The New York Times: Як Ізраіль стварыў «сучаснага траянскага каня»

За некалькі гадоў да падрыву пэйджараў у Ліване ізраільская выведка адкрыла ў Венгрыі падстаўную кампанію, галоўным «кліентам» якой была «Хезбала».

Кратар на паркоўцы медыцынскага цэнтра амерыканскага ўніверсітэта ў Бейруце пасля выбуху прылады сувязі, 18 верасня 2024 года. Фота Wael Hamzeh / EPA / Scanpix / LETA

Кратар на паркоўцы медыцынскага цэнтра амерыканскага ўніверсітэта ў Бейруце пасля выбуху прылады сувязі, 18 верасня 2024 года. Фота Wael Hamzeh / EPA / Scanpix / LETA

У выніку серыі выбухаў пэйджараў, а на наступны дзень — рацый у Ліване загінулі не менш за 30 чалавек, яшчэ каля некалькі тысяч атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. 

Сярод пацярпелых мноства сябраў «Хезбалы», якія выкарыстоўвалі пэйджары для сувязі. 

Афіцыйна Ізраіль не браў на сябе адказнасць за гэтую аперацыю, але негалосна ізраільская выведка прызнае, што стаяла за атакай. 

The New York Times, якая пагаварыла з 12 цяперашнімі і былымі супрацоўнікамі Мінабароны і выведкі Ізраіля, распавядае, як рыхтавалася аперацыя. Суразмоўцы газеты апісваюць яе як «складаную і працяглую», а само выданне называе «сучасным траянскім канём».

Выкарыстоўваць пэйджары для сувязі замест мабільных тэлефонаў сябры «Хезбалы» пачалі яшчэ некалькі гадоў таму — на гэтым, як піша The New York Times, настойваў лідар руху Хасан Насрала. Ён забараніў карыстацца тэлефонамі на сустрэчах баевікоў «Хезбалы» і загадаў, каб дэталі планаў ніколі не перадаваліся па мабільнай сувязі, а чальцы руху заўсёды мелі пры сабе пэйджары. 

У лютым 2024 года Насрала, выступаючы з заявай, яшчэ раз заклікаў пазбавіцца ад тэлефонаў — «закапаць» іх або «прыбраць у жалезную скрыню». Ва ўсім гэтым Ізраіль, як піша NYT, «убачыў шанец».

Паводле звестак крыніц NYT, яшчэ да таго, як «Хезбала» практычна цалкам перайшла на пэйджары, ізраільская выведка стварыла ў Венгрыі падстаўную кампанію BAC Consulting, якая выдавала сябе за вытворцу пэйджараў — і яшчэ дзве падстаўныя кампаніі для прыкрыцця яе дзейнасці. 

У BAC Consulting былі звычайныя кліенты, для якіх яна вырабляла звычайныя пэйджары. Але адзіным кліентам, які, як піша NYT, «сапраўды меў значэнне», была «Хезбала».

Са слоў трох прадстаўнікоў ізраільскай выведкі, пэйджары для «Хезбалы» былі вырабленыя асобна і ўтрымлівалі батарэі з выбуховым рэчывам PETN (па-руску мове вядомая як пента, пентаэрытрытэтранітрат). Пастаўляць гэтыя пэйджары ў Ліван кампанія BAC Consulting пачала ў 2022 годзе ў невялікіх колькасцях, аднак пасля заяў Насралы аб небяспецы мабільных тэлефонаў пастаўкі выраслі.

Ліван сцвярджае, што ізраільская выведка яшчэ некалькі месяцаў таму перахапіла пяць тысяч пэйджараў «Хезбалы» і заклала ў іх выбухоўку. Прылады вырабілі ў Еўропе (магчыма, у Венгрыі)

Нагадаем, 17 верасня ў 15:30 на пэйджары прыйшлі паведамленні. Яны былі на арабскай мове і выглядалі так, быццам зыходзілі ад вышэйшага кіраўніцтва «Хезбалы». Неўзабаве па ўсім Ліване прылады пачалі выбухаць. 

Загінулі не менш за 12 чалавек, яшчэ каля 3000 атрымалі траўмы. 

Глядзіце таксама

Як піша NYT, некаторыя з загінулых былі чальцамі «Хезбалы», некаторыя — не. У ліку загінулых ёсць і дзеці (па некаторых даных, двое, па іншых — чацвёра). NYT распавядае пра дзевяцігадовую Фаціму Абдулу, вучаніцу чацвёртага класа. 

Яна прыйшла дадому са школы і, калі пачула сігнал пэйджара, узяла яго ў рукі, каб аднесці бацьку. У гэты момант пэйджар выбухнуў. Фаціма загінула.

Мемарыял ля пасольства Лівана ў Тэгеране, 18 верасня 2024 года. Фота: Sobhan Farajvan / Pacific Press / ZUMA Press Wire

Мемарыял ля пасольства Лівана ў Тэгеране, 18 верасня 2024 года. Фота: Sobhan Farajvan / Pacific Press / ZUMA Press Wire

Па фатаграфіях пэйджараў, якія выбухнулі, было ўстаноўлена, што яны закупленыя ў тайваньскай кампаніі Gold Apollo. На наступны дзень кампанія выпусціла заяву, у якой гаварылася, што пэйджары AR-924, якія фігуравалі на фота і відэа, вырабленыя BAC Consulting, якая базуецца ў Будапешце і якая мела ліцэнзію на вытворчасць прылад ад самой Gold Apollo.

Financial Times са спасылкай на венгерскі рэестр піша, што BAC Consulting была заснаваная ў траўні 2022 года Крысціянай Расарыяй Барсоні-Арчыдыякона, якой цяпер 49 гадоў. У яе профілі ў LinkedIn указаная доктарская ступень у галіне фізікі элементарных часціц, а таксама праца ў Школе ўсходазнаўства і афрыканістыкі ў Лондане (SOAS) і Лонданскай Школе эканомікі. Выданню NBC Барсоні-Арчыдыякона пацвердзіла, што яе кампанія супрацоўнічае з Gold Apollo, але на пытанне пра пэйджараў адказала, што не займаецца іх вытворчасцю. «Я проста пасярэднік. Думаю, вы памыліліся», — сказала яна.

Глядзіце таксама

Паводле інфармацыі заходняй крыніцы Reuters у сферы бяспекі, у планаванні аперацыі, якая рыхтавалася больш за год, удзельнічала падраздзяленне 8200 Арміі абароны Ізраіля. Спецыялісты гэтага падраздзялення, як сказаў суразмоўца, удзельнічалі ў тэставанні таго, як укараніць этап з начыннем выбухоўкай у вытворчы працэс. Элітнае падраздзяленне 8200, піша Reuters, распрацоўвае і выкарыстоўвае інструменты для збору разведвальных і вельмі рэдка выступае з публічнымі заявамі.

Серыя выбухаў у Ліване, аднак, на гэтым не скончылася — на наступны дзень, 18 верасня, калі ў Бейруце пачалі хаваць загінулых напярэдадні, зноў пачуліся выбухі. У гэты раз іх прычынай сталі рацыі — мяркуючы па фатаграфіях, мадэлі IC-V82 японскага вытворцы электронікі Icom. 

У гэты ж дзень кампанія выпусціла заяву. У ёй гаворыцца, што гэтыя рацыі, якія пастаўляліся на Блізкі Усход з 2004 года, былі знятыя з вытворчасці яшчэ ў 2014 годзе. Больш за тое, з 2020 года кампанія папярэджвала, што амаль усе рацыі IC-V82, даступныя на рынку, з'яўляюцца падробкамі. 

Паводле апошніх звестак міністра аховы здароўя Лівана, у выніку выбухаў за два дні загінулі 37 чалавек. Пры выбуху рацый пацярпелі яшчэ не менш за 450 чалавек.

NYT апісвае, як падчас другой хвалі выбухаў яе рэпарцёра спыніла на вуліцы жанчына, якая маліла даць ёй патэлефанаваць сваім дзецям. Калі журналіст даў ёй мабільны, яна дрыготкімі рукамі набрала нумар і пракрычала ў трубку: «Выключыце свае тэлефоны неадкладна!»

Паводле meduza.io