Як Еўропа эканоміць у адсутнасць расійскага газу

Санкцыі ЕС супраць Расіі пасля яе нападу на Украіну ўзмацняюцца, Расія ж у адказ спрабуе шантажаваць Еўропу газам. Агенцтва «Associated Press» расказвае, на чым даводзіцца эканоміць еўрапейцам, пакуль іх эканоміка адаптуецца да новых умоў.

img_7649_1_logo.jpg


Нібы гарадскія партызаны, далёка за поўнач па цёмных вуліцах Парыжа актывісты па барацьбе з адходамі выключаюць святло.
Адзін за адным згасаюць ліхтары, якія крамы пакінулі уключанымі. Гэта адзін маленькі, але сімвалічны крок у гіганцкім скоку ў энергазберажэнні, які спрабуе зрабіць Еўропа, імкнучыся адмовіцца ад прыроднага газу і нафты з Расіі, каб заводы не былі вымушаныя закрывацца, а дамы заставаліся ацепленымі і забеспечанымі электраэнергіяй.
Інжынер Кевін Ха разам са сваімі сябрамі выступаў супраць неэкалагічнага бізнесу ў Парыжы задоўга да таго, як Расія пачала скарачаць пастаўкі энерганосьбітаў у Еўропу пасля ўварвання Крамля ва Украіну.
«Кожны можа аказаць станоўчы ўплыў на сваім уласным узроўні, ужываючы перадавы вопыт, робячы правільныя рэчы, каб зменшыць агульнае энергаспажыванне», — гаворыць 30-гадовы Ха.
Стаўкі высокія. Калі Расія спыніць пастаўкі газу, якія яна ўжо рэзка скараціла, Еўропа рызыкуе стаць больш халодным і цёмным месцам гэтай зімой. Чыноўнікі кажуць, што цяпер вельмі важна эканоміць газ, каб яго можна было выкарыстоўваць для будучага спальвання ў дамах, на заводах і электрастанцыях.
«Еўропа павінна быць гатовай, — заявіла прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляйен. — Каб перажыць зіму, калі адбудзецца поўнае спыненне паставак расійскага газу, нам трэба эканоміць газ, каб хутчэй запоўніць нашы газавыя сховішчы. А для гэтага мы павінны скараціць спажыванне газу. Я ведаю, што гэта складана для ўсяго Еўрапейскага Саюза, але гэта неабходна, каб абараніць нас».
«Калі пастаўкі газу будуць скарочаныя да канца года, гэта будзе азначаць, што ў нас будзе цэлы год без расійскага газу, так што наступная зіма можа быць яшчэ цяжэйшай», — сказала міністарка энэргетыкі Францыі Аньес Панье-Рунашэр французскім сенатарам.
Адсюль і растуць заклікі да еўрапейцаў прымаць душ карацей, выключаць электрычныя разеткі і рабіць усё астатняе, што яны могуць.
Германія атрымлівала каля траціны свайго газу з Расіі, што рабіла найбуйнейшую эканоміку і самую густанаселеную краіну ЕС заўважна ўразлівай. Энергазберажэнне ідзе поўным ходам: выключаецца святло, грамадскія басейны становяцца больш халоднымі, а тэрмастаты рэгулююцца.
Шкляны купал Рэйхстага, будынка парламента ў Берліне, цямнеюць пасля таго, як ён зачыніцца для наведвальнікаў апоўначы, а два фасады больш не асвятляюцца. Гэтай зімой тэмпература ў офісах заканадаўцаў ўпадзе на 2 градусы — да 20 градусаў па Цэльсіі. Берлінская ратуша, Яўрэйскі музей, два оперныя тэатры і знакамітая калона Перамогі з панарамным відам уваходзяць у лік прыкладна 200 аб'ектаў у сталіцы Германіі, якія больш не будуць асвятляцца ноччу.
У муніцыпальных басейнах Мюнхена зачыняюцца саўны, вада ў якіх зараз таксама больш халодная. У грамадскіх басейнах Гановера будзе толькі халодны душ, што з'яўляецца часткай плана горада па скарачэнні спажывання энергіі на 15%.
«Сума ўсіх унёскаў дапаможа нам перажыць гэтую зіму і падрыхтавацца да наступнай», — сказаў Роберт Хабек, віцэ-канцлер і міністр эканомікі Германіі. Ён таксама паведаміў навінаваму штотыднёвіку «Der Spiegel», што скараціў час, які ён праводзіць у душы.
«Гэта будзе складаная, камяністая дарога, але мы справімся з ёю», — сказаў ён.
У рамках кампаніі пад назвай «Пстрыкні выключальнікам» урад Нідэрландаў заклікае прымаць душ не больш за пяць хвілін, выкарыстоўваць сонцаахоўныя брылі і вентылятары замест кандыцыянераў, а таксама сушыць бялізну на паветры.
Згодна з законам, прынятым у панядзелак у Іспаніі, офісам, крамам і гасцінічным установам больш не будзе дазволена ўсталёўваць тэрмастаты ніжэй за 27 градусаў па Цэльсіі летам і падымаць іх вышэй за 19 градусаў па Цэльсіі зімой.
Прэм'ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс папрасіў офісных работнікаў адмовіцца ад гальштукаў — каб зменшыць спакусу карыстацца кандыцыянерам. Ён падаў прыклад, з'явіўшыся на прэс-канферэнцыі ў кашулі з адкрытым каўнерам.
Італьянскі ўрад таксама рэкамендуе абмежаваць ацяпленне і астуджэнне ў грамадскіх будынках.
У Францыі ўрад мае намер скараціць спажыванне энергіі на 10% да 2024 года ў рамках праграмы «энергетычнай цвярозасці». Мэры таксама вядуць сваю ўласную вайну, уводзячы штрафы за крамы з кандыцыянерамі або ацяпленнем, і тымі, што пакідаюць ўваходныя дзверы адчыненымі; іншыя працуюць над тым, каб зменшыць боль ад рэзкага росту цэн на энерганосьбіты.
8000 жыхароў Аўрэілана, размешчанага ў перадгор'ях Пірэнеяў на паўднёвым захадзе Францыі, з 11 ліпеня прывыкаюць да начэй без вулічнага асвятлення. Усе 1770 ліхтароў гасяць з 11-й вечара да 6-й раніцы, што дазволіць зэканоміць грошы, якія мэр Янік Бубе лічыць за лепшае выдаткаваць на дарогі і іншыя рамонтныя работы. У адваротным выпадку, паводле яго слоў, горад зноў чакае рахунак за асвятленне ў памеры 84 000 еўра (86 000 долараў).
«Калі такая справа, няма аніякіх прычын трымаць святло уключаным ноччу», — сказаў ён у каментары «AP».
Наступным крокам будзе пераканаць гараджан пагадзіцца на менш ацепленыя класы, калі зноў запрацуюць школы.
«Мы збіраемся папрасіць бацькоў надзець швэдар на сваіх дзяцей — мера, якая нічога не каштуе, — сказаў ён. — На жаль, у нас няма выбару».