«Каталонская Ціханоўская» вяртаецца? Палітыкі, якія нас здзівілі

Ці памерла прынцэса Кейт Мідлтан? Ці зможа Каталонія зноў узняць пытанне пра сваю незалежнасць? Ці будуць ва Украіне садзіць на 15 гадоў у турму за ўдзел у семінары? Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.

Джорджа Гэлаўэй

Джорджа Гэлаўэй

Джордж Гэлаўэй, скандальны брытанскі палітык левых поглядаў

Гэлаўэй на днях сенсацыйна вярнуўся ў парламент пасля перамогі па адной з акругаў за кошт прапалесцінскіх лозунгаў. І хаця Гэлаўэй не належыць да буйных фракцый, у парламенце ён не згубіўся. Усё дзякуючы яго сенсацыйным заявам наконт лёсу прынцэсы Кейт Мідлтан — жонкі наследнага прынца Уільяма. 

Нагадаем, што прынцэсу ніхто не бачыў з канца мінулага году. Адсюль каскад самых неверагодных спекуляцый наконт лёсу Яе Высокасці. Як правіла іх агучвалі жоўтыя медыя. Аднак з’явіўся Гэлаўэй і інсінуацыі сталі гучаць з парламенцкай трыбуны. Дэпутат не прайшоў міма нядаўняга відэа, на якім Кейт ідзе побач з Уільямам каля фермерскай крамы. «Ясна, што гэта не Кейт Мідлтан , — сказаў ён. — Гэта жанчына на 20 гадоў маладзейшая, і члены каралеўскай сям'і не пацвердзілі сапраўднасць відэа. Кейт не з'яўлялася на публіцы з Каляд». У другі раз ён увогуле заявіў, што прынцэса памерла.

Падобныя пасажы Джорджа выклікалі крытыку з боку іншых дэпутатаў. Яны крытыкуюць Джорджа Гэлаўэя за тое, што ён «дае кісларод тэорыям змовы». А парламенцкі  кіраўнік ліберал-дэмакратаў увогуле заявіла: «Стыль палітыкі Джорджа Гэлаўэя з'яўляецца плямай на брытанскай дэмакратыі, і яму не месца ў парламенце». Між тым зразумела, што байкі Джорджа будуць  цікавыя брытанцам пакуль не высвеліцца, што адбываецца з прынцэсай. На мінулым тыдні  яна абвясціла, што лечыцца ад раку, аднак ажыятаж вакол стану яе здароўя працягваецца.

Карлес Пучдэмон

Карлес Пучдэмон

Карлес Пучдэмон, адзін з лідараў каталонскіх нацыяналістаў

Пучдэмон, які хаваецца ад іспанскай Феміды ў Бельгіі, вяртаецца ў вялікую палітыку пасля таго, як афіцыйна абвясціў аб сваім вылучэнні ў якасці кандыдата ад партыі Junts per Catalunya на каталонскіх выбарах. Яны адбудуцца 12-га траўня. Пра ён заявіў падчас прэс-канферэнцыі, якую арганізаваў на тэрыторыі  французскай Каталоніі.

Нагадаем, што Пучдэмон ужо займаў пасаду прэзідэнта Каталоніі ў 2016-2017 гадах, калі быў галоўным арганізатарам непрызнанага ўладамі Іспаніі рэферэндуму аб незалежнасці. З канца кастрычніка 2017 года ён жыве ў Бельгіі, адкуль спрабуе каардынаваць апазіцыйны рух. У Іспаніі на яго заведзена шэраг крымінальных спраў, у тым ліку па артыкуле аб тэрарызме. Ордэр на арышт дасюль дзейнічае.

Наўрад ці Пучдэмон збіраецца павярнуцца на радзіму, каб трапіць у турму. Магчыма каталонскі палітык спадзяецца на хуткае ўступленне ў законную сілу закона аб амністыі каталонскіх палітыкаў і актывістаў, які нядаўна ўхваліла ніжняя палата Парламента Іспаніі. Паколькі каталонскія нацыяналісты маюць «залатую акцыю» ў іспанскім парламенце, Пучдэмон сапраўды можа атрымаць амністыю.  У любым выпадку відавочна, што пасля вяртання на радзіму ён працягне барацьбу за незалежнасць Каталоніі. «Я тут сёння для таго, каб завяршыць пачатае», — сказаў палітык падчас згаданай прэс-канферэнцыі.

Мар'яна Бязуглая

Мар'яна Бязуглая

Мар'яна Бязуглая, украінская дэпутатка ад партыі Зяленскага

Бязуглая вядомая скандальнымі заявамі пра пагалоўную мабілізацыю народны дэпутат Украіны з прэзідэнцкай партыі «Слуга народу» і яе калега Галіна Траццякова ўнеслі на разгляд Вярхоўнай Рады законапраект, паводле якога прысваенне функцый дзяржавы будзе карацца пажыццёвым зняволеннем. Канкрэтна прапануецца ўвесці ў Крымінальны кодэкс артыкул у наступнай рэдакцыі: «Прысваенне грамадзянінам Украіны дзяржаўных функцый, у прыватнасці прадстаўленне Украіны на міжнародных мерапрыемствах, перад упаўнаважанымі асобамі ці агентамі замежных дзяржаў, а таксама прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, у тым ліку пры дапамозе перапіскі, тэлефонных размоў, тэлеграфнай і іншай карэспандэнцыі, іншых форм зносін без прадастаўлення на гэта паўнамоцтваў і ўзгадненняў у вызначаным законам парадку — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю на тэрмін ад 10 да 15 гадоў і з канфіскацыяй маёмасці або без такой».

Відавочна, што ў першую чаргу законапраект накіраваны супраць Пятра Парашэнкі, які, будучы ў апазіцыі да Зяленскага, разгарнуў бурную паралельную дыпламатыю. Але гэтак жа гэта будзе біць па іншых палітыках. Сустрэча з паслом або прадстаўніком пасольства любой краіны без апавяшчэння дзяржаўных органаў можа стаць злачынствам. Удзел у канферэнцыі ці абмеркаванне пытанняў, звязаных з варыянтамі дасягнення міру — артыкул. Зрэшты, пад закон могуць трапіць таксама валанцёры, якія карыстаюцца аўтарытэтам ва ўкраінскім грамадстве. Таму ў прапанаваным фармаце яго наўрад прымуць, калі прымуць увогуле.