Ізраіль заявіў, што знайшоў базу ХАМАС пад будынкам ААН у Газе
Армія абароны Ізраіля ўпэўненая: супрацоўнікі UNRWA (Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім уцекачам і арганізацыі работ) ведалі, што ХАМАС «капае пад імі велізарны тунэль», піша «Нямецкая хваля».
Армія абароны
Ізраіля (ЦАХАЛ) выявіла тунэль і штаб тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС пад
галоўным будынкам Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім
уцекачам і арганізацыі работ (UNRWA) у сектары Газа.
Паводле дадзеных ЦАХАЛ, пад зямлёй размясціўся абсталяваны выбухаабароненымі дзвярыма тунэль даўжынёй у 700 метраў і глыбінёй у 18 метраў, які вядзе да цэнтра апрацоўкі даных.
Электрычная інфраструктура падземнай базы была злучана са штаб-кватэрай Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім уцекачам і арганізацыі работ (UNRWA). Гэта, як лічаць ізраільскія вайскоўцы, можа паказваць на тое, што арганізацыя забяспечвала тунэлі электрычнасцю: «Няма ніякіх сумневаў у тым, што супрацоўнікі (UNRWA) ведалі, што ХАМАС капае пад імі велізарны тунэль. UNRWA забяспечвае прыкрыццё для ХАМАС, UNRWA дакладна ведае, што адбываецца пад зямлёй, і UNRWA выкарыстоўвае свой бюджэт для фінансавання некаторых ваенных магчымасцяў ХАМАС, гэта дакладна», — заявіў палкоўнік Арміі абароны Ізраіля Бені Аарон.
Пазней салдаты ЦАХАЛ правялі «мэтанакіраваны рэйд» па цэнтральным штабу UNRWA. «У памяшканнях будынка была выяўленая вялікая колькасць зброі, у тым ліку вінтоўкі, боепрыпасы, гранаты і выбухоўка», — сцвярджаюць ізраільцяне.
Яны дадалі, што даныя выведкі і дакументы, выяўленыя ў офісах, пацвердзілі іх выкарыстанне тэрарыстамі ХАМАС.
Дачыненне Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім уцекачам і арганізацыі работ (UNRWA) да тэракту 7 кастрычніка
У студзені ізраільскія ўлады перадалі кіраўніцтву ААН інфармацыю аб удзеле 12 супрацоўнікаў Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім уцекачам і арганізацыі работ (UNRWA) у нападзе ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.
Пазней яе пацвердзіў генеральны сакратар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш. Агенцтва скасавала кантракты з датычнымі да тэракту супрацоўнікамі і паабяцала правесці расследаванне.
У выніку ўлады ЗША, Канады, Аўстраліі, Японіі, Германіі і шэрагу іншых краін ЕС прынялі рашэнне прыпыніць фінансаванне Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім уцекачам і арганізацыі работ (UNRWA).
Гутэрыш пазней заклікаў краіны-донары аднавіць фінансаванне UNRWA. З аналагічным заклікам у панядзелак, 5 лютага, выступіў кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль. Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нетаньяху запатрабаваў наогул скасаваць палесцінскае агенцтва ААН.
Напад ХАМАС на Ізраіль
Нагадаем, эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе пачалася пасля таго, як 7 кастрычніка 2023 года радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС, прызнаны ў Еўрасаюзе і ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй, здзейсніў маштабную атаку на Ізраіль. Тэрарысты нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Ізраілю і, уварваўшыся на яго тэрыторыю, зладзілі самую масавую расправу над мірным насельніцтвам у гісторыі сучаснай ізраільскай дзяржавы. Яе ахвярамі сталі 1400 чалавек.
Баевікі таксама захапілі больш за 200 закладнікаў і вывезлі іх у сектар Газа.
Ізраіль у адказ абвясціў вайну ХАМАС. Армія краіны наносіць масіраваныя ўдары па гэтым густанаселеным палесцінскім рэгіёне, які знаходзіцца пад уладай ХАМАС, а таксама праводзіць наземную ваенную аперацыю. Па паведамленнях падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя, у сектары Газа ўжо загінулі каля 28 000 чалавек. Пацвердзіць гэтыя дадзеныя па незалежных крыніцах не ўяўляецца магчымым.