нейкі час брытанцамі падчас амерыканска-брытанскай вайны 1812 года. Паколькі Канада ў той час была часткай Вялікабрытаніі, узнікла ідэя далучыць да яе і акупаваны Мэн. Аднак па выніках мірнай дамовы брытанцам прыйшлося пакінуць гэтыя землі, і тэма стала неактуальнай.

Глядзіце таксама

У канцы нулявых ХХІ стагоддзя некаторыя канадскія палітыкі раптам паклалі вока на амерыканскую Мінесоту. З'явіліся адпаведныя петыцыі, пачаліся дэбаты палітыкаў, што спарадзіла грамадскі рух, які, парадзіруючы Brexit, назвалі Minnexit. Трэба сказаць, што многія жыхары Мінесоты таксама не супраць накіравацца ў канадскую гавань. Аднак на практычны ўзровень гэтыя размовы не выйшлі.

У 2019 годзе была апублікаваная петыцыя, якая заклікала Злучаныя Штаты прадаць штат Мантана Канадзе, каб амерыканцы маглі пагасіць унутраны доўг ЗША і перастрахавацца ад магчымага фінансавага краху.

Прыкладна з 2015 года праканадскія заклікі ўсё часцей гучаць у штаце Вермонт. Пры гэтым ідэя ператварэння Вермонта ў 11-ю правінцыю Канады атрымала папулярнасць сярод саміх вярмонтцаў. Шмат у чым гэта тлумачыцца больш якаснымі сацыялкай і медыцынай у краіне кляновага ліста.

Глядзіце таксама

Аднак галоўным фактарам росту сімпатый да Канады сярод амерыканцаў стаў Дональд Трамп. Так атрымалася, што большасць штатаў, якія мяжуюць з Канадай або знаходзяцца па суседству, адносяцца да катэгорыі т.з «сініх штатаў». Іншымі словамі, тут папулярныя дэмакраты, у якіх партыйны колер — сіні. Таму па ходзе трыўмфальнага наступу трампізму ў гэтых штатах узмацніліся сепаратысцкія, праканадскія настроі.

Мода на Канаду фіксавалася тут і да перамогі Трампа на апошніх выбарах 2024-га. Аднак тады самі канадцы рэагавалі на такія трэнды хутчэй іранічна. У інтэрнэце, напрыклад, можна было знайсці сатырычную карту Jesusland, на якой «сінія штаты» ЗША з'яўляюцца часткай новай палітычнай фармацыі пад назвай «Злучаныя Штаты Канады».

Фота EdWunclerIII, commons.wikimedia.org

Фота EdWunclerIII, commons.wikimedia.org

Цяпер у кантэксце агрэсіўных выхадак Вашынгтона праканадскія заявы ў ЗША ўсё часцей адкрыта вітаюцца ў Атаве. У сакавіку гэтага года блізкая да рэспубліканцаў газета The New York Post паведамляла, што некаторыя канадскія палітыкі пачалі вывешваць у сябе над хатамі сцягі штата Новая Англія ў знак падтрымкі тамтэйшага праканадскага руху.

Крыху раней лідар Партыі зялёных Канады Элізабэт Мэй жартам прапанавала далучыць да Канады амерыканскія «сінія штаты» — Каліфорнію, Арэгон і Вашынгтон. Паводле яе слоў, рэспубліканская адміністрацыя Дональда Трампа павінна быць не супраць «пазбавіцца ад штатаў, якія заўсёды галасуюць за дэмакратаў».

Цікава, што не выключаны абмен тэрыторыямі. Буйны бізнес у багатай нафтай канадскай правінцыі Альберце, расчараваны дзесяцігоддзем ліберальнай палітыкі цэнтральнага ўрада, даўно выказвае падтрымку ідэі далучэння правінцыі да ЗША.

Пакуль праект далучэння таго ж Вермонта ці Новай Англіі да Канады выглядае не надта рэалістычным. Але, як адзначае ўсё той жа The New York Post, «гэтая ідэя набірае папулярнасць як на поўнач, так і на поўдзень ад 49-й паралелі*». 

*Геаграфічная паралель, уздоўж якой праходзіць прыкладна 2030 кіламетраў амерыканска-канадскай мяжы.