Як беларускія кампаніі становяцца найбуйнейшымі ІТ-працадаўцамі ва Украіне
Wargaming выбыла з топ-50 найбуйнейшых ІТ-працадаўцаў Украіны, а EPAM умацавала свае пазіцыі на рынку працы гэтай краіны.
Вынікі развіцця галіны ў другой палове і за ўвесь 2019 год падвяло спецыялізаванае ўкраінскае выданне DOU.UA.
Паводле даных DOU.UA, колькасць супрацоўнікаў украінскіх офісаў EPAM Systems за другое паўгоддзе мінулага года павялічылася на 800 чалавек і склала 8 300 супрацоўнікаў. Яны працуюць сёння ў пяці гарадах — у Дняпры, Кіеве, Львове, Харкаве і Вінніцы. У першым паўгоддзі штат кампаніі пашырыўся на 900 чалавек, то-бок, за ўвесь год кампанія EPAM Systems прырасла на мясцовым рынку працы на 1 700 чалавек.
Кампанія з беларускімі каранямі стала першым удзельнікам украінскага ІТ-рынка, якія пераадолелі мяжу ў 8 000 супрацоўнікаў. У першую пяцёрку найбуйнейшых працадаўцаў па выніках 2019 года ўвайшлі таксама распрацоўшчыкі SoftServe (7 445 чалавек), GlobalLogic (4 600), Luxoft (3 675) і Ciklum (2 917).
Як піша DOU.UA, у EPAM такую актыўнасць па пашырэнню штата тлумачаць пастаянным павелічэннем долі складаных end-to-end праектаў і пашырэннем супрацоўніцтва з ужо існуючымі партнёрамі. У той жа час кампанія працягвае развіваць і кірунак навучання EPAM University Program — гэта супрацоўніцтва з ВНУ, адкрыццё лабараторый, стварэнне спецыяльных адукацыйных праграм.
У топ-50 найбуйнейшых працадаўцаў ва ўкраінскай ІТ-індустрыі ўвайшла яшчэ адна кампанія, заснаваная беларусам. Гэта — Intetics, у трох офісах якой (у Кіеве, Харкаве і Львове) працуе 465 чалавек. Кампанія Барыса Канцавога заняла ў рэйтынгу 49-ы радок, страціўшы за год 47 супрацоўнікаў.
Адзін з лідараў сусветнай геймдэв-індустрыі Wargaming, які мае студыю ў Кіеве, наогул на гэты раз не трапіў у топ-50. Па выніках першага паўгоддзя 2019 года ва Украіне ў Віктара Кіслага працавала 410 чалавек, і мясцовае падраздзяленне займала 50-ы радок.
У цэлым прырост штатаў ва ўкраінскіх ІТ-кампаніях за 2019 год склаў 15%, хоць у другім паўгоддзі дынаміка запаволілася. У топ-50 колькасць спецыялістаў павялічылася за год на 8 671 чалавек.
Даследнікі з DOU.UA адзначаюць высокую канцэнтрацыю кадраў у лідарах галіны — на пяць кампаній прыпадае 26 937 супрацоўнікаў, якія складаюць 40% ад усяго ліку «айцішнiкаў», якія працуюць у топ-50.
Паводле zautra.by