Фермерскія пратэсты. Дасье ў карыкатурах

Прывід блукае па Еўропе, але на гэты раз не камунізму, а пратэстаў работнікаў аграрнага сектара.

Вокладка Courrier Internacional 

Вокладка Courrier Internacional 

Пратэсты ўжо ахапілі Германію, Францыю, Партугалію, Нідэрланды, Грэцыю і Бельгію, Польшчу, Славакію і іншыя краіны. Прычым гэта далёка не кульмінацыя. Фермеры краін ЕС амаль штодня працягваюць анансаваць новыя акцыі. Французскі часопіс Courrier Internacional на сваёй вокладцы арыгінальным чынам адлюстраваў як фермерскія трактары атакуюць еўрапейскі кантынент.

Чаго глабальна жадаюць фермеры? Адназначнага адказу няма, што цалкам лагічна. Калі б работнікі аграсектара паўсталі пад сцягі нейкай канкрэтнай партыі з дакладнай праграмай, то пратэсты відавочна не мелі б такога размаху. Гэты момант ілюструе адзін італьянскі графік. На яго малюнку фермеры выходзяць на акцыю пад сцягамі разнастайных партый і рухаў — ад ультраправых да ультралевых.

b2_3.jpg

Хутчэй за ўсё галоўныя прычыны незадаволенасці маюць лакальны характар. Берлін скарачае падатковыя субсідыі для фермераў, Амстэрдам патрабуе скараціць выкіды вуглевадародаў шляхам скарачэння пагалоўя жывёлы. Аграрыі Іспаніі, Партугаліі і Францыі занепакоеныя наступствамі магчымага пагаднення ЕС аб свабодным гандлі з краінамі МЕРКАСУР (Бразілія, Аргенціна, Уругвай, Парагвай).

Асобная тэма — Украіна. Фермеры краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы незадаволены прывілеяваным становішчам украінскіх аграрыяў на еўрапейскім рынку. Пасля пачатку расійскай вайны ЕС адмяніў квоты і пошліны на ўвоз украінскай прадукцыі. Украінскі імпарт ударыў па польскім вытворцам, якія цяпер блакуюць межы. Прычым канфлікт відавочна выйшаў за рамкі гандлёвай вайны. Карыкатурыст часопіса The Economist намякае, што акцыі польскіх фермераў падрываюць еўрапейскую перспектыву для Украіны.

b3_2.jpg

Зрэшты, фермеры не любяць і бюракратаў ЕС, чыя зялёная палітыка стала для іх сур'ёзным цяжарам. Гэтая стратэгія сярод іншага ўключае скарачэнне выкарыстання пестыцыдаў на 50% да 2030 года, а ўгнаенняў — на 20%, перавод 25% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў ЕС пад вырошчванне арганічнай прадукцыі. Пратэстоўцы не лічаць рэалістычнымі пастаўленыя ЕС мэты. На іх думку, такая палітыка вядзе да разбурэння цэлых галін, напрыклад, жывёлагадоўлі. Занепакоенасць знайшла адлюстраванне ў карыкатурах. На гэтай нямецкай карыкатуры карова знаходзіць сябе ў спісе падазраваных у глабальным пацяпленні.

b4_1.jpeg

Еўрапейская эліта, падобна, аказалася не гатовай да такіх маштабных вылазак фермераў, якія завальваюць адміністрацыйныя ўстановы гноем. Разгубленасць палітыкаў — тэма карыкатуры швейцарскага выдання Le Temps. На малюнку чыноўніку, офіс якога з дапамогай гною атакуюць фермеры, застаецца толькі спадзявацца, што ў гэтым гною няма пестыцыдаў.

b5.jpg

А вось ліберальныя СМІ Германіі спрабуюць прадставіць акцыі фермераў як нейкі рэнесанс фашысцкага руху.

b6.jpg

Сапраўды, еўраскептычныя ідэі дастаткова папулярныя сярод часткі фермераў. Аднак варта адзначыць, што фермеры ўсё часцей каардынуюць свае акцыі на міжнародным узроўні. Іншымі словамі, дапамагаюць умацоўваць тую самую еўрапейскую салідарнасць. А адзін з французскіх мастакоў нават дапусціў, што рух фермераў — гэта нейкая барацьба за новы Еўрасаюз, у якога будзе новы адпаведны сцяг.

b7_1.jpg