Дзмітрый Плакс: у Швецыі імігрантаў ператварылі з падаткаплацельшчыкаў у спажыўцоў падаткаў
Літаратар з Мінска Дзмітрый Плакс 20 гадоў таму пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Швецыю. Сёння краіна, якая стала для інтэлектуала з Беларусі полем для самарэалізацыі, як і ўся Еўропа, перажывае небывалы наплыў мігрантаў.
Пра тое, ці змяніла прысутнасць мігрантаў штодзённае аблічча Швецыі, з Дзмітрыем гутарыць карэспандэнт KRYNICA.INFO.
— Дзмітрый, шырокі рэзананс у СМІ выклікала на днях забойства ў шведскім Мёльндале падлеткам-мігрантам 22-гадовай супрацоўніцы прытулку для ўцекачоў. Паведамленні аб выпадках гвалту былі ў прэсе і раней. Тым не менш, і ў Швецыі, і ў іншых краінах людзі прыходзяць на дапамогу ўцекачам, у т. л, становячыся валанцёрамі ў лагерах і прытулках для прыбываючых.
— Загінулая Аляксандра Межэр была не добраахвотнікам, а супрацоўнікам лагера для непаўнагадовых мігрантаў. Што ж тычыцца добраахвотнай дапамогі, дык яна мае месца быць, існуюць адпаведныя арганізацыі, якія займаюцца каардынацыяй дзеянняў добраахвотнікаў, узаемадзейнічаюць з уладамі, накіроўваюць дапамогу туды, дзе яна больш патрэбная.
Прычыны дапамагаць уцекачам, думаю, розныя, але на паверхні, натуральна, пачуцці міласэрнасці і салідарнасці.
— Два дзясяткі гадоў таму Швецыя выглядала краінай, аднолькава камфортнай для ўсіх. Ці з’явілася цяпер, з прытокам імігрантаў, нейкая напружанасць, напрыклад, у адносінах да жанчын — на вуліцы, у клубе, у аўтобусе?
— Тое, што відавочна кідаецца ў вочы: з’явіліся вулічныя жабракі — людзі, якія просяць міласціну. Але гэта так званыя «еўрапейскія мігранты», сацыяльна неўладкаваныя жыхары краінаў, якія ўваходзяць у ЕС, часцей за ўсё, калі я правільна разумею, ромы (цыганы) з Румыніі.
Калі казаць пра вулічную бяспеку жанчын — так, пра выпадкі дамаганняў сталі больш паведамляць у прэсе, але адначасова з гэтым з’явіліся і сведчанні таго, што раней падобныя факты замоўчваліся. Гэта значыць, складана сказаць, ці ідзе гаворка пра зусім новы феномен, або нешта падобнае адбывалася ўжо на працягу пэўнага часу, але, па розных, часцей за ўсё, унутрыпалітычных, прычынах, не афішавалася.
Жанчыны ў Швецыі валодаюць такімі ж правамі, як і мужчыны, так што змагацца з заляцаннямі яны могуць у межах закона. Спадзяюся, што закон працуе, прынамсі, зараз паведамляюць аб актывізацыі дзейнасці паліцыі ў гэтым кірунку.
— У прэсе з’яўляюцца сведчанні не толькі аб інцыдэнтах гвалту з удзелам імігрантаў, але і аб тым, што мясцовыя жыхары самі падпальваюць прытулкі для ўцекачоў і часам правакуюць сутыкненні…
— Гэта так. Ксенафобскія настроі ў грамадстве відавочна выраслі, ксенафобская партыя «Дэмакраты Швецыі», паводле апытанняў грамадскай думкі, мае падтрымку каля 20% выбаршчыкаў, — для шведскага грамадства гэта вельмі шмат.
— Ці верагодная рэальная перанагрузка эканомікі з-за прытоку імігрантаў? І ці практыкуюцца механізмы калі не культурнай адаптацыі, то хаця б эканамічнай інтэграцыі мігрантаў у грамадства?
— Думаю, што сувязь паміж эканомікай і міграцыяй ідзе праз палітыку. Здаецца, да сярэдзіны 80-х міграцыя знаходзілася ў ведамстве Упраўлення рынку працы, — гэта азначае, што інтэграцыя прыбылых была наўпрост звязаная з занятасцю. Потым гэтымі пытаннямі стала займацца Сацыяльнае ўпраўленне і, на мой погляд, гэтае рашэнне прывяло да негатыўных наступстваў.
Груба кажучы, дзяржава перастала бачыць у імігрантах працаздольных індывідаў і стала глядзець на іх, як на сацыяльную праблему. Імігрант ператварыўся з патэнцыйнага падаткаплацельшчыка ў патэнцыйнага спажыўца падатковых рэсурсаў. Думаю, што кожны, хто пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну, скажа вам, што практычна любое працоўнае месца спрыяе інтэграцыі ў новае грамадства больш, чым усе арганізаваныя рознымі ведамствамі курсы разам узятыя.
Гэта відаць і пры павярхоўным поглядзе на гісторыю — сусветна вядомы шведскі «сацыялізм» быў, у значнай меры, пабудаваны рукамі пасляваенных мігрантаў, а сумна вядомыя «сацыяльна неўладкаваныя раёны» паўсталі якраз у апошнія 20–30 гадоў.
Зразумела, што і рынак працы, і структура міграцыі вельмі змяніліся за апошнія дзесяцігоддзі, ды і да нечаканага росту міграцыйных плыняў падрыхтавацца магчымасці не было, але ўсё ж такі, мне здаецца, што змяненне канцэпцыі, пра якую я сказаў вышэй, было і застаецца ледзь не галоўнай перашкодай на шляху да паспяховай інтэграцыі імігрантаў у шведскае грамадства.
— Ці змянілася стаўленне да мігрантаў у апошнія год-паўтара, калі ў разы павялічыўся наплыў уцекачоў?
— Міграцыя як феномен існуе не першы год. У цэлым шведскае грамадства даўно ўжо не гамагеннае, каля 2 мільёнаў жыхароў Швецыі маюць, прынамсі, аднаго з бацькоў-імігранта, гэта немалы адсотак для 9 мільёнаў жыхароў краіны.
Але ў апошні час праблематыка абвастрылася, безумоўна: я ўжо казаў пра рост ксенафобскіх настрояў у грамадстве, яны выяўляюцца не толькі ў дачыненні да новых мігрантаў, — многія супярэчнасці абвастрыліся, адзначаецца, напрыклад, рост антысемітызму, прычым, як «роднага», шведскага, так і «імпартнага», прывезенага з сабой некаторымі нараджэнцамі краінаў Блізкага Усходу.
— Ці існуе сёння размежаванне прафесійных або адукацыйных сфераў для карэннага насельніцтва і прыбылых з блізкаўсходніх, афрыканскіх краінаў?
— Адукацыя ў Швецыі бясплатная, але замежная адукацыя залічваецца па даволі дзіўнай сістэме і, каб працаваць, скажам, стаматолагам чалавеку з, напрыклад, сірыйскай стаматалагічнай адукацыяй, трэба ці ледзь не ўсю гэтую адукацыю атрымаць нанова. Да гэтага гатовыя далёка не ўсе. Для вельмі многіх перашкодай служыць, натуральна, мова. Ну а нейкага «афіцыйнага» размежавання сфераў, ясная справа, не існуе, дыскрымінацыя забароненая законам.