Клінтан выступіла за расследаванне ваенных злачынстваў Расіі ў Сырыі

Кандыдатка ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан заявіла, што Расія ў Сірыі не ваюе супраць «Ісламскай дзяржавы», а толькі імкнецца захаваць Башара Асада ва ўладзе.

Хілары Клінтан, архіўнае фота "Радыё Свабода"

Хілары Клінтан, архіўнае фота "Радыё Свабода"


«Сітуацыя ў Сірыі катастрафічная. І кожны дзень мы бачым вынік партнёрства Асада з Іранам на зямлі, з Расіяй у паветры — яны вядуць бамбаванні, асабліва ў Алепа, дзе яшчэ засталося, верагодна, каля 250 тысяч чалавек. І расійскія ВПС робяць рашучыя намаганні для знішчэння Алепа, каб знішчыць апошніх сірыйскіх паўстанцаў, якія змагаюцца супраць рэжыму Асада.

Расія не звяртае ніякай увагі на ІД. Яны зацікаўленыя ў тым, каб захаваць Асада ва ўладзе. Калі я была дзяржсакратаром, выступала — і выступаю сёння — за стварэнне беспалётнай зоны і бяспечных зон. Нам патрэбен рычаг уплыву на Расію, таму што яны не сядуць за стол перамоваў з мэтай дамагчыся дыпламатычнага ўрэгулявання, калі няма сродкаў паўплываць на іх», — заявіла Клінтан падчас тэледэбатаў з Дональдам Трампам.

Яна таксама падтрымала ідэю расследавання ваенных злачынстваў Расіі і рэжыму Башара Асада ў Сірыі.

«Я падтрымліваю намаганні па расследаванні злачынстваў, ваенных злачынстваў, учыненых сірыйцамі і расіянамі, каб яны панеслі за іх адказнасць», — цытуе Клінтан «Голас Амерыкі».

У мінулую пятніцу, 7 кастрычніка, дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы заявіў, што дзеянні Расіі ў сірыйскім Алепа ў дачыненні да мірных жыхароў павінны быць расследаваныя як ваенныя злачынствы. Ён назваў расійскія атакі на цывільныя абʼекты «далёкімі ад выпадковасцяў» і абвінаваціў Сірыю і Расію ў мэтанакіраванай стратэгіі «тэрарызавання цывільнага насельніцтва».

8 кастрычніка Расія наклала вета на рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН пра Сірыю, якая тычылася забароны палётаў вайсковай авіяцыі над сірыйскім горадам Алепа.

За падрыхтаваную Францыяй і падтрыманую ЗША і Вялікабрытаніяй рэзалюцыю прагаласавалі 11 чальцоў Рады. Расія і Венесуэла прагаласавалі супраць. Яшчэ дзве дзяржавы ўстрымаліся. Расія — пастаянны чалец Рады Бяспекі ААН, таму яе галасаванне раўназначнае вета.

Перад разглядам дакументу французскі прэзідэнт Франсуа Аланд заявіў, што той, хто заблакуе рэзалюцыю, дыскрэдытуе сябе ў вачах усяго свету.

 

www.svaboda.org