Масква адмовілася знізіць працэнтную стаўку па крэдыту на БелАЭС
Намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Старчак заявіў, што прапановы Менску наконт змены ўмоваў крэдыту на БелАЭС не могуць быць прынятыя. Пра гэта піша Белсат са спасылкай на РБК.
«Беларускія калегі настойліва просяць нас перагледзець умовы дзейнага пагаднення. Кансультацыі такія ідуць у працоўным парадку, нічога асаблівага не адбываецца», – сказаў Старчак.
«Адначасова падоўжыць перыяд выкарыстання сродкаў крэдыту і паменшыць працэнтную стаўку не адпавядае фінансавай тэорыі, таму трэба шукаць кампрамісы ў іншай плоскасці», – падкрэсліў намеснік міністра фінансаў Расеі.
9 лютага першы віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Дзмітрый Круты паведаміў, што Менск просіць адкласці час пачатку выплатаў па крэдыту. «Плюс мы просім, каб не несці дадатковыя нагрузкі, рассунуць тэрмін гэтага крэдыту і некалькі знізіць працэнтную стаўку, прывёўшы яе ў адпаведнасць прыкладна з тымі кантрактамі, якія існуюць у «Росатама» у іншых краінах», – сказаў Круты.
Па ўмове крэдытнага пагаднення з Расеяй Беларусь павінна пачаць пагашаць крэдыт не пазней за 1 красавіка 2021 года. На 1 студзеня 2019 года Беларусь выкарыстала $ 3,4 млрд з крэдытнай лініі ад Расеі на $ 10 млрд.