Францыя: пасля рэстаўрацыі «Чорную Мадонну» зрабілі белай
Пасля 10-гадовай рэстаўрацыі Шартрскі сабор у Францыі пазбавіўся самай шанаванай святыні — «Чорнай Мадонны».

Шартрскі сабор у Францыі лічыцца жамчужынай французскай готыкі. Пасля рэстаўрацыі сабор пазбавіўся шанаванай на працягу 500 гадоў святыні — «Чорнай Мадонны». Яе вобраз стаў светлым і выклікаў незадаволенасць вернікаў. Пра гэта паведамляе sib-catholic.ru.
Драўляная скульптура XVI ст. была чорнага колеру, і вернікі ўшаноўвалі яе больш за 500 гадоў. Як лічаць спецыялісты, чорнай скульптура была не заўсёды, таму рэстаўратары ачысцілі яе ад сажы і бруду. Аднак наведвальнікам сабора гэта не спадабалася, і яны раскрытыкавалі дзеянні вучоных.

Так выглядала статуя раней
Падчас рэстаўрацыі пабялела не толькі
«Чорная Мадонна», але і сцены гатычнай святыні. Жыхары Шартра і пілігрымы
пачалі пакідаць у кнізе наведвальнікаў запісы, у якіх працу рэстаўратараў яны
абазначалі як кіч і безгустоўнасць. Сабор, на думку некаторых католікаў, цяпер
выглядае як навабуд.
Рэстаўратары не згодны з такой ацэнкай іх работы і заяўляюць, што вярнулі сабору і яго ўбранству першапачатковы выгляд: ачысцілі ад сажы свечак і камінаў, а таксама ад шматвекавога бруду.
«Асацыяванне сярэднявечных сабораў з цёмным, змрочным месцам — гэта фундаментальная памылка. Гэта не святыні меланхоліі», — адзначае гісторык мастацтва сярэдніх вякоў прафесар Гарварда Джэфры Хамбургер.
Рэстаўратары таксама ачысцілі большую частку вітражоў у саборы, уключаных у спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Але некаторыя з іх пакінулі бруднымі, каб наведвальнікі маглі ўбачыць кантраст.

Рэстаўрацыя сабора працягвалася 10 гадоў і стала найбольш істотнай рэканструкцыяй з часоў яго будаўніцтва ў 1194-1225 гг. За мінулыя 800 гадоў унутранае ўбранства цалкам змянілася.
Шартрскі сабор захаваўся да нашых дзён практычна некранутым. Ён пазбег разбурэнняў і рабаванняў, не рэстаўраваўся і не перабудоўваўся. Мэтай рэстаўрацыі было жаданне аднавіць першапачатковы выгляд святыні і інтэр’ер XIII ст.
«Чорная Мадонна»
«Чорнай Мадоннай» у каталіцкім рэлігійным мастацтве і шанаванні абазначаюць карціну ці статую з выявай Панны Марыі з лікам цёмнага адцення. Для такога выканання могуць быць выкарыстаны як чорная фарба, так і розныя віды чорнага дрэва і каменя. Найбольш вядомы прыклад — Чэнстахоўскі абраз Божай Маці.
Раней выказваліся меркаванні, што цёмны колер твару і рук на некаторых сярэднявечных выявах Панны Марыі выкліканы выпадковымі прычынамі — напрыклад, узростам статуй і карцін або вялікім уздзеяннем палаючых свечак.

Аднак у апошні час мастацтвазнаўцы прыходзяць да высновы, што такі колер скуры Панны Марыі быў абраны мастакамі наўмысна; на гэта, у прыватнасці, указвае той факт, што чорны колер пакрывае толькі ўчасткі скуры, але не адзення або прадметы другога плану.
Адкуль з’явіліся «Чорныя Мадонны»?
Найбольш раннія выявы «Чорнай Мадонны» — гэта скульптуры з дрэва (радзей — з камня), створаныя ў раманскі культурны перыяд. Іх з’яўленне ў цалкам вызначаны час ў самых аддаленых паміж сабой кутках Еўропы ў значнай колькасці пакуль не знайшло навуковага тлумачэння.

Адна з гіпотэз кажа пра тое, што «Чорныя Мадонны» з’явіліся ў Еўропе (у прыватнасці, у Францыі) падчас крыжовых паходаў і былі завезены з краін Блізкага Усходу. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі рыцары тампліеры. Усе статуі былі створаны да XIII ст. і валодаюць шэрагам агульных знешніх прыкмет: вышыня каля 70 см, прамы позірк вялікіх вачэй. Рукі і пальцы — празмерна доўгія. На каленях яны трымаюць немаўля, якое глядзіць удалечыню. Твар у немаўляці не дзіцячы, а дарослага мужчыны.
На сёння культ Чорнай Мадонны вельмі распаўсюджаны ў цэнтральнай і паўднёвай Францыі (тут яны найбольш вывучаны), на захадзе і паўднёвым захадзе Германіі, у Іспаніі і Італіі.