Хто будзе віцэ-прэзідэнтам?

Практычна гарантаваўшы сабе перамогу на праймерыз, Хілары Клінтан і Дональд Трамп кінуліся шукаць сваіх кандыдатаў у віцэ-прэзідэнты.

Фота www.independent.co.uk

Фота www.independent.co.uk

 

Хаця, паводле амерыканскай Канстытуцыі, віцэ-прэзідэнт — другая фігура пасля кіраўніка дзяржавы, як правіла, той выконвае сумныя цырыманіяльныя функцыі. Яго асноўная задача — падстрахоўка: у выпадку непрацаздольнасці або смерці кіраўніка Белага дому VC (так часта называць віцэ-прэзідэнтаў у заакіянскіх СМІ) павінен адразу ж заняць пасаду кіраўніка адміністрацыі, каб уся выканаўчая вертыкаль працягвала працу. Праўда, апошнім часам віцэ-прэзідэнтаў сталі таксама падключаць да міжнародных місій. Можна ўзгадаць Джо Байдэна — цяперашняга віцэ-прэзідэнта, які негалосна лічыцца куратарам Украіны.

 

Аднак на этапе выбарчай кампаніі постаць кандыдата ў віцэ-прэзідэнты вельмі важная. Фактычна, гэтая асоба дапамагае штабу кандыдата вырашыць значныя тактычныя задачы — напрыклад, прыцягнуць інтарэс нейкай сацыяльнай групы да кандыдата ў прэзідэнты. Класічным прыкладам тут з’яўляецца выбарчая кампанія Джона Кенэдзі, які «падпісаў» у кандыдаты на пасаду віцэ-прэзідэнта тэхасца Ліндана Джонсана і атрымаў патрэбныя для перамогі галасы Поўдня.

 

Гэты аспект вельмі важны для Дональда Трампа, якому, нягледзячы на фурор сярод прадстаўнікоў правага электарату, трэба шукаць кансенсус з партыйным істэблішментам. Узяўшы ў якасці кандыдата ў віцэ-прэзідэнты аўтарытэтнага рэспубліканца, Трамп можа спадзявацца як мінімум на больш актыўны ўдзел нізавых партструктур у сваёй кампаніі. У сувязі з гэтым адмыслоўцы не выключаюць, што Трамп зробіць выбар на карысць 66-гадовага сенатара Боба Коркера з Тэнесі, якога паважаюць усе аднапартыйцы. Падаецца, такі варыянт вельмі расчаруе Маскву, дзе ставяць на Трампа, які бачыць галоўным стратэгічным апанентам Злучаных Штатаў не Расію, а Кітай. Боб Коркер у пытаннях знешняй палітыкі мае амплуа «ястраба». Хаця звычайна яго цікавяць падзеі на Блізкім Усходзе.

 

Палітычныя букмекеры прымаюць стаўкі і на былога губернатара Нью-Джэрсі Крыса Крысці. Той таксама спрабаваў ісці на праймерыз, аднак хутка праваліўся і зняў сваю кандыдатуру. Тады ж ён адразу зрабіў сенсацыйную заяву ў падтрымку Трампа, якога на той час мала хто ўспрымаў усур’ёз. Трамп, у сваю чаргу, пазней некалькі разоў пазітыўна ўзгадваў Крысці ў сваіх прамовах. У выпадку, калі VC стане Крысці, амерыканская знешняя палітыка будзе больш мяккай. Крысці выступае за пошук дыялогу ў знешніх канфліктах.

 

Не выключана, што Трамп будзе шукаць кандыдата ў віцэ-прэзідэнты сярод палітыкаў у спадніцах. У фінале яго чакае дуэль з Хілары Клінтан, якая, сярод іншага, ахвотна пазіцыянуе сябе як лабіст інтарэсаў жанчын. Намінацыя Трампам ў віцэ-прэзідэнты кабеты дазваляе паслабіць фемінісцкае крэда Клінтан. У прэсе называюцца некалькі прозвішчаў рэспубліканак, якім Трамп можа прапанаваць стаць VC. Найбольш перспектыўная (і найбольш незвычайная) — сенатар са штату Аёва Джоні Эрнст. Да таго, як заняцца палітыкай, яна была прафесійным жаўнерам, і нават брала ўдзел у вайсковых аперацыях у Іраку і Кувейце. Эрнст мае імідж паслядоўнага кансерватара, крытыкуючы, напрыклад, гомасексуальныя шлюбы. З яе прозвішчам звязаны буйны медыясканал, калі яна публічна прызналася, што, будучы ў войску, стала ахвярай сексуальнага гвалту. Кандыдатура Эрнст таксама не ўзрадуе Крэмль. Эрнст лічыць, што так званыя «гуманітарныя інтэрвенцыі» — важны інструмент у арсенале амерыканскай знешняй палітыкі.

 

Нарэшце, Трамп можа здзейсніць кастынг на пасаду кандыдата свайго віцэ-прэзідэнта, сыходзячы з аналізу перспектыў пасля прыходу ў Белы дом. Справа ў тым, што ён абсалютна чужы для дэпутатаў-рэспубліканцаў, без галасоў якіх яму не прасунуць ніводны законапраект. Таму ёсць версія, што ён вось-вось звернецца з прапановай да Н’юта Гінгрыча, былога спікера Палаты прадстаўнікоў. Дарэчы, у знешняй палітыцы Гінгрыч — прыхільнік «жорсткіх рашэнняў» у адносінах з так званымі «краінам-ізгоямі».

 

Хто пераможа ў гэтым конкурсе, пакуль цяжка сказаць. Тым больш, як піша "The Washington Post", той, каму Трамп прапануе пасаду віцэ-прэзідэнта, яшчэ сто разоў падумае, ці прымаць прапанову. Бо Дональд Трамп — вельмі ж супярэчлівая фігура.

 

Што да місіс Клінтан, то тут прынцыпы выбару кандыдата ў віцэ-прэзідэнты быццам бы больш простыя. Паколькі асноўны канкурэнт па праймерыз — Берні Сандэрс — эксплуатуе тэму сацыялкі, дык трэба ўключаць у каманду асобу з рэнамэ абаронцы правоў працоўных. І такі чалавек ёсць. Гэта Том Перэз, які адказваў за міністэрства працы ў часы Біла Клінтана. Ён і зараз вельмі актыўны ў гэтай сферы. Плюс таксама тое, што Том мае мексіканскія карані і можа быць сваім у вачах амерыканцаў лацінаамерыканскага паходжання. Мінус — Перэз абсалютна абыякавы да пытанняў міжнароднай палітыкі.

 

На крытэры пошуку кандыдата ў віцэ-прэзідэнты дэмакратаў могуць паўплываць апошнія вынікі сацыялагічных апытанняў. Паводле іх, Трамп упершыню за час выбарчай гонкі пачаў абыходзіць Клінтан. Калі трэнд замацуецца, значыць, не пазбегнуць жорсткіх электаральных бітваў у так званых «swing states» — штатах, дзе могуць прагаласаваць як за партыю «аслоў», так і за партыю «сланоў». Да такіх штатаў належаць Вірджынія, якую ў сенаце прадстаўляе Цім Кейн, што карыстаецца павагай у тубыльцаў. Тым больш, што Цім, як і Хілары, — аматар жорсткай знешнепалітычнай лініі. Сенатар галасаваў за адпраўку войскаў і ў Афганістан, і ў Ірак.

 

Нарэшце, нельга выключыць і такога сенсацыйнага сцэнару, як з’яўленне на пасадзе кандыдата ў віцэ-прэзідэнты Клінтан сацыяліста Берні Сандэрса. Пра гэта, прынамсі, піша сайт CNN са спасылкай на інсайдэраў у апараце дэмпартыі. Што з гэтага атрымаецца, прадказаць цяжка — у тым ліку з прычыны нестыкоўкі поглядаў Сандэрса і Клінтан на знешнепалітычны курс ЗША. З іншага боку, на цяперашніх выбарах прэзідэнта ЗША ўвогуле нічога прадказаць нельга.