Калі NATO не дапамагло
75-гадовы юбілей адзначае Паўночнаатлантычны альянс, які даўно лічыцца наймацнейшым ваенна-палітычным блокам у свеце. Між тым у гісторыі арганізацыі ёсць цікавы эпізод, калі NATO не прыйшло на дапамогу свайму сябру, які стаў ахвярай агрэсіі.
Дапамогу ад блока не атрымала Партугалія, чыю правінцыю ў Гоа (тэрыторыя сучаснай Індыі) у снежні 1961-га атакавалі войскі Дэлі. Партугальцы з'явіліся ў Індыі аж у пачатку XVI стагоддзя. Аднак, нягледзячы на хуткае стварэнне каланіяльнай інфраструктуры, у канчатковым выніку не змаглі замацавацца ў рэгіёне. Гэтую няўдачу можна растлумачыць мноствам фактараў, уключаючы лакальныя войны, узвышэнне брытанцаў і ўласныя недахопы ў кіраванні сваімі калоніямі.
Аднак адмаўляцца ад калоніі Лісабон упарта не збіраўся. А калі ў 1950-я — 1960-я на планеце пачалася дэкаланізацыя, у Лісабоне вырашылі зрабіць хітры трук — прызнаць заморскія калоніі партугальскімі правінцыямі. «Лёс Гоа не падлягае абмеркаванню. Гоа нельга аддаць ці прадаць», — казаў тады партугальскі дыктатар Антоніу дэ Алівейра Салазар.
Аднак індыйскі прэм'ер Неру так не лічыў і даў сакрэтны загад: рыхтавацца да захопу Гоа. План быў рэалізаваны ў снежні 1961 года. Узброеная акцыя пад кодавай назвай «Віджай» (на хіндзі «перамога») працягвалася 36 гадзін. У выніку ўдараў з паветра, мора і дзеянняў наземных сіл партугальскі анклаў перастаў існаваць і неўзабаве стаў 25-м штатам Індыйскага Саюза.
А што Лісабон? Лісабон папрасіў дапамогі ў NATO, спасылаючыся на славуты 5-ты пункт статута, які прадугледжвае аказанне дапамогі ўдзельнікам Альянсу ў выпадку агрэсіі. Аднак дапамогі не дачакаўся.
З таго часу аж да сёння многія задаюцца пытаннем: чаму ЗША і астатнія сябры NATO не дапамаглі Партугаліі — краіне сузаснавальніцы блока ў 1949 годзе?
У NATO адказваюць звычайна так: сітуацыя ў Гоа разглядалася, як каланіяльнае пытанне паміж Партугаліяй і Індыяй і не мела прамога дачынення да абаронных абавязкаў NATO абараняць тэрыторыю краін-удзельніц.
У чымсьці гэта праўда. Аднак хутчэй за ўсё «краіне-агрэсару» дапамог цэлы набор фактараў.
Па-першае, Індыя была саюзнікам СССР. Больш за тое, першы сакратар СССР Мікіта Хрушчоў знаходзіўся ў Індыі з дзяржаўным візітам, калі 18 снежня ўспыхнулі ваенныя дзеянні. Хрушчоў публічна даў зразумець, што лічыць дзеянні Індыі «абсалютна законнымі і апраўданымі».
ЗША і Канада таксама не спяшаліся на дапамогу партугальцам. Абедзве краіны некалі былі калоніямі, і ў некаторай ступені спачувалі справе Індыі ў барацьбе з каланіяльнай спадчынай. ЗША ў тым ліку не хацелі, каб NATO лічылася прыхільнікам імперыялізму і страціла палітычны капітал і аўтарытэт у свеце, асабліва на фоне вельмі крытычных працэсаў на Кубе і ў В'етнаме.
Акрамя таго, Неру ўмела разлічыў дату пачатку агрэсіі. А менавіта дачакаўся сыходу з Белага дома «ястраба» Эйзенхаўера. Адміністрацыя Джона Кэнэдзі, якая прыйшла да ўлады ў 1961 годзе, збольшага сімпатызавала працэсу дэкаланізацыі ў свеце. У сувязі з гэтым некаторыя гісторыкі лічаць, што Індыя наўрад ці захапіла б Гоа, калі б на выбарах 1961-га агрэсіўны рэспубліканец Ніксан перамог дэмакрата Кэнэдзі. Нарэшце, каманда Джона Кэнэдзі ўсё яшчэ не магла ачуняць ад няўдалай аперацыі ў Заліве Свіней на Кубе, дзе быў знішчаны дэсант праціўнікаў Кастра.
Зрэшты, заставаўся яшчэ Кітай, які ўжо на той момант канфліктаваў з Індыяй. Пекін дэманстраваў у тыя дні самыя неверагодныя кульбіты. У той час, як урад Пекіна заяўляў аб «рашучай падтрымцы» Індыі ў яе барацьбе супраць імперыялізму, органы Камуністычнай партыі Кітая (напрыклад, яе газета ў Ганконгу) занялі крыху іншую пазіцыю. Яны называлі ўварванне індусаў адчайнай спробай Неру «вярнуць сабе аслабелы прэстыж сярод афраазіяцкіх краін», і высмейваў Індыю за барацьбу з «самай маленькай імперыялістычнай краінай у свеце». Варта адзначыць, што праз дзесяць месяцаў Кітай і Індыя самі пачнуць памежную вайну.
Сярод краін трэцяга свету, мабыць, толькі Пакістан (што, магчыма, нядзіўна) асудзіў «брутальны мілітарызм» Індыі, захоўваючы пры гэтым дзіўны нейтралітэт у канфлікце. Пакістанцы без комплексаў займаліся арыштам партугальскіх караблёў і канфіскацыяй партугальскіх партый боепрыпасаў.
У выніку ў глабальным раскладзе пачатку 1960-х крызіс у Гоа аказаўся дробяззю. Асабліва ў параўнанні з буйнымі крызісамі, напрыклад, у Конга ці на Кубе.
Тым не менш прэстыж NATO пасля інтэрвенцыі ў Гоа часткова быў падарваны. У прыватнасці, пасіўнасць Альянсу ў 1961-м справакавала аргенцінскую хунту ў 1982 годзе рызыкнуць адправіць дэсант на брытанскія Фалькленды. Зрэшты, Аргенціна ў выніку тую вайну прайграла. І з таго часу жадаючых паўтарыць «подзвіг» аргенцінцаў — атакаваць нейкую краіну NATO — больш не знаходзіцца.