Як вы мову назавяце…

Для ўступлення ў NАТО і ЕС македонцам давялося перайменаваць краіну. Аднак гэтага аказалася мала — цяпер прапануюць перайменаваць і мову.

Сумесная прэс-канферэнцыя з Генеральным сакратаром NАТО Енсам Столтэнбергам і прэм'ер-міністрам Паўночнай Македоніі Зоранам Заевым. Фота www.news.tut.by

Сумесная прэс-канферэнцыя з Генеральным сакратаром NАТО Енсам Столтэнбергам і прэм'ер-міністрам Паўночнай Македоніі Зоранам Заевым. Фота www.news.tut.by

Натуральна, усе памятаюць нядаўнюю спрэчку паміж Афінамі і Скоп’е наконт таго, як павінна называцца былая югаслаўская рэспубліка Македонія. Пратэстуючы супраць спробаў паўночных суседзяў прыватызаваць міф пра Аляксандра Македонскага, грэкі амаль 30 гадоў тармазілі ўсе спробы Скоп’е на шляху ў NАТО і ЕС. Кампраміс быў дасягнуты толькі ў мінулым годзе, калі македонцы пагадзіліся называць свой край «Паўночнай Македоніяй».

Пасля краіну ледзь не адразу, у сакавіку гэтага года, запісалі ў Паўночна-Атлантычны альянс. А вось далучыцца да ЕС на такой рэактыўнай хуткасці ў Паўночнай Македоніі дакладна не атрымаецца. Як толькі Брусель пагадзіўся пачаць кансультацыі наконт перспектываў уступлення краіны ў саюз, з’явілася новая сур’ёзная перашкода. Суседняя Балгарыя прыстрашыла заблакаваць перамовы ў выпадку невыканання Скоп’е шэрагу сваіх патрабаванняў.

Пакет патрабаванняў утрымлівае шмат цікавых пунктаў. Напрыклад, у Сафіі заклікаюць Скоп’е прызнаць, што ў Балгарыі няма македонскай этнічнай меншасці. Але самы арыгінальны пункт тычыцца моўнага пытання. Балгарскі ўрад вымагае паўночных македонцаў называць сваю мову «балгарскай». Паводле словаў дырэктара балгарскага МЗС Кацярыны Захарыевай, «македонская мова — заходнебалгарскі дыялект з дамешкам сербскай».

Увогуле, тэорыя пра тое, што македонцы — гэта балгары, папулярная ў Балгарыі. Лічыцца, што «не балгарамі» македонцаў зрабілі ўлады сацыялістычнай Югаславіі для дасягнення дзвюх стратэгічных мэтаў. Па-першае, трэба было неяк легітымізаваць тэрытарыяльныя апетыты на поўначы Грэцыі, асабліва адносна партовага горада Салонікі. Па-другое, балгарская ідэнтычнасць мясцовых жыхароў не выключала сцэнару паўстання руху за выхад з Югаславіі і аб’яднання з Балгарыяй. У рамках стварэння нацыі македонцаў на базе дыялекту балгарскай быў створаны і такі атрыбут, як македонская мова.

Версія не паўстала на голым месцы. У гэтым балканскім рэгіёне гістарычна дзейнічалі балгарскія палітычныя рухі. Аднак так ці інакш, толькі 3 працэнты насельніцтва Паўночнай Македоніі (паводле апошняга перапісу) адносяць сябе да балгар. Зрэшты, у часы Ціта такіх увогуле практычна не было.

Старыя комплексы Сафіі, магчыма, зноў пачалі выяўляцца праз нядаўні інцыдэнт у сумеснай балгарска-македонскай камісіі па гістарычных і адукацыйных пытаннях. Яе дзейнасць была прыпыненая македонскім бокам у снежні 2019 года. Усё з-за розных падыходаў наконт мясцовага народнага героя Гоца Дэльчава, які змагаўся супраць Асманскай імперыі. Для македонцаў Гоца Дэльчаў быў македонцам, а для балгараў — адназначна балгарынам. У выніку Сафія, выставіўшы ўмовы Скоп’е наконт мовы, адпомсціла македонскаму боку.

У любым выпадку, кіруючы ў Паўночнай Македоніі ўрад сацыял-дэмакратаў не пагадзіўся на выкананне такіх умоваў. Нават дабіцца згоды на новую назву краіны ўдалося з вялікімі цяжкасцямі. Каб супакоіць аматараў назвы «Македонія», у тэксце дамовы з Грэцыяй ім асобным параграфам гарантавалі захаванне «македонскай ідэнтычнасці і мовы». Таму тон рэакцыі Скоп’е быў прадказальны.

5 траўня міністр замежных спраў Македоніі Нікола Дзімітраў заявіў пра «немагчымасць наладзіць сяброўства, калі хтосьці аспрэчвае асобу суседа». Акрамя таго, палітык нагадаў, што існаванне македонскай мовы афіцыйна прызнанае Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. «Мы не можам весці перамовы на гэты конт», — рэзюмаваў Дзімітраў.

У прынцыпе, сітуацыйным выйсцем можа быць аднаўленне дзейнасці працы згаданай вышэй камісіі. «Калі камісія па змяшанай гісторыі да чэрвеня не пачне працаваць, а ўлады Скоп’е працягнуць фальсіфікаваць гісторыю, Балгарыя накладзе вета на пачатак перамоваў ЕС з краінай», — пагражае Андрэй Ковачаў, які прадстаўляе ў Еўрапарламенце кіруючую ў Балгарыі партыю ГЕРБ.

Між тым, у Скоп’е спадзяюцца на Брусель, дзе наўрад ці зразумеюць забабоны балгар. Тым больш, што іх патрабаванні выклікалі сярод македонцаў еўрафобскія настроі. «Калі коштам уступлення ў ЕС будзе адмова ад нашай мовы, Еўрасаюз нам не патрэбны», — кажа адзін з мясцовых палітыкаў. З улікам таго, што Балгарыя раней прагаласавала за пачатак перамоваў з Паўночнай Македоніяй, юрыдычна пераглядзець сваю пазіцыю яна ўжо не ў стане. Таму можна прагназаваць, што балгары ў выніку ўстрымаюцца ад ідэі ветаваць перамовы ЕС і Паўночнай Македоніі.

Іншае пытанне, чаго тыя перамовы будуць вартыя з улікам актуальных падзей? Яшчэ да старту пандэміі хапала скептычных каментараў наконт пражэкту пашырэння ЕС на тых жа Балканах. Цяпер жа абвешчаны раней графік уключэння ў Еўрасаюз Сербіі да 2025-га ўвогуле выглядае валюнтарызмам. Што ўжо казаць пра шанцы Паўночнай Македоніі і Албаніі, якую ЕС таксама паклікаў на перамовы наконт далучэння.

Асабліва шмат праблем, напэўна, будзе з Албаніяй, за якой замацаваўся вобраз крымінальнай краіны. Аргументуючы запрашэнне Албаніі да перамоваў, афіцыйны Брусель пафасна заявіў пра эпахальныя антыкарупцыйныя рэформы ў краіне і дасягнутыя высокія стандарты дэмакратыі. Нідэрландскае выданне De Telegraaf адрэагавала на гэта злым артыкулам з кідкім загалоўкам: «Хопіць нам хлусіць!».