Свінг, джаз і пафігізм супраць нацызму. Гісторыя руху зазу

Калі ў краіне пануе аўтарытарызм ці яна акупавана, функцыі пратэсту бяруць на сябе, падавалася б, самыя апалітычныя моладзевыя субкультуры. Дакладнасць гэтага тэзіса даводзіць у тым ліку незвычайная гісторыя руху zazous. 

les_zazous_1_800x420.jpeg.webp

Па сутнасці, zazous — гэта мянушка, якую пачалі даваць аматарам свінга ў Парыжы ў канцы 1930-х гадоў. У гэтых нефармалаў паступова выпрацаваўся свой жаргон, пэўны стыль адзення, галоўнай фішкай якога была наяўнасць парасона, што ніколі не раскрываўся. Акрамя таго, кодэкс субкультуры патрабаваў ад яе ўдзельнікаў дыстанцыянавання ад свету, грэбавання тэмамі, якія хвалююць простых людзей.

У прынцыпе zazous былі адной з фракцый парыжскай багемы, прычым, як мы бачым, зусім апалітычнай. Сітуацыя змянілася пасля таго, як у 1940-м Гітлер увайшоў у Парыж, трэцяя французская рэспубліка капітулявала, а на яе месцы ўзнік аўтарытарны рэжым Вішы на чале з маршалам Петэнам.

Устаноўка «мне ўсё роўна» нечакана набыла радыкальны палітычны прысмак, паколькі таксама азначала недавер да ўлад — нямецкіх акупантаў або французскіх калабарантаў. Акрамя таго, аматары джаза zazous не хавалі сімпатый да варожай Гітлеру Амерыкі, дзе джаз нарадзіўся і сфарміраваўся як музычны стыль. Адсюль жаданне прытрымлівацца амерыканскай моды і выкарыстоўваць англіцызмы.

Не менш улады раздражняла тое, што адзенне zazous адрознівалася ад гардэроба прызваных на службу мужчын і жанчын. Гэта было нават нейкім выклікам паўсядзённаму мілітарызму. Хлопчыкі насілі валасы сярэдняй даўжыні, зачасаныя назад, у адрозненне ад ваенных прычосак, а дзяўчынкі празмерна фарбаваліся, насілі кароткія спадніцы і высокія прычоскі. Яшчэ адной прычынай падазраваць нефармалаў у нелаяльнасці стала тое, што яны насілі занадта доўгае адзенне, калі тэкстыльная прадукцыя, якая ішла на патрэбы фронту, была строга нарміравана.

ety0nzdwsaau0a1.jpg

Нарэшце, zazous працягвалі збірацца, каб слухаць любімую музыку і танчыць насуперак любым паліцэйскім абмежаванням. Нягледзячы на каменданцкую гадзіну ў Парыжы, у барах Лацінскага квартала па начах усё роўна ўпарта танчылі свінг.

Усё гэта ў сукупнасці безумоўна не падабалася ўладам. Дэманстратыўны цынізм і бестурботнасць французскіх стыляг кампраметавалі пафас прапагандыстаў, якія заклікалі французаў самкнуць шыхты і нягледзячы на эканамічныя і іншыя праблемы цвёрда ісці за Гітлерам і Петэнам.

Ужо ў 1940 годзе ў вішысцкай прэсе пачалася кампанія супраць субкультуры zazous, чый пафігізм, як пісаў адзін з аўтараў, «дапамагае распаўсюджванню сярод моладзі непрымання працоўнай этыкі, самаахвярнасці, аскетызму і мужнасці». У студзені 1942 года ультраправая калабарацыянісцкая газета «Je suis partout» адзначала: «Нягледзячы на 100 000 [французаў], забітых у гэтай вайне, нягледзячы на сотні тысяч палонных, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў палоне [у Германіі], у той час, калі Францыя смуткуе, zazous танчаць!»

Цікава, што лідары камуністаў, якія складалі касцяк французскага супраціву, таксама не праяўлялі сімпатый да субкультуры. Яны падазравалі фанатаў свінга ў апатычным, нават легкадумным стаўленні да вайны ў цэлым.

Цярпенне ўлады канчаткова лопнула вясной 1942-га, калі ўсіх французскіх яўрэяў абавязалі насіць на вопратцы выяву жоўтай зоркі Давіда. Некаторыя zazous, магчыма, з-за салідарнасці ці праз жаданне правакацыі таксама пачалі насіць жоўтыя зоркі з надпісам «Свінг». Спачатку паліцыя не разумела, што адбываецца, і затрымлівала тых, хто насіў падобныя зоркі, што дыскрэдытавала антысеміцкую акцыю. 


Малюнак з дакументальнага фільма Бернара Дэбора і Седрыка Груа «Сябры габрэяў». 2006

Малюнак з дакументальнага фільма Бернара Дэбора і Седрыка Груа «Сябры габрэяў». 2006

Неўзабаве zazous сталі ворагам нумар адзін фашысцкай арганізацыі Народная Французская Моладзь (JPF) — моладзевай секцыі Французскай народнай партыі (PPF). Лозунгам JPF стала фраза «Скальпаваць zazous!». У парыжскіх барах праходзілі аблавы на аматараў свінга, іх збівалі на вуліцах, лавілі і гвалтоўна стрыглі валасы. Выданне PPF у той час друкавала наступныя аб'явы: «Рыхтуецца важная аперацыя. З-за яе далікатнага і спецыфічнага характару мы шукаем цырульнікаў-добраахвотнікаў. Накіроўвайце свае лісты ў штаб-кватэру JPF». Многія з затрыманых нефармалаў пасля арышту адпраўляліся ў сельскую мясцовасць на палявыя працы.


ob_3f628d_zazou8.jpg

Але нельга сказаць, што zazous дазвалялі здзекавацца з сябе. У маі 1943-га ў Лацінскім квартале мела месца маштабнае пабоішча паміж актывам JPF і zazous, якіх атакавалі прама ў барах і кафэ. Больш за сотню чалавек было арыштавана, а 50 маладых фашыстаў, у тым ліку іх лідар, трапілі ў бальніцу з сур'ёзнымі раненнямі.

Развязка кампаніі адбылася 80 гадоў таму, улетку 1943-га. Пералом у барацьбе з нацыстамі пасля Сталінграда, Эль-Аламейна і высадкі саюзнікаў у Паўночнай Афрыцы зрабіў рэжым у Францыі больш жорсткім. Неакупаваная зона на поўдні краіны была захоплена немцамі. Рэжым Вішы ператварыўся ў марыянетку Берліна. Неўзабаве для моладзі была ўведзена Служба абавязковых прац (STO), што азначала прымусовую працу ў Германіі. 

Гэта справакавала не толькі масавае ўхіленне ад прызыву ў STO, але і палітызацыю моладзі, сыход у супраціў. Сышлі ў падполле і партызанку нават апалітычныя zazous. «Час дурасці прайшоў, пачаліся сур'ёзныя справы», — напісаў адзін з іх тады ў сваім дзённіку. Многія з тых zazous, якія далучыліся да супраціву, вызвалялі Францыю ў 1944-м.

А далей адбылося дзіўнае: zazou, якіх не змаглі перамагчы ні нацысты Гітлера, ні жандары Петэна, ні малойчыкі з JPF, раптам зніклі. У паваенным Парыжы іх проста не стала. На самай справе нічога страшнага не адбылося. Проста з-за акіяна прыйшла мода на стыль bee-bop. Эра свінга скончылася, і разам з ёю згасла нескароная тусоўка zazous.