Ірландскае пытанне

Адна з галоўных задач Тэрэзы Мэй, новага брытанскага прэм’ера — не дапусціць «балканізацыі» Вялікабрытаніі. Менавіта ёй давядзецца ламаць галаву над тым, як утрымаць пад брытанскай каронай Паўночную Ірландыю.

tereza_mej.jpg

Другі артыкул Канстытуцыі Ірландскай Рэспублікі адназначна сцвярджае, што ў склад ірландскай дзяржавы «ўваходзіць тэрыторыя, якая складаецца з усяго вострава Ірландыя, прылеглых да яго астравоў і тэрытарыяльнага мора». Трэцяя частка кажа пра немінучае «нацыянальнае ўз’яднанне», маючы на ўвазе, што пяць паўночных правінцый выспы прыкладна сто год таму былі штучна адарваныя Лонданам ад Ірландыі і абвешчаныя правінцыяй Вялікабрытаніі.

Нягледзячы на тое значэнне, якое Асноўны закон надае праблеме рэінтэграцыі, агучаныя параграфы даўно не ўспрымаюцца як нешта мабілізацыйнае, накшталт устаноўкі на вайну з Лонданам. Хутчэй гэта своеасаблівая даніна мінуламу, калі анексія часткі Ірландыі ўспрымалася ірландцамі як нацыянальная траўма.

Аднак паступова, асабліва дзякуючы мірнай дамове 1998 года паміж каталікамі і пратэстантамі, тэма вяртання Ольстэру страціла мінулую актуальнасць. Хіба толькі партыя левых нацыяналістаў Sinn Féin марыла пра адзіную Ірландыю. Аднак нават яны бачылі ірландскае адзінства як справу нават не заўтрашняга дня. Напрыклад, мусіравалася ідэя правесці рэферэндум пра аб’яднанне пасля таго, як колькасна ірландцаў-каталікоў у правінцыі стане больш за пратэстантаў.

І раптам гэтай вясной тэма рэінтэграцыі Ірландыі зноў вярнулася ў палітычныя дэбаты — нечакана для ўсіх. Чыннікам тут быў сумнавядомы плебісцыт наконт выхаду Вялікабрытаніі з ЕС. Падчас яго падрыхтоўкі ўзнікла пытанне: ці могуць суб’екты Аб’яднанага каралеўства, жыхары якіх выступілі супраць Brexit, застацца ў Еўропе? У дачыненні да Паўночнай Ірландыі гэта мог быць уваход у склад Ірландыі, якая, як вядома, таксама ў ЕС.

Яшчэ не паспелі агучыць вынікі галасавання (паводле іх 54 працэнта паўночных ірландцаў абралі Еўропу), як праблема перайшла ў прыкладную сферу. Ужо 28 чэрвеня група лідараў Sinn Féin, якая, дарэчы, уваходзіць у рэгіянальны ўрад, настаяла на сустрэчы з прэм’ерам Паўночнай Ірландыі і запатрабавала сфармуляваць новую стратэгію адносін Белфасту з Лонданам.

Па словах аднаго з перамоўшчыкаў, стратэгія павінна заключацца ў наступным: «Мы павінны разам працаваць над тым, каб паважаць дэмакратычна выказаную волю нашага народа застацца ў ЕС праз дыялог з Ірландыяй». Пачаць запаветнае ўз’яднанне прапануецца праз рашэнне ірландскага ўраду надаць усім этнічным ірландцам на тэрыторыі востраву правы грамадзян.


st_20160517_brexit17_2295521.jpg


Цікава, што «аранжысцкія» пратэстанцкія партыі, якія, падавалася, павінны ў любым выпадку падтрымліваць Лондан, асцярожна каментуюць сітуацыю, і нават кажуць «пра новыя рэаліі». Гэта тлумачаць тым, што субсідыі ЕС вельмі важныя для мясцовай сельскай гаспадаркі. Можа кепска адбіцца на эканамічным стане простых пратэстантаў і з’яўленне мытні на ірландскай мяжы.

Аднак у выпадку непасрэднай інтэграцыі краю эксперты прагназуюць рост напружанасці паміж грамадамі. 78 працэнтаў пратэстантаў галасавалі за Brexit, вельмі часта матываваныя прымітыўным жаданнем — зрабіць нешта такое, што не падабаецца каталікам. Дарэчы, сярод пратэстантаў папулярная версія, што адзіная Еўропа — гэта дыктат Германіі. А Паўночная Ірландыя ў часы Другой сусветнай была ледзь не нервам брытанскага ВПК, важнай базай вайсковага флоту. Таму Brexit успрымаецца тут як своеасаблівы працяг вайны з фрыцамі, якую вялі дзяды і прадзеды.

Пакуль ірландцы — патрыёты Белфасту чакаюць запуску працэдуры гістарычнага аб’яднання, у Дубліне трэцюю частку ірландскай Канстытуцыі сабатуюць. Мяркуючы па словах дырэктара ірландскага МЗС, мясцовы ўрад больш непакоіць пакуль не зразумелы будучы памежны рэжым. Таксама ірландцы баяцца, што землятрус на лонданскай біржы адаб’ецца і на ірландскіх эканамічных індэксах.

Нарэшце, трэба сказаць, што не ўсе ірландцы, як не дзіўна, жадаюць адзінства з суайчыннікамі. Напрыклад, жорстка супраць гэтага выступаюць фемінісцкія цэнтры. Паколькі Ірландыя — вельмі каталіцкая краіна, і аборты тут забароненыя, ірландкі вырашаюць праблему за кошт візітаў у адпаведныя ўстановы больш ліберальнай Паўночнай Ірландыі.

Дзіўнаватая, дарэчы, у гэтым пытанні пазіцыя Брусэлю. Ён ужо даў зразумець, што паважае жаданне застацца рэзідэнтамі Еўрасаюзу тых жа шатландцаў. А вось наконт перспектыў ірландскага адзінства рыторыка больш асцярожная. Нямецкі канцлер Ангела Меркель паабяцала толькі тое, што «голас Паўночнай Ірландыі будзе пачуты».

Пра магчымую развязку рэбусу ірландскай інтэграцыі «Новаму Часу» распавёў адзін з былых лідараў ірландскай партыі Зялёных Робі Вільман:

Думаю, сітуацыя захаваецца падвешанай, пакуль не будуць вядомыя пазіцыі бакоў на перамовах адносна новага фармату адносінаў паміж Лонданам і Брусэлем. Найперш важнае пытанне мяжы. Аднаўленне сапраўднай мяжы з мытняй і візамі, на думку ірландскіх патрыётаў, стане пачаткам ізаляцыі паўночных ірландцаў ад ірландскага дому. Аднак нават калі будуць непаразуменні, эскалацыі сітуацыі я не чакаю. Сумная статыстыка — каля трох з паловай тысяч забітых простых грамадзян за 30 гадоў каталіцка-пратэстанцкага супрацьстаяння ў мінулым стагоддзі, — яшчэ доўга будзе стрымліваць палітыкаў ад радыкальных крокаў.