«МОВА» Беларусі: пачалася ўсталёўка асаблівых арт-аб’ектаў у кожным абласным цэнтры

У шасці найбуйнейшых гарадах Беларусі з’явяцца арт-інсталяцыі са скульптур-літар, якія разам утвараюць слова «МОВА». Мантаж першай з іх ужо завяршаецца на вуліцы Кірава ў Гомелі, а на працягу найбліжэйшых двух месяцаў кампанія А1 сумесна з ініцыятывай «Веліч роднай мовы» ўсталюе серыю такіх аб’ектаў таксама ў Брэсце, Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску.

0007_18_05_homel.jpg

Усе літары ўяўляюць з сябе вулічную мэблю з дрэва і металу і маюць свой колер – у гэтым галоўная адметнасць арт-аб'ектаў. Па задуме іх аўтара, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, колеравая гама для інсталяцый у Гомелі, а таксама Брэсце, Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску падбіралася так, каб паказаць культурныя, гістарычныя і ландшафтныя адметнасці кожнага рэгіёна краіны. Пасля ўсталёўкі каля кожнага арт-аб’екта плануецца стварэнне сеткі бясплатнага Wi-Fi ад А1.
«Праектам па падтрымцы беларускай мовы і ўвогуле нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў прысвечаны важны кірунак дзейнасці нашай кампаніі. Таму сёлета мы вырашылі спалучыць тэхналогіі з сучасным мастацтвам і зрабіць жыхарам Беларусі падарунак: усталяваць у шасці найбуйнейшых гарадах краіны арт-інсталяцыі «МОВА». Спадзяёмся, што з цягам часу пры спрыяльных умовах гэтыя аб’екты стануць таксама папулярнымі месцамі адпачынку і нагадаюць усім, што родная мова – гэта прыгожа і камфортна», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
Чырвоны, чорны, зялёны, жоўты ці залацісты, шэры і розныя адценні сіняга – асноўныя колеры, якія на працягу стагоддзяў атачалі беларусаў у побыце, архітэктуры і прыродзе. Гэта адлюстравана ў даследаваннях, на якіх грунтуецца ідэя праекта «МОВА», – канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава (апісана ім у кнізе «Колер Беларусі»), а таксама рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка.
«Зварот да культурнай памяці беларускага народа, пэўны заклік да сузірання і стварэння асаблівай атмасферы для ўспрымання духоўных каштоўнасцей, усталявання новых сацыяльных сувязяў праз гарманічнае ўключэнне ў гарадское асяроддзе арт-аб'екта – сімвала роднай мовы, але выкананага па прынцыпах папулярнага кірунку ў сучасным мастацтве public art – асноўная задума гэтай маштабнай мастацкай і сацыяльнай ініцыятывы. Распрацоўка для кожнага рэгіена Беларусі ўнікальнага арт-аб’екта з яго адметнасцямі і ўласцівасцямі – вельмі істотна і актуальна. Вялікая каманда рэалізатараў праекта не мае сумневаў у гэтым», – расказаў ініцыятар праекта «Веліч роднай мовы» Захар Дудзінскі.
Інсталяцыя ў Гомелі размешчана на вуліцы Кірава, 32а – побач з Інстытутам механікі металапалімерных сістэм. Для яе падабрана спалучэнне блакітнага, жоўтага, шэрага, чырвонага і чорнага колераў. Большасць з іх традыцыйна выкарыстоўваецца ў афіцыйнай геральдыцы Гомельшчыны. Акрамя таго, гэты рэгіён – поўдзень Беларусі, яе курортная частка, якую перасякаюць найбуйнейшыя рэкі краіны: Сож, Дняпро і Прыпяць. Водны ландшафт, пяскі пляжаў і водмеляў, мноства яго зялёных паркаў – усё гэта выяўляецца праз мяккія рэлаксацыйныя колеры арт-аб’екта.
У Брэсце такая інсталяцыя будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. Для яе выбрана гарманічнае спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага. Затым арт-аб'ект з'явіцца на Траецкай набярэжнай Магілёва. Ён будзе з сімвалаў зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага колераў. У Віцебску на вуліцы Леніна перад мастом 1000-годдзя будзе ўсталявана «МОВА», выкананая ў характэрных колерах творчага аб'яднання УНОВІС – жоўтым, чырвоным, чорным, залатым і сінім. Жоўты, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны – такое спалучэнне падабрана для скульптур на вуліцы Маставой у Гродне. У Мінску ў скверы Адама Міцкевіча з'явіцца кампазіцыя з сіняга, зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага сімвалаў.
Паводле прэс-рэліза