170 гадоў Рэспубліканскай партыі. Як партыя Лінкальна, Рузвэльта, Рэйгана стала камічнай сёньня?

У 1854 годзе была заснаваная партыя, якая з пакаленьня ў пакаленьне выхоўвала выбітных лідэраў як Злучаных Штатаў, так і ўсяго сьвету. Што зламалася ў мэханізме ў нашыя дні?

Перадвыбарчы плякат Лінкальна ў 1860 годзе

Перадвыбарчы плякат Лінкальна ў 1860 годзе

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ўзьнікла палітычная сіла, якая захапіла сваімі ідэямі нацыю, што балянсавала на мяжы грандыёзнага падзелу. Раньняя Рэспубліканская партыя характарызавалася цьвёрдай прыхільнасьцю грамадзянскім правам. Рэспубліканцы імкнуліся ня толькі прадухіліць распаўсюд рабства на новых тэрыторыях на Захадзе, але і спрыяць эканамічным рэформам і моцнаму федэральнаму ўраду, здольнаму забясьпечыць захаваньне грамадзянскіх правоў.

Такое бачаньне рэзка кантраставала з пануючымі настроямі ў паўднёвых штатах, дзе рабства разглядалася як неабходны складнік для эканамічнага росквіту.

Абрагам Лінкальн

Абрагам Лінкальн, першы рэспубліканец, які заняў прэзідэнцкую пасаду ў 1861 годзе, стаў адным з найвыбітных амэрыканцаў у гісторыі. Лінкальн заняў пасаду прэзідэнта ў той час, калі Злучаныя Штаты былі ўжо не зусім злучанымі. Да моманту ягонай інаўгурацыі сем паўднёвых штатаў абвесьцілі аб сваім выхадзе са складу ЗША.

Адно з самых значных дзеяньняў Лінкальна, Дэклярацыя аб вызваленьні, выдадзеная 1 студзеня 1863 году, зьмяніла характар грамадзянскай вайны і ўвогуле ход амэрыканскай гісторыі. Рэспубліканец абвесьціў, што ўсе людзі, якія ўтрымліваюцца ў якасьці рабоў у мяцежных штатах, «зьяўляюцца і ў далейшым будуць свабоднымі». Лінкальн паставіў адмену рабства ў якасьці галоўнай мэты вайны. Гэты стратэгічны крок ня толькі пазбавіў Канфэдэрацыю неабходнай ёй працоўнай сілы, але і адкрыў шлях для прызыву чорных жаўнераў у армію Поўначы.

Дэклярацыя значыла, па-сутнасьці, канчатковы зрух у місіі Рэспубліканскай партыі — ад захаваньня Злучаных Штатаў да пераасэнсаваньня саміх прынцыпаў, на якіх стаяла амэрыканская нацыя. Кульмінацыяй крыжовага паходу Рэспубліканскай партыі супраць рабства стала ратыфікацыя 13-й папраўкі да Канстытуцыі ў сьнежні 1865 году, якая адмяніла рабства на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў. Гэтае дасягненьне падкрэсьліла ролю Рэспубліканскай партыі як архітэктара новага канстытуцыйнага ладу, у якім не было месца рабству.

Тэадор Рузвэльт

Перадвыбарчы плякат Рузвэльта ў 1904 годзе

Перадвыбарчы плякат Рузвэльта ў 1904 годзе

На самым пачатку ХХ стагодзьдзя на сусьветную палітычную арэну трапіў у якасьці прэзідэнта ЗША рэспубліканец Тэадор Рузвэльт, 26-ты па ліку кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнцтва Рузвэльта характаразавалася агрэсіўнай пазыцыяй у дачыненьні да антыманапольнага кантролю, што падкрэсьлівала ягоную веру ў ролю ўраду ў рэгуляваньні буйных карпарацыяў для забесьпячэння канкурэнцыі і прадухіленьня манапалістычнай практыкі.

Акрамя нутранай палітыкі, посьпех рэспубліканца Рузвэльта быў і ў сфэры замежных справаў, дзе ён выкарыстоўваў філязофію «кажы ціха і трымай вялікую палку». Дамова аб Панамскім канале спрыяла будаўніцтву канала і значна пашырыла стратэгічныя і камэрцыйныя магчымасьці Амэрыкі.

Перыяд знаходжаньня Рузвэльта стаў прыкладам патэнцыялу прэзідэнцкай улады для ажыцьцяўленьня пазытыўных зьменаў, што прынесла яму мейсца сярод найбольш пасьлядоўных і пасьпяховых лідэраў у гісторыі Злучаных Штатаў.

Тэадор Рузвэльт

Тэадор Рузвэльт

Дуайт Эйзэнхаўэр

Эйзэнхаўэр, герой вайны і добры рэспубліканец, кіраваў Злучанымі Штатамі ў складаную эпоху пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1953-1961 гады. Прэзідэнцтва Эйзэнхаўэра характарызавалася стрыманым падыходам, які імкнуўся збалянсаваць патрабаваньні эканамічнага росту, сацыяльнай справядлівасьці і стрымліваньня пагрозаў камунізму.

Ён узначальваў краіну ў эпоху росквіту і адноснага міру, пры гэтым Дуайт трымаў цьвёрдую пазыцыю ў замежных справах і адначасова з гэтым выступаў за нутраную палітыку, якая заклала б аснову для будучых пакаленьняў. І гэта атрымалася.

Удзел рэспубліканца Эйзэнхаўэра ў пытаньнях грамадзянскіх правоў, хаця і складаны, уключаў значныя дасягненьні, якія спрыялі ліквідацыі сэгрэгацыі і прасоўваньню роўнасьці ў грамадзтве. Ягоная адміністрацыя стала сьведкам знакавага рашэньня Вярхоўнага суду ў 1954 годзе, якое абвесьціла неканстытуцыйнымі законы штатаў аб стварэньні асобных дзяржаўных школаў для чорных і белых навучэнцаў.

Перадвыбарчы мітынг Эйзэнхаўэра ў 1952 годзе

Перадвыбарчы мітынг Эйзэнхаўэра ў 1952 годзе

У той час як Эйзэнхаўэр меў асабістыя меркаваньні наконт тэмпаў дэсэгрэгацыі, ён паважаў вяршэнства закону і пры неабходнасьці прымаў рашучыя меры для выкананьня пастановы суду. У прыватнасьці, знакаміты момант у амэрыканскай гісторыі адбыўся ў 1957 годзе. Тады рэспубліканец скіраваў федэральныя войскі ў горад Літл-Рок, што ў штаце Арканзас, дзеля абароны чорных студэнтаў, якія інтэграваліся ў раней цалкам белую сярэднюю школу.

Прэзідэнцтва Эйзэнхаўэра зьмяніла Рэспубліканскую партыю. Ён скіраваў яе на шлях стрыманасьці і прагматызму. Ягоны прынцып кіраваньня, адзначаны падатковым кансэрватызмам, моцнай абароннай палітыкай і асьцярожным падыходам да грамадзянскіх правоў і сацыяльнага забесьпячэньня, адлюстроўваў веру ў істотнасьць стабільнасьці і пераемнасьці ў амэрыканскім жыцьці.

Залаты пасьляваенны час Злучаных Штатаў.

Рональд Рэйган

Чалавек, які пачынаў сваю кар’еру ў якасьці актора Галівуду, кіраваў Злучанымі Штатамі з 1981 па 1989 год. У аснове палітычнай праграмы Рэйгана ляжала рашучая прыхільнасьць кансэрватыўным эканамічным прынцыпам, укладзеным у філязофію «рэйганомікі». Гэтая эканамічная стратэгія выступала за шырокае зьніжэньне падаткаў, дэрэгуляцыю і скарачэньне дзяржаўных выдаткаў для стымуляваньня росту, павелічэньня інвэстыцыяў і спрыяньня эканамічнаму росквіту.

Палітыка рэспубліканца Рэйгана здолела ажывіць прыватны сектар, стымуляваць стварэньне працоўных месцаў і падрыхтавала глебу для пэрыяду эканамічнага росту.

Рональд Рэйган

Рональд Рэйган

У вонкаквай палітыцы Рэйгана дамінавала непахісная апазыцыя камунізму і рашучае імкненьне пакласьці канец Імпэрыі Зла. Яго адміністрацыя прыняла стратэгію міру праз моц і значна павялічыла выдаткі на абарону. Жорсткая пазыцыя была ў Рэйгана ў дачыненьні да СССР, увасабленьнем яе зьяўляецца ягонае сьмелае патрабаваньне «разбурыць гэтую сьцяну». Мелася на ўвазе Бэрлінская сьцяна, якая адзьдзяляла вольны сьвет ад тэрыторыяў пад прыгнётам чырвоных дыктатураў. Праца рэспубліканца адыграла вырашальную ролю ў канчатковым зьнішчэньні Савецкага Саюзу.

Дактрына Рэйгана, якая падтрымлівала антыкамуністычныя рухі супраціву па ўсім сьвеце, яшчэ больш падкрэсьлівала жаданьне адміністрацыі супрацьстаяць савецкаму ўплыву. Такі падыход умацаваў пазыцыю Злучаных Штатаў на сусьветнай арэне.

Прэзідэнцтва Рэйгана ўяўляла сабой значную ідэалягічную кансалідацыю ў Рэспубліканскай партыі, якая цалкам прытрымлівалася кансэрватыўнай праграмы, што адстойвала ўрад, які мала ўмешваецца ў эканоміку, асабістыя свабоды і моцную нацыянальную абарону.

Пасьля Рэйгана: Два Бушы

Джордж Буш-старэйшы і Папа Ян Павал ІІ

Джордж Буш-старэйшы і Папа Ян Павал ІІ

Джордж Буш-старэйшы, які займаў пасаду прэзідэнта з 1989 па 1993 гады, уяўляў сабой форму пераемнасьці з эпохай Рэйгана, асабліва ў зьнешняй палітыцы з мірным завяршэньнем халоднай вайны. Аднак ягонае прэзідэнцтва таксама азначала адыход ад некаторых цьвёрдых эканамічных пазыцыяў Рэйгана. Рашэньне Буша павысіць падаткі, нягледзячы на ягонае знакамітае абяцаньне «Прачытайце з вуснаў: ніякіх новых падаткаў», было прагматычным адказам на рост бюджэтнага дэфіцыту. Гэта прывяло да незадаволенасьці больш кансэрватыўнай часткі Рэспубліканскай партыі.

Прэзідэнцтва Джорджа Буша-малодшага (2001-2009) яшчэ больш ускладніла траекторыю партыі. Пасьля тэрактаў 11 верасьня ў зьнешняй палітыцы Буша дамінавала вайна з тэрарызмам. Унутры краіны Буш настойваў на зьніжэньні падаткаў, рэформе адукацыі і спробе рэформы сацыяльнага забесьпячэньня. Ягонае знаходжаньне на пасадзе, аднак, было адзначана павелічэньнем федэральных выдаткаў і пачаткам Вялікай рэцэсіі.

Зьяўленьне руху Tea Party напрыканцы 2000-х гадоў азначала значную ідэалягічную перабудову ўсярэдзіне Рэспубліканскай партыі. Удзельнікі гэтай групы так бы мовіць матываваліся супрацьстаяньнем палітыцы значна больш левай адміністрацыі дэмакрата Абамы. Асабліва гэта датычылася закону аб медыцынскім абслугоўваньні і выражалася ў занепакоенасьці дзяржаўнай пазыкай і дзяржаўнымі выдаткамі. Tea Party заклікала вярнуцца да таго, што яе прыхільнікі лічылі асноўнымі прынцыпамі кансэрватызму: абмежаваны ўрад, фінансавая адказнасьць і строгі канстытуцыяналізм.

Адначасова сацыяльны кансэрватызм станавіўся ўсё больш прыкметнай рысай ідэнтычнасьці партыі.

Эпоха Трампа

Абраньне Дональда Трампа 45-м прэзідэнтам ЗША ў лістападзе 2016 года стала пераломным момантам у ідэалягічнай эвалюцыі Рэспубліканскай партыі. Бізнэсовец, які раней не займаў палітычных пасадаў, Трамп граў на нотах таннага папулізму.

Абяцаньні Трампа «зрабіць Амэрыку зноў вялікай», ягоная пазыцыя ў пытаньнях іміграцыі, гандлю і іншыя аспэкты спадабаліся выбарцам, якія, як выявілася, былі расчараваныя тым, што яны ўспрымалі як дзесяцігодзьдзі палітычнага і эканамічнага заняпаду.

Дональд Трамп

Дональд Трамп

На працягу ўсяго свайго прэзідэнцтва палітыка і дзеяньні Трампа падкрэсьлівалі адыход ад некалькіх асноўных прынцыпаў традыцыйнага правага кансэрватыўнага рэспубліканства. Пазыцыя ў эканоміцы, хаця ягоныя намаганьні па скарачэньні падаткаў адпавядалі даўнім рэспубліканскім прынцыпам, агрэсіўная пазыцыя ў гандлі, асабліва пачатак гандлёвай вайны з Кітаем, супярэчыла гістарычнай падтрымцы Рэспубліканскай партыі свабоднага гандлю.

Больш за тое, рыторыка і стыль кіраваньня Трампа, часта адзначаныя канфрантацыяй і палярызацыйнымі заявамі, спарадзілі дыскусіі ўсярэдзіне партыі і ў грамадзтве наконт характару прэзідэнцкага кіраўніцтва.

Эпоха Трампа была напоўненая супярэчнасьцямі: ад расьследаваньня ўмяшаньня Расеі ў выбары 2016 году да расьследаваньняў аб імпічмэнце і падзеяў, якія прывялі да бунту ў Капітоліі 6 студзеня 2021 году. Гэтыя інцыдэнты, сярод іншага, паглыбілі рознагалосьсі ўсярэдзіне рэспубліканцаў. Партыя мусіла альбо прыняць, альбо дыстанцыявацца ад палітыкі Трампа.

Сярод гэтых супярэчнасьцяў стаў усё больш відавочным зрух Рэспубліканскай партыі ў бок папулізму.

Сёньня

Ідэалягічны складнік у Рэспубліканскай партыі сёньня ахоплівае шырокі спэктар пунктаў гледжаньня, ад традыцыйных правых кансэрватараў і лібэртарыянцаў, якія выступаюць за абмежаваны ўрад, свабодныя рынкі і асабістыя свабоды, да папулістаў, якія аддаюць перавагу нацыянальнаму сувэрэнітэту, эканамічнаму нацыяналізму і ізаляцыянісцкай зьнешняй палітыцы.

Гэтая разнастайнасьць пунктаў гледжаньня прывяла да нутраных расколаў, асабліва паміж партыйным істэблішмэнтам і больш папулісцкімі фракцыямі, лаяльнымі Трампу.

Глядзіце таксама

Справа безумоўна значна больш глыбоаая, чым у прыняцьці альбо непрыняцьці Кангрэсам, у якім зараз большасьць за рэспубліканцамі, пакету дапамогі для Ўкраіны, Ізраілю і Тайваню.

Гаворка вядзецца пра глябальнае пераасэнсаваньне сьвету, у якім мы жывем, калі штурмавікі Трампа ў партыі атрымаюць права вызначаць палітыку.

Рэспубліканская партыя патрабуе неадкладнага і глыбокага ачышчэньня. Ад гэтага залежыць ня толькі дабрабыт фэрмера ў Канзасе ці бізнэсоўца ў Вісконсыне. Француз, украінец і беларус ня менш зацікаўленыя ў адэкватнай партыі, якая дала наймагутнейшай дзяржаве на Зямлі 19 прэзідэнтаў.