Імпічмент прэзідэнту не атрымаўся: кіруючая партыя Грузіі не сабрала галасы супраць Зурабішвілі

Парламент Грузіі не змог адхіліць ад пасады прэзідэнта Саламэ Зурабішвілі. За імпічмент прагаласавалі 86 дэпутатаў, супраць — адзін. Для адхілення прэзідэнта Грузіі ад пасады патрабавалася 100 галасоў.

salame_zurabiszvili.avif

Парламент Грузіі не змог абвясціць імпічмент прэзідэнту Саламэ Зурабішвілі. Для гэтага неабходна, каб ЗА прагаласавала 100 са 150 дэпутатаў. На пасяджэнні 18 кастрычніка за імпічмент выказаліся 86 дэпутатаў, адзін прагаласаваў супраць. Іншыя дэпутаты не ўдзельнічалі ў галасаванні.

Працэдуру ініцыявала кіруючая партыя «Грузінская мара», якая мае 84 месцы ў парламенце.

Да пачатку галасавання перад дэпутатамі выступіў лідар парламенцкай фракцыі «Грузінская мара» Іраклій Кабахідзэ, які прывёў аргументы на карысць імпічменту. Затым слова ўзяла сама Зурабішвілі, якая пасля выступлення адмовілася адказваць на пытанні дэпутатаў.

«Я нікуды не пайду.  Я не сыду ў адстаўку», — заявіла Саламэ Зурабішвілі.

Парламент Грузіі ўпершыню ў сваёй гісторыі паспрабаваў абвясціць прэзідэнту імпічмент. Працэдура пачалася пасля таго, як яе дазволіў Канстытуцыйны суд, які палічыў, што Зурабішвілі парушыла артыкул 52 Канстытуцыі Грузіі, калі выязджала за мяжу і сустракалася з афіцыйнымі асобамі без згоды ўрада.

Саламэ Зурабішвілі займае пасаду прэзідэнта Грузіі з 16 снежня 2018 года. Яна неаднаразова публічна крытыкавала рашэнні ўрада.

Паўнамоцтвы прэзідэнта ў Грузіі, якая з'яўляецца парламенцкай рэспублікай, абмежаваныя.

Глядзіце таксама

«Грузінская мара» парушыла Канстытуцыю, калі зладзіла імпічмент прэзідэнту?

Сёння, 18 кастрычніка, перад галасаваннем наконт імпічменту, еўрапарламентарыі заявілі, што Канстытуцыю краіны парушыла сама кіруючая партыя «Грузінская мара», калі пачала працэдуру імпічменту прэзідэнту.

Еўрапарламентарыі звярнуліся да дэпутатаў парламента Грузіі з заклікам адмовіцца ад падтрымкі імпічменту прэзідэнту. Адпаведны сумесны ліст у парламент Грузіі накіравалі Ганна Фатыга, Раса Юкнявічэне, Андрус Кубілюс і Мірыям Лексман.

«Адзначым, што прэзідэнт Грузіі, згодна з Канстытуцыяй, мае права прадстаўляць сваю краіну ў знешніх адносінах. Прэзідэнт, як кіраўнік дзяржавы, прадстаўляе волю большасці грамадзян Грузіі ў імкненні мабілізаваць падтрымку еўрапейскага шляху Грузіі. Без якога-небудзь выразнага і рацыянальнага абгрунтавання ўрад Грузіі вырашыў з пачатку гэтага года не даваць афіцыйнай згоды на візіты прэзідэнта ў 10 розных сталіц і міжнародныя інстытуты, уключаючы Еўрапейскі парламент», — сказана ў заяве.


Глядзіце таксама

Дзеянні ўрада, які адмовіўся ўхваліць замежныя паездкі прэзідэнта, еўрапарламентарыі расцэньваюць як спробу перашкодзіць Зурабішвілі «выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі – прадстаўляць краіну і волю грузінскага народа».

«Такія паводзіны ўрада з'яўляюцца відавочнай узурпацыяй канстытуцыйных паўнамоцтваў прэзідэнта з грубым парушэннем Канстытуцыі — «прынцыпу падзелу дзяржаўнай улады». Урад Грузіі і партыя «Грузінская мара» відавочна парушылі Канстытуцыю Грузіі і еўрапейскія прынцыпы канстытуцыйнай дэмакратыі, без разумнага абгрунтавання, перашкодзіўшы прэзідэнту Грузіі выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі», — гаворыцца ў заяве.

Паводле  www.radiosvoboda.org, «Эхо Кавказа»