Хто напісаў тры з паловай тысячы даносаў у РФ?

За апошнія два з паловай гады расіяне напісалі як мінімум 3,5 тысячы даносаў на сваіх суграмадзян: за выказванні, пасты, кнігі, сайты. Паводле такіх скаргаў распачыналіся гучныя палітычныя справы 2022—2023 гадоў. Напрыклад, па даносе на восем з паловай гадоў асудзілі апазіцыйнага палітыка Іллю Яшына і на сем гадоў — мастачку Сашу Скочыленку.

danos.jpeg

За час поўнамаштабнай вайны ва Украіне на расіян напісалі як мінімум тры з паловай тысячы даносаў, падлічыла выданне «Важные истории».

Паводле звестак выдання, галоўнай тэмай даносаў былі антываенныя выказванні — 2623 скаргі. Таксама расіяне скардзіліся на «ЛГБТ-прапаганду» (487 выпадкаў), русафобію (250) і наркотыкі (57). На іншыя тэмы прыйшлося яшчэ 140 даносаў.

danosy_3500.jpg

Журналісты высветлілі, што большасць скаргаў напісалі зусім не публічныя даносчыкі, такія, як Кацярына Мізуліна (148 даносаў, уключаючы 54 скаргі на прапаганду наркотыкаў) і Віталь Барадзін (60 даносаў), а ўдзельнікі ананімных тэлеграм-каналаў. Менавіта на іх прыпадае каля 92% усіх скаргаў.

Паводле выдання, «самым прадуктыўным» па колькасці даносаў апынуўся канал «Мракоборец» (5,6 тысячы падпісчыкаў). Удзельнікі гэтага канала напісалі як мінімум 2417 скаргаў (70% ад усіх вывучаных журналістамі даносаў). Штодзённая норма канала — як мінімум тры скаргі на старонкі ва «ВКонтакте» або «Аднакласніках». Падпісчыкі канала «спецыялізуюцца» на антываенных выказваннях, але часам бяруцца і за русафобію і «ЛГБТ-прапаганду», піша выданне.

Глядзіце таксама

Другое і трэцяе месца па колькасці даносаў займалі тэлеграм-каналы «Анти-Толерастическая Организация» (304 даносы) і «Акции прямого действия» (279 даносаў), агульная аўдыторыя якіх складае каля пяці тысяч чалавек. Удзельнікі гэтых каналаў часцей за ўсё скардзяцца на «ЛГБТ-прапаганду» — у 99% і 63% выпадках адпаведна.

danos_1.jpg

Сваіх ахвяр даносчыкі шукаюць у сацсетках і ў каналах «калегаў», часам нешта дасылаюць падпісчыкі, распавёў «Важным гісторыям» адміністратар «Анти-Толерастической Организации». Усе ананімныя тэлеграм-каналы дзейнічаюць па падобнай схеме: яны публікуюць інфармацыю аб ахвярах разам з іх кантактамі і спасылкамі на сацсеткі, а таксама інструкцыі па напісанні даносаў з шаблонамі. Скаргі звычайна просяць пісаць у МУС, пракуратуру, СК і Раскамнагляд.

Часцей за ўсё матэрыял для скаргаў серыйныя даносчыкі знаходзяць ва «ВКонтакте». Пік даносніцтва ў Расіі прыйшоўся на жнівень 2023 года. Журналісты мяркуюць, што ён быў звязаны з прыняццем закона аб забароне «змены полу», які Уладзімір Пуцін падпісаў у канцы ліпеня. Тады даносчыкі напісалі каля чвэрці ад усіх вывучаных журналістамі скаргаў на ЛГБТК-людзей і іх сацсеткі.

danosy.jpg

Для чаго яны гэта робяць?

Антраполаг і даследчыца даносаў Аляксандра Архіпава падзяляе аўтараў скаргаў на тры групы ў залежнасці ад іх матывацыі: яны робяць гэта з-за матэрыяльнай, эмацыйнай або маральнай выгады.

Больш за ўсё даносаў, па словах Архіпавай, звычайныя грамадзяне пішуць дзеля эмацыйнай выгады — калі аўтары скаргаў просяць сілавікоў вырашыць асабісты канфлікт і хочуць нашкодзіць свайму крыўдзіцелю.

Глядзіце таксама

Даносчыкі іншага тыпу перакананыя ў тым, што з дапамогай скаргаў яны адстойваюць правільныя маральныя каштоўнасці.

Удзельнікі ананімных тэлеграм-каналаў пішуць даносы менавіта з-за маральнай выгады, распавялі скаржнікі ў размове з «Важнымі гісторыямі». Яны пішуць даносы з «грамадзянскіх памкненняў» і мяркуюць, што робяць інтэрнэт і Расію больш бяспечнай і «чысцейшай».

«Часцей за ўсё [адпраўляем скаргі] на кантэнт, які падпадае пад парушэнні законаў Расійскай Федэрацыі, на іншы [кантэнт] рычагоў ціску практычна не маем. Займаюся [напісаннем даносаў], таму што гэта прыносіць карысць расійскаму народу і дзяржаве», — кажа адміністратар «Анти-Толерастической Организации».

«Займацца [напісаннем даносаў] я вырашыў у першую чаргу праз тое, што заходняе грамадства павольна, але дакладна падае ў бездань усёй гэтай вакханаліі [ЛГБТ]. Я лічу гэта непрымальным. Я бачыў, як гэтая зараза згубна адбівалася на неакрэплых розумах, пазбаўленых крытычнага мыслення», — распавядае ўдзельнік «Анти-Толерастической Организации».

Глядзіце таксама

У каналах аўтары ствараюць цэлыя кам'юніці з даносчыкаў: называюць адзін аднаго братамі і сябрамі, праводзяць апытанні, прыдумляюць мемы і маюць зносіны з падпісантамі ў асобных каналах.

Серыйныя скаржнікі не любяць, калі іх называюць даносчыкамі. Віталь Барадзін і Кацярына Мізуліна выступалі супраць законапраекта Уладзіслава Даванкова аб адміністрацыйным пакаранні за злоўжыванне правам звяртацца ў дзяржорганы.

Барадзін назваў Даванкова даносчыкам і заявіў, што палітык ні разу не ініцыяваў праверкі тых, «хто аддаў нашу краіну ў самы цяжкі час». Мізуліна сказала, што даносы дапамагаюць звяртаць увагу ўладаў на праблемы расіян і «мабілізуюць дзяржаву». 

«Цяпер мы знаходзімся ў іншай сітуацыі і на іншым гістарычным этапе, калі з нашай краінай ваюе ўвесь блок НАТА. Наша грамадства іншае, яно змянілася. І змянілася да лепшага. І яно не прымае ўсіх тых людзей, якія выступаюць супраць прэзідэнта, нашага войска, нашай краіны і культуры», — напісала кіраўніца «Лігі бяспечнага Інтэрнэту».

Даносчыкі негатыўна адрэагавалі на ідэю ўвядзення пакарання за іх працу, шмат у чым з-за грамадскага асуджэння. «Грамадства звычайна ставіцца да скаржнікаў не вельмі добра. Ужо ў дзіцячым садзе вучаць не "ябедничать", — тлумачыць Ілля Уцехін. — І ў рамках розных субкультур “стукаць” — гэта “западло”. Але тым не менш дзяржава гэтую справу заахвочвае».


Глядзіце таксама

Што справакавала хвалю даносаў у 2023 годзе?

Нягледзячы на тое што законы аб вайсковых «фэйках» і «дыскрэдытацыі» расійскай арміі ўступілі ў сілу ў 2022 годзе, даносчыкі больш актыўна дзейнічалі ў 2023-м. З лютага да снежня 2022-га яны пісалі штомесяц у сярэднім па 100 даносаў, а ў наступным годзе за гэты ж перыяд — у сярэднім па 170 у месяц.

«Колькасць даносаў наўпрост залежыць ад інтэнсіўнасці рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў. Таму што даносы — гэта спроба адгукнуцца на знакі ўладаў», — кажа Ілля Уцехін. Са слоў сацыёлага, улады навязваюць грамадзянам вобраз ворага, за якім неабходна «паляваць».

Пры гэтым Уцяхін дадае, што даносы — гэта заўсёды асабісты выбар. «Гэта ўключэнне грамадзян у ажыццяўленне рэпрэсій», — распавядае сацыёлаг.

Больш за ўсё скаргаў серыйныя даносчыкі адправілі ў жніўні 2023 года. Пік даносаў летам, хутчэй за ўсё, звязаны з прыняццем закона аб забароне змены полу ў Расіі. Адразу пасля гэтага даносчыкі напісалі каля чвэрці ад усіх скаргаў на ЛГБТ-людзей і іх сацсеткі. Другі пік даносаў па гэтай жа тэме здарыўся ў снежні, пасля прызнання ЛГБТ  экстрэмісцкай арганізацыяй» і падпісання закона аб забароне «ЛГБТ-прапаганды».

 Паводле istories.mediameduza.io