Яшчэ адна ноч пратэстаў у Францыі: некалькі соцень арыштаваных
У ноч на 2 ліпеня ў Францыі працягваліся пратэсты ў сувязі са смерцю падлетка, застрэленага паліцэйскім. Улады адзначаюць, што яны крыху сцішыліся, колькасць арыштаў знізілася ў параўнанні з папярэднімі начамі – 719 пры самых сур'ёзных сутыкненнях у паўднёвым горадзе Марсэль.
У сваім твітары міністр унутраных спраў Жэральд Дарманен пахваліў праваахоўныя органы за іх “рашучыя дзеянні”, якія прывялі да “больш спакойнай ночы”.
Чыноўнікі спадзяюцца, што, магчыма, дасягнуты паваротны момант і ўдзельнікі беспарадкаў губляюць энергію з-за жорсткіх мер бяспекі. У гэтую ноч, як і напярэдадні, каля 45 000 паліцэйскіх былі разгорнутыя па ўсёй краіне.
Аднак пакуль новыя ціхія ночы не пацвердзяць гэтую тэндэнцыю, ніхто нічога не кажа пэўна.
Пратэсты ў многіх гарадах праходзяць аднолькава: мяцежнікі будуюць барыкады, падпальваюць шашкі, а таксама ідуць на сутычкі з паліцэйскімі. У пратэстоўцаў з'явілася зброя, бо яны абрабавалі некалькі зброевых крамаў.
Акрамя таго, яны адкрылі клеткі ў заапарку і выпусцілі жывёл. Цяпер па горадзе бегаюць зебры, коні і львы, а малпы сядзяць на дамах.
У Марсэлі на працягу ўсяго суботняга вечара адбываліся жорсткія сутыкненні паміж паліцыяй і ўдзельнікамі беспарадкаў.
На кадрах, якія цыркулююць у інтэрнэце, відаць, як паліцыя ўжывае слезацечны газ супраць людзей у горадзе. Паўднёвы партовы горад Марсэль стаў арэнай сутыкненняў і рабаванняў у цэнтры і далей на поўнач у даўно закінутых раёнах з нізкім прыбыткам.
Улады Марсэля спынілі ўвесь гарадскі транспарт з 18:00 вечара, уключаючы метро, і забаранілі ўсе пратэсты да нядзелі.
У горад было накіравана паліцэйскае падмацаванне, уключаючы бронетэхніку і два верталёты.
У прыгарадзе Парыжа Л'хаі-ле-Руж мэр горада Вінцэнт Жанбрэн паведаміў, што яго жонка і адзін з яго дзяцей былі параненыя, ратуючыся ад нападніка, які пратараніў яго дом аўтамабілем, а затым падпаліў машыну.
Ён назваў гэта "спробай забойства з невымоўнай баязлівасці".
Нагадаем, 17-гадовы Нахель М. быў застрэлены ва ўпор паліцыянтам у аўторак раніцай у прыгарадзе Парыжа Нантэрэ. Ён быў за стырном жоўтага “Мэрсэдэса”, калі яго спынілі за парушэнне правілаў дарожнага руху.
Паліцыя першапачаткова паведаміла, што падлетак быў застрэлены пасля таго, як заехаў на сваёй машыне ў паліцыю, але гэта абвергла відэа, якое хутка распаўсюдзілася па сацыяльных сетках і пазней было пацверджана AFP. На кадрах відаць, як двое паліцэйскіх стаяць ля машыны, якая не рухаецца, прычым адзін з іх накіроўвае зброю на кіроўцу. Чутны голас, які казаў: “Ты атрымаеш кулю ў галаву". Затым з'яўляецца паліцэйскі, які страляе, калі машына рэзка ад'язджае, а затым паступова спыняецца.
Афіцэр, які зрабіў смяротны стрэл, быў абвінавачаны ў наўмысным забойстве і прынёс прабачэнні сям'і. Яго адвакат сказаў, што ён быў спустошаны.
Памінальная служба па Нахелю адбылася ў мячэці ў Нантэрэ ў суботу. На яго пахаванне прыйшло вельмі шмат людзей.
Смерць Нахеля зноў выклікала дэбаты аб стане французскай паліцыі, уключаючы спрэчны закон аб агнястрэльнай зброі ад 2017 года, які дазваляе афіцэрам страляць, калі кіроўца ігнаруе загад спыніцца.
У больш шырокім сэнсе гэта прывяло да ўзнікнення пытанняў пра расізм у паліцыі. Упраўленне ААН па правах чалавека заявіла, што беспарадкі сталі шанцам для Францыі "вырашыць глыбокія праблемы расізму ў праваахоўных органах".
Прэзідэнт Эмануэль Макрон адклаў дзяржаўны візіт у Нямеччыну, які павінен быў пачацца ў нядзелю, каб справіцца з найгоршым крызісам для яго кіраўніцтва з тых часоў, як пратэсты "жоўтых камізэлек" паралізавалі большую частку Францыі ў канцы 2018 года. Таксама Макрон заявіў, што смерць Нахеля была выкарыстаная для апраўдання актаў гвалту, назваўшы гэта "непрымальнай эксплуатацыяй смерці падлетка".
Макрон заклікаў бацькоў узяць на сябе адказнасць за непаўналетніх удзельнікаў беспарадкаў, траціна з якіх былі “маладымі або вельмі юнымі". Дарэчы, улады паведамляюць, што 30 адсоткаў арыштаваных былі непаўналетнімі, іх сярэдні ўзрост -- 17 гадоў.
Паводле bbc.com, france24.com