Каля 4000 чалавек пацярпелі ад выбухаў пэйджараў у Ліване і Сірыі: Што вядома на гэты момант?

11 загінулых і каля 4000 (!) параненых у Ліване, яшчэ 7 загінулых і 14 пацярпелых у Сірыі. Сярод пацярпелых —  байцы «Хезбалы», медыкі і амбасадар Ірана ў Бейруце, што атрымалі раненні ў выніку выбуху пэйджараў у Ліване і Сірыі.

Машыны хуткай дапамогі каля медыцынскага цэнтра ў Бейруце пасля серыі выбухаў пэйджара, 17 верасня 2024 г. Фота Anwar AMRO / AFP

Машыны хуткай дапамогі каля медыцынскага цэнтра ў Бейруце пасля серыі выбухаў пэйджара, 17 верасня 2024 г. Фота Anwar AMRO / AFP

Міністр інфармацыі Лівана Зіяд Макар назваў падрыў пэйджараў «ізраільскай агрэсіяй». Групоўка «Хезбала», якую падтрымлівае Іран і якая прызнаная Злучанымі Штатамі тэрарыстычнай арганізацыяй, абвінаваціла Ізраіль у выбухах пэйджараў і прыгразіла адказаць.

Ізраільскія ваенныя не каментуюць сваё дачыненне да выбухаў.

«Хезбала» ў заяве пацвердзіла гібель як мінімум трох чалавек, у тым ліку двух яе байцоў. Сярод загінулых, піша Associated Press, васьмігадовая дзяўчынка. Сярод пацярпелых — і сын дэпутата ліванскага парламента ад «Хезбалы». Паранены таксама і амбасадар Ірана ў Ліване Маджтаб Амані.

Лідар «Хезбалы» Хасан Насрала ў выніку выбухаў не пацярпеў. 

Падрабязнасці пра выбухі

Хваля выбухаў доўжылася каля гадзіны пасля першых дэтанацый, якія адбыліся каля 15.45 па мясцовым часе. Пакуль не зразумела, якім чынам былі прыведзеныя ў дзеянне прылады, піша   «Голас Амерыкі».

Афіцыйны прадстаўнік «Хезбалы» паведаміў агенцтву AP, што новенькія партатыўныя пэйджары, якія выкарыстоўвала групоўка, спачатку нагрэліся, а потым выбухнулі. Па словах крыніцы агенцтва, прычынай выбуху, верагодна, сталі літыевыя батарэі, якія выкарыстоўваюцца ў спажывецкіх таварах — ад мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў да электрамабіляў.

Чаму групоўка наогул выкарыстоўвала пэйджары? Нейкі час таму кіраўніцтва групоўкі заклікала баевікоў не насіць з сабой мабільныя тэлефоны, паколькі Ізраіль можа выкарыстоўваць прылады для адсочвання іх перамяшчэння і нанясення кропкавых удараў.

Зрэшты, раней Ізраіль забіваў баевікоў тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС, якую ЗША прызналі тэрарыстычнай, з дапамогай узарваных мабільных тэлефонаў, а Ізраіль, як мяркуюць, стаіць за атакай кампутарнага віруса Stuxnet на ядзерную праграму Ірана ў 2010 годзе.

Глядзіце таксама

Якія версіі разглядаюцца ліванскімі і міжнароднымі СМІ? 

  • Першая — Масад загадзя заклаў выбухоўку ў пэйджары, якія затым былі пастаўлены «Хезбале». Як быццам бы, выкарыстоўвалі PETN-рэчыва, якое раскладаецца пры награванні, часта з выбухам.

Так, Sky News на арабскай мове паведамляе, са спасылкай на эксклюзіўную, але ананімную крыніцу, што падрыў пэйджараў арганізаваў «Масад». Для гэтага, паводле звестак выдання, у батарэі прылад дадалі невялікую колькасць пентрыту. Гэтая магутная выбухоўка ў чыстым выглядзе выкарыстоўваецца для вытворчасці капсуляў-дэтанатараў. Паводле крыніцы Sky News, потым на пэйджары перадалі сігналы, якія падвысілі тэмпературу батарэй. Гэта і прывяло да дэтанацыі.

Амерыканскі сайт Axios выкладае — са спасылкай на ўласныя крыніцы, — падрабязнасці прыняцця рашэння ў Ізраілі. «Аперацыя была ўхваленая на гэтым тыдні падчас нарадаў па пытаннях бяспекі з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху, высокапастаўленымі чальцамі ягонага кабінета і кіраўнікамі службаў бяспекі», — піша выданне. 

Паводле звестак Axios, «Ізраіль правёў аперацыю, каб вывесці барацьбу з «Хезбалой» на новы ўзровень. І пры гэтым ён спрабуе не дапусціць эскалацыі да ўзроўню поўнамаштабнай вайны». Аперацыя, нібыта, была накіраваная на падрыў упэўненасці чальцоў групоўкі і фарміраванне адчування, «што яна цалкам працятая ізраільскімі спецслужбамі».

  • Другая версія — ізраільская выведка «хакнула» пэйджары, запусціла туды вірус, які прымушае прыладу працаваць на максімуме, што і прывяло да выбухаў батарэй.

Фрэнк Гарднер, карэспандэнт ВВС па пытаннях бяспекі, які спасылаецца на неназванага экс-супрацоўніка брытанскай арміі, лічыць, што ў пэйджары магло быць закладзена ад 10 да 20 грамаў баявога моцнадзейнага выбуховага рэчыва. 

Выбухоўку маглі схаваць у фальшывай электроннай дэталі. Затым выбуховыя прылады павінны былі актывавацца пры дапамозе адмысловага літарна-лічбавага паведамлення. 

Чалавек, які пасля гэтага паведамлення пачынаў карыстацца пэйджарам, прыводзіў яго ў дзеянне — і прылада адразу выбухала, мяркуе эксперт. 

Паводле ацэнак эксперта ВВС, смяротнымі аказаліся менш за 1% выбухаў пэйджараў, аднак сотні людзей атрымалі сур'ёзныя раненні, і інцыдэнт стаў значным псіхалагічным ударам па «Хезбале».


Глядзіце таксама

Меркаванне эксперта: Навошта «Хезбале» пэйджары і якімі могуць быць наступствы? 

Пол Адамс, дыпламатычны аглядальнік ВВС, лічыць, што цяжка прыдумаць удар, які яшчэ быў больш разлічаны на тое, каб пасеяць страх і замяшанне:

— «Хезбала» вельмі залежыць ад пэйджараў для камунікацыі паміж рознымі злучэннямі арганізацыі. Ад мабільных тэлефонаў даўно вырашылі адмовіцца як ад занадта ўразлівых, што прадэманстравала яшчэ ў 1996 годзе забойства спецслужбамі Ізраіля галоўнага інжынера-падрыўніка ХАМАС Яхі Аяша пры дапамозе бомбы, закладзенай у мабільны тэлефон.

Гэтым разам сябры «Хезбалы» гінулі ў супермаркетах, на вуліцах, у машынах, у дамах і нават у цырульнях.

Паведамленні аб здарэннях паступалі з усяго Лівана — ад Бейрута да даліны Бека, і нават з суседняй Сірыі.

Хоць выбухі былі невялікімі, некаторыя прывялі да смяротных траўмаў.

У той час, калі «Хезбала» і Ізраіль знаходзяцца ў стане млявай вайны, гэты напад падарве чалавечыя рэсурсы, сістэму сувязі і, уласна, маральны дух «Хезбалы».

Ізраіль пакуль не каментаваў тое, што адбываецца, але застаецца мала сумненняў у тым, што гэта была праведзеная ім аперацыя.

Ці з'яўляецца яна прэлюдыяй да больш буйной атацы? Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху ўчора сказаў спецпрадстаўніку ЗША Амосу Хахштэйну, што Ізраіль «зробіць усё неабходнае для забеспячэння сваёй бяспекі».

На ліванска-ізраільскай мяжы пакуль няма прыкмет засяроджвання войскаў і бронетэхнікі, неабходнай для буйнога ваеннага ўварвання на поўдзень Лівана, але сённяшнія выбухі ўяўляюць сабой чарговую эскалацыю.

Цяжка ўявіць, што «Хезбала» не адчуе сябе вымушанай адказаць на іх нейкім чынам.

Рэакцыі на падзеі

Прэсавы сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Мэцью Мілер заявіў, што Злучаныя Штаты не маюць дачынення да інцыдэнтаў і не ведаюць, хто вінаваты, але працягваюць збіраць інфармацыю пра здарэнне.

Падзеі ў Ліване выклікаюць надзвычайную трывогу, асабліва ўлічваючы «надзвычай нестабільны» кантэкст, заявіў прэс-сакратар ААН Стэфан Дзюжарык, і дадаў, што ААН асуджае любыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

Ізраільскія ваенныя заявілі, што вышэйшае камандаванне правяло ацэнку сітуацыі, «засяродзіўшы ўвагу як на наступальнай, так і на абарончай гатоўнасці на ўсіх арэнах».

У ім гаварылася, што ніякіх зменаў у рэкамендацыях для цывільных асоб не было, але «грамадскасць просяць захоўваць пільнасць», і людзі будуць апавешчаныя аб любых зменах у інструкцыях.

Афіцыйны прадстаўнік «Хезбалы» сказаў Reuters, што падрыў пэйджараў быў «найбуйнейшым парушэннем бяспекі» групы ў амаль гадавым канфлікце групы з Ізраілем. 

Транспамежная вайна працягваецца з пачатку вайны ў Газе ў кастрычніку мінулага года, калі напад на Ізраіль здзейсніла групоўка ХАМАС.

У выніку сутыкненняў загінулі сотні людзей у Ліване і дзясяткі ў Ізраілі, дзясяткі тысяч пакінулі свае дамы па абодва бакі мяжы. Ізраіль заявіў у аўторак, што спыненне нападаў «Хезбалы» на поўначы, што дазволіць мясцовым жыхарам вярнуцца ў свае дамы, цяпер з'яўляецца адной з афіцыйных мэтаў вайны.

Паводле www.bbc.comwww.holosameryky.comdetaly.co.ilwww.axios.com