Беларусь верне доўг за газ у абмен на зніжэнне цаны
Кошт расійскага газу для Беларусі будзе істотна зніжаны, заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка 10 кастрычніка пасля даклада Аляксандру Лукашэнку пра дасягнутыя дамоўленасці з Расіяй у сферы паставак энерганосьбітаў.
Паводле слоў Сямашкі, дасягнутая дамоўленасць, што Беларусь "верне пэўную акумуляваную суму, якую расійскі бок разглядае ў якасці запазычанасці за пастаўку газу".
"Мы павінны гэтыя грошы назад вярнуць. Але ўзамен мы атрымалі аднаразовае істотнае зніжэнне цаны газу ўжо сёлета і іншую падтрымку з боку Расіі. І далей (мы запланавалі і пратаколам) акрэслілі траекторыю зніжэння цаны ў наступныя гады", — цытуе віцэ-прэм'ера дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Сямашка адзначыў, што фармальна зніжэнне цаны на газ адбудзецца з 1 ліпеня 2016 года. Аднак дакладную цану віцэ-прэм'ер не назваў, спаслаўшыся на адпаведную дамоўленасць з расійскім бокам. "Механізм зніжэння не такі просты. Там больш складаныя механізмы, як рэальна забяспечыць траекторыю і якім чынам Беларусь будзе мець ад гэтага пэўную выгаду", — сказаў ён.
Што да вяртання сумы за раней пастаўленыя аб'ёмы расійскага газу, то і тут канкрэтная лічба не называецца. Разам з тым Сямашка паведаміў, што вярнуць гэтыя грошы беларускаму боку неабходна да 25 кастрычніка. "Але я буду звяртацца да сваіх расійскіх калег, каб гэта было зроблена трохі ў растэрміноўку. Магчыма, да канца гэтага года", — сказаў віцэ-прэм'ер.
Ён дадаў, што беларускі бок не разглядае гэтыя сродкі ў якасці доўгу. "Шчыра кажучы, мы на падставе тых пагадненняў, якія дзейнічаюць, маглі мець магчымасць і больш за 50 долараў з кожнай тысячы кубаметраў газу пакідаць у сябе. Тое, што пакідалі 25 долараў, — гэта наш кампраміс насустрач Расійскай Федэрацыі, — сказаў Сямашка. — Паколькі Расія пайшла на іншыя пэўныя саступкі і па-іншаму закрывае нам гэтую тэму, і нават больш за тое, мы кажам, што вернем гэтую назапашаную суму. Я яе нават не называю доўгам".
30 верасня ў эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы" міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што доўг Беларусі за пастаўкі расійскага газу складае 270-300 млн долараў.
Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Мінск настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу, Расія з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм'ер урада РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ.
Марына Носава, БелаПАН