Кёльн і фемінізм

Навагодні гвалт у Кёльне ўжо адбіваецца на розных сферах грамадскага жыцця. У тым ліку гэта тычыцца фемінісцкага руху, які, падаецца, чакаюць вялікія перамены. Гендэрны рух аказаўся разгубленым перад падзеямі ў Кёльне.



c33ba672fdbbe0d47b7e070802de1007.jpg

На першы погляд, кёльнская сітуацыя для феміністак простая. Нават без вынікаў следства і вердыктаў судоў факт сексуальных злачынстваў відавочны. Тое, што кажуць сведкі, шакуе. «Я ніколі такога не бачыла. Мужчыны скакалі на жанчын, быццам перад імі быў батут. Мяне трэба было прайсці 200 метраў да цягніку. За гэты час мяне мінімум сто раз хапалі за грудзі і столькі ж за сцёгны», — апісвае тую ноч адна з маладых немак у газеце «Welt am Sonntag». Такіх расповедаў дастаткова, каб канстатаваць злачынства і рашуча асудзіць гвалтаўнікоў. У дадзеным выпадку падазрэнні, як правіла, падаюць на эмігрантаў з Сірыі. Аднак нават павярхоўны прагляд феміністычных СМІ ў той жа Германіі сведчыць, што большасць матэрыялаў пра Кёльн маюць не абвінаваўчы, а дыскусійны характар.

Гендэрны рух аказаўся разгубленым перад падзеямі ў Кёльне праз некалькі прычынаў. Справа не толькі ў тым, што вобраз імігранта ў тэорыі фемінізму часта экстрапаляваўся на вобраз жанчыны, якая, маўляў, таксама ёсць бяспраўным суб’ектам у сучасным грамадстве. Падтрымаць агрэсіўную кампанію супраць эмігрантаў будзе значыць для феміністак ліць ваду на млын правых папулістаў. Менавіта рост папулярнасці гэтых палітструктур фіксуюць сацыёлагі па слядах кёльнскіх падзей.

Прыход ва ўладу партый накшталт «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD) — жудасны сон нямецкіх абаронцаў правоў жанчын. AfD наўпрост афішуе ідэю пра неабходнасць правядзення сямейнай палітыкі, якая павінна падпарадкоўвацца дзяржаўным і нацыянальным інтарэсам. Гэта, натуральна, не славутая ўстаноўка прускіх кансерватараў ХІХ стагоддзя: «Kuhe, Kinder, Kirche», аднак як мінімум рэвізія цяперашняга ліберальнага разумення статусу і ролі жанчыны ў соцыуме, права на недатыкальнасць яе прыватнага жыцця.

Асобна трэба адзначыць, што феміністычны рух гістарычна моцна звязаны з леваліберальнымі і экалагічнымі партыямі, якія, напэўна, найбольш паслядоўна крытыкуюць пуцінскі рэжым. Між тым, не сакрэт, што тая ж AfD з’яўляецца вядучым палітычным лабістам Пуціна ў Германіі. Тэма Кёльну, дарэчы, таксама адна з любімых у прамовах расійскіх прапагандыстаў.

Аднак заплюшчыць вочы на праблему Кёльна для феміністак таксама немагчыма. Выхад з сітуацыі розныя цэнтры вырашаюць па-рознаму. Некаторыя арганізацыі феміністак намагаюцца трымацца дагматычных левых прынцыпаў. Іх супрацоўнікі імкнуцца знайсці ў па­дзеях у Кёльне нейкія прыкметы таго, што гэта была добра прадуманая медыйная аперацыя, каб выкарыстаць тэму гвалту над жанчынамі як палітычны інструмент.

Звяртаецца ўвага на шмат дробных дэталяў. Напрыклад, на тое, што сярод кёльнскіх ахвяр былі і мусульманкі, і на тое, што ў 99 працэнтах гаворка ідзе пра дамаганні вербальнага характару, і тое, што Кёльн — гэта ледзь не сталіца турэцкай камуны ў Германіі, аднак засілле туркаў-мусульман не ўплывае на статыстыку сексуальных злачынстваў.

Самы галоўны пасыл — у тым, што ў ФРГ хапае падобных кёльнскаму злачынстваў, прычым стаяць за імі не орды намадаў-мігрантаў, а адукаваныя культурныя нямецкія бюргеры. Каб далёка не ха­дзіць, можна ўзгадаць славуты мюнхенскі піўны фестываль Актобэрфэст. Ён у тым ліку не абыходзіцца без скаргаў на сексуальны гвалт. Звычайна штогод такіх скаргаў каля 2–3, аднак спецыялісты лічаць, што на самай справе выпадкаў такога кшталту ў некалькі разоў больш. Увогуле, паводле статыстыкі, кожная сёмая жанчына ў Германіі мела праблемы на гэтай глебе, а ўсяго штогод па краіне фіксуецца 8 000 выпадкаў згвалтаванняў.

Фактычна, галоўную адказнасць за кёльнскія падзеі адны феміністкі перакладаюць з мігрантаў на заходнюю масавую культуру, якая на кожным кроку эксплуатуе жаночую сексуальнасць у камерцыйных мэтах. Сцвярджаецца, што ўзровень сексуальнай агрэсіі можна маштабна знізіць за кошт ціску грамадства на буйны капітал, які кантралюе кіно, прэсу, рэкламу.

Другія феміністкі спрабуюць знайсці залатую сярэдзіну. Яны гатовыя крытыкаваць сексізм, характэрны для вялікай колькасці мужчын-мігрантаў, аднак лічаць, што такія ж забабоны характэрныя і для шматлікіх еўрапейцаў. Таму рэакцыя жанчын на кёльнскія падзеі, на іх думку, павінна даць адпор на ўсіх франтах. Вялікую надзею гэта група феміністак ускладае на запланаваную на гэта лета ў Германіі рэформу артыкула Крымінальнага кодэксу аб сексуальных дамаганнях. Калі законапраект, які лабіруюць «Зялёныя» і хрысціянскія дэмакраты, пройдзе, то да катэгорыі такога цяжкага крымінальнага злачынства, як «згвалтаванне», будуць адносіцца таксама сексуальныя дамаганні.

Нарэшце, ёсць спробы цалкам перафарматаваць жаночы рух праз адмову ад левай традыцыі. «Сімптаматычная хвароба сучаснага фемінізму заключаецца ў тым, што ён думае дасюль шаблонамі 1968 года, калі з аднаго боку мы маем ахвяру — жанчыну або мігранта, а з іншага агрэсара — белага мужчыну», — піша французскае правае выданне «Valeurs actuelles». На думку выдання, будучыня руху за правы жанчын палягае ў нізавых ініцыятывах супраць вулічнага сексуальнага гвалту. Выданне лічыць, што такі рух будзе мець выразна антыімігранцкі фармат, паколькі трэнд росту атак на жанчын з боку мігрантаў відавочны. У якасці ілюстрацыі выданне палохае чытачоў экспартам імігрантамі ў Еўропу т.зв. taharrush gamea — практыкі, калі група сексуальна агрэсіўных мужчын бярэ жанчыну на вуліцы ў кола.

«Valeurs actuelles» не прыводзіць ніводнай назвы нейкай жаночай арганізацыі, якая падзяляе тэзісы пра неабходнасць новай мадэлі фемінізму. Аднак, напэўна, такі накірунак у фемінізме з’явіцца. 25 студзеня стала вядома, што ў Швецыі 15-гадовы мігрант зарэзаў 22-гадовую шведку, што выклікала вельмі адмоўную рэакцыю па ўсёй Еўропе, рэакцыю, якая часам нагадвае ксенафобію.