Расія спрашчае для ўкраінцаў і беларусаў атрыманне статусу носьбіта рускай мовы

Расійская Дзярждума ў сераду на пасяджэнні прыняла ў другім — асноўным — чытанні законапраект аб магчымасці адмены сумоўя для грамадзян Украіны і Беларусі пры атрыманні імі статусу носьбіта рускай мовы.

gosduma.jpg

Паводле дзейнага заканадаўства, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць быць прызнаныя носьбітамі рускай мовы па выніках сумоўя, праведзенага з імі профільнай камісіяй. Такі статус дае магчымасць яго ўладальніку атрымаць расійскае грамадзянства ў спрошчаным парадку.
Згодна з законапраектам, грамадзяне Беларусі і Украіны, якія свабодна валодаюць рускай мовай, пры падачы асабістай заявы аб прызнанні іх носьбітамі рускай мовы і пры наяўнасці падстаў могуць быць прызнаныя камісіяй носьбітамі рускай мовы без праходжання сумоўя. Пад падставамі маецца на ўвазе тое, што самі заяўнікі або іх прамыя сваякі пастаянна пражываюць або раней пастаянна пражывалі на тэрыторыі РФ альбо на тэрыторыі, якая адносілася да Расійскай імперыі ці СССР, у межах дзяржаўнай мяжы РФ.
Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін раней заявіў, што законапраектам аднаўляецца справядлівасць у адносінах да людзей, з якімі ў грамадзян РФ «агульныя культура, мова і гісторыя». Ён адзначыў, што законапраект дазволіць суайчыннікам з Украіны і Беларусі пазбегнуць бюракратычнай працэдуры сумоўя на свабоднае валоданне рускай мовай, каб атрымаць расійскае грамадзянства. Прыняцце закона спросціць гэтую працэдуру для амаль 172 тысяч грамадзян Украіны і 32 тысяч грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расіі і ўжо маюць від на жыхарства, удакладніў старшыня Дзярждумы.
tass.ru