Калі тыраніі не дастаткова: як дыктатары мараць і афіцыйна абвяшчаюцца «бацькамі народу»

90 гадоў таму ў Турэччыне мясцоваму кіраўніку было афіцыйна нададзенае новае прозьвішча – Атацюрк (даслоўна: бацька туркаў), зь якім ён і адыйшоў да прадзедаў праз 4 гады і застаўся ў гісторыі. Ён ня першы і, відавочна, не апошні, хто прагнуў стоадсоткавай адданасьці сваіх рабоў. Прыгадалі падобныя выпадкі ў нядаўняй гісторыі, калі тыран атрымліваў дзяржаўнае прызнаньне ў якасьці «бацькі».

Атацюрк з дзіцём

Атацюрк з дзіцём

Мустафа Кемаль Атацюрк

Пасьля паразы Асманскай імпэрыі ў Першай Сусьветнай вайне, у 1918 годзе заходнія дзяржавы падзялілі некалі магутную імпэрыю. У 1923 годзе пад кіраўніцтвам вайскоўца Мустафа Кемаля была абвешчаная Турэцкая рэспубліка ў тых межах, што засталіся на аскепках асманскай велічы. У першыя гады рэспублікі Мустафа Кемаль ініцыяваў шырокія рэформы. Ісламскі халіфат быў ліквідаваны, рэлігійныя ісламскія школы замкнёныя, а сьвецкія законы замянілі ісламскую юрыспрудэнцыю. Адукацыя стала абавязковай, а латынскі альфабэт стаў ужывацца замест арабскага.

У 1934 годзе парлямэнт Турэччыны прыняў закон аб прозьвішчах, які абавязваў усіх грамадзянаў браць прозьвішчы. Мустафа Кемаль, якога раней называлі проста імём (як Мустафа так і Кемаль – гэта імя), цяпер патрабаваў прозьвішча. Парлямент, прызнаючы яго беспрэцэдэнтны ўклад у разьвіцьцё нацыі (а як жа інакш!), прысвоіў яму тытул «Атацюрк», што даслоўна азначае «бацька туркаў». Гэта і стала яго афіцыйным прозьвішчам.

Мустафа бачыў сябе бацькам, які вядзе сваіх дзяцей праз бурлівыя рэкі новай гістарычнай рэчаіснасьці.

Мустафа Кемаль Атацюрк

Мустафа Кемаль Атацюрк

Акцэнт на адзінай турэцкай ідэнтычнасьці маргіналізаваў групы меншасьцей, асабліва курдаў, якія адчувалі сябе выключанымі з нацыянальнага наратыву. Тэрмін «бацька туркаў» ускосна падмацоўваў уяўленьне аб тым, што «турэцтва» было адзінай вызначальнай характарыстыкай новай Турэччыны. На сёньня гэта засталося ў тым самым выглядзе.

Сукарна

Гэты сын інданэзійскай зямлі натхняў мільёны іншых жыхароў тады яшчэ нідэрляндзкай калёніі прамовамі, у якіх спалучаліся марксісцкія ідэалы, ісламскія каштоўнасьці і традыцыі карэннага насельніцтва. Кактэйль той яшчэ, але з гэтых інгрыдыентаў нарадзілася доўгатрывалая дыктатура.

17 жніўня 1945 года, праз некалькі дзён пасьля капітуляцыі Японіі ў Другой Сусьветнай вайне, Сукарна і яго хаўрусьнік Махамад Хата абвесьцілі незалежнасьць Інданэзіі. Аднак спатрэбіліся чатыры гады ўзброенай барацьбы і перамоваў, перш чым нідэрляндцы афіцыйна прызналі суверэнітэт краіны ў 1949 годзе.

Роля Сукарна ў руху Інданэзіі да незалежнасьці прынесла яму тытул «Бацька нацыі. Філязофская аснова бачаньня Сукарна была заснаваная на пяці прынцыпах — нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, дэмакратыя, сацыяльная справядлівасьць, вера ў адзінага Бога, якія сталі афіцыйнай ідэялёгіяй Інданэзіі. Але што добра называецца, рэдка добра ажыцьцяўляецца.

Сукарна галасуе за сябе на выбарах

Сукарна галасуе за сябе на выбарах

Тэрмін «бацька нацыі, або бацька абвяшчэньня» неафіцыйна выкарыстоўваўся з першых гадоў незалежнасьці, але афіцыйнае выкарыстаньне пачалося ў 1950-х гадах. У дзяржаўных газэтах, афіцыйных прамовах і адукацыйных матэрыялах яго пачалі наўпрост называць «бацькам». Пазьней назва замацавалася ў інданэзійскіх падручніках.

Прэзідэнцтва Сукарна, якое пачалося з прыгожых абяцаньняў, паступова скацілася да аўтарытарызму. Да канца 1950-х гадоў ён расправіўся з парлямэнтам і сканцэнтраваў усю ўладу ў сваіх руках. Тэрмін знаходжаньня Сукарна ў якасьці «бацькі нацыі» скончыўся ў 1967 годзе, калі адбыўся дзяржаўны пераварот пад кіраўніцтвам генэрала Сухарта. Пазбаўлены паўнамоцтваў, Сукарна жыў пад хатнім арыштам да сваёй хуткай сьмерці ў 1970 годзе.

Глядзіце таксама

Сапармурат Ніязаў

У падобным стылі, як Мустафа Кемаль стаў «бацькам усіх туркаў», так і туркмэнскі дыктатар стаў «бацькам усіх туркмэнаў»  Туркмэнбашы.

Ніязаў нарадзіўся ў 1940 годзе ў невялікай вёсцы ў Туркмэнскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У 1985 годзе Ніязаў стаў першым сакратаром Камуністычнай партыі Туркмэністана. З атрыманьнем незалежнасьці ў 1991 годзе ён не разгубіўся, і працягнуў сваю складаную працу. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 года Сапармурат атрымаў 99,5% галасоў (іншых кандыдатаў, як можна здагадацца, не было).

У 1993 годзе да яго ўпершыню ўжылі афіцыйны тытул «туркмэнбашы». Назва падкрэсьлівала ролю Сапармурата як аб'яднаўчай фігуры новага незалежнага Туркмэністана, і пазыцыянавала яго як палітычнага лідэра і культурнага патрыярха нацыі. А як насамрэч? Туркмэністан амаль адразу пераўтварыўся ў суцэльную дыктатуру.

«Арка нэйтралітэту». Зьверху статуя Ніязава, якая ўвесь час круціцца: твар атрымліваецца павернуты да сонца напрацягу дня.

«Арка нэйтралітэту». Зьверху статуя Ніязава, якая ўвесь час круціцца: твар атрымліваецца павернуты да сонца напрацягу дня.

Гэта суправаджалася ашаламляльным наборам сымбаляў, помнікаў, якія ўзвышалі яго вобраз амаль да боскага статусу. Ягоныя вялікія партрэты ўпрыгожвалі ўсе грамадзкія будынкі, выява была надрукаваная на нацыянальнай валюце. У 1998 годзе Ніязаў перайменаваў горад Краснаводзк у Туркмэнбашы.

У 1999 годзе Туркмэнбашы стаў пажыцьцёвым прэзідэнтам.

Адным з самых знакамітых выразаў культу асобы стала пабудова «Аркі нэйтралітэту», на якой зьверху стаяла залатая статуя Ніязава, які быў павернуты тварам да сонца. Ніязаў таксама напісаў «Рухнама» («Кніга душы»), духоўны і маральны даведнік, які, як ён сцьвярджаў, будзе фармаваць ідэнтычнасьць туркмэнскага народа на працягу некалькіх пакаленьняў. Рухнама была абвешчаная абавязковай для вывучаньня ў школах і на працоўных месцах. Нават у Беларусі можна было знайсьці перакладзеную на беларускую мову «кнігу душы».

«Я — дух Туркмэністана, які адрадзіўся, каб прывесьці вас да залатога веку. Я ваш выратавальнік... У мяне зоркі погляд  я бачу ўсё. Калі вы сумленныя ў сваіх учынках, я гэта бачу; калі ж вы зьдзяйсняеце грахі, І гэта не схаваецца ад мяне»

Шчасьце не працягвалася доўга. Бацька ўсіх туркмэнаў памёр у 2006 годзе, і ў самым бліжэйшым часе пасьля гэтага наступнік Гурбангулы Бердымухамедаў фактычна выкрэсьліў усю так званую спадчыну папярэдняга дыктатара. Замест гэтага новы кіраўнік Туркмэністана напісаў сваю кнігу, якую сёньня вывучаюць у дзяржаве. Зусім нядаўна ён перадаў уладу свайму сыну. Такім чынам замест Ніязава амаль 20 гадоў туркмэнамі кіруе дынастыя Бердымухамедавых.