КНДР заявіла, што прэвентыўны ядзерны ўдар можа быць нанесены аўтаматычна
Паўночная Карэя прыняла закон, які дапускае прэвентыўны ядзерны ўдар, які можа быць нанесены аўтаматычна.
Вярхоўны Народны Сход — парламент КНДР — прыняў закон аб палітыцы ў дачыненні да ядзерных сіл. Пра гэта паведаміла паўночнакарэйскае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва (ЦТАК).
Закон называе ядзерную зброю галоўнай зброяй КНДР, якая знаходзіцца пад камандаваннем лідара краіны Кім Чэн Ына, і пералічвае выпадкі, у якіх будуць прымяняцца ядзерныя сілы:
калі на КНДР здзейснены напад з прымяненнем ядзернай або іншай зброі масавага паражэння, а таксама калі ў КНДР палічаць пагрозу такога нападу непазбежнай;
у выпадку нападу (або непазбежнасці нападу, на думку КНДР) на кіраўніцтва дзяржавы і кіраўнікоў камандавання ядзернымі сіламі;
у выпадку нападу (або непазбежнасці нападу, па думку КНДР) на важныя стратэгічныя аб'екты краіны;
пры неабходнасці прадухілення пашырэння і зацягвання вайны, узяцця ініцыятывы ў вайне;
пры ўзнікненні іншых абставін, якія выклікаюць «катастрафічны крызіс для існавання краіны, бяспекі жыцця народа».
У законе асобна адзначана, што «пры ўзнікненні пагрозы для сістэмы камандавання і кантролю над ядзернымі сіламі ядзерны ўдар наносіцца аўтаматычна і неадкладна паводле папярэдне складзенага аператыўнага плана для знішчэння варожых сіл, уключаючы крыніцу правакацыі і яе камандны пункт».
КНДР абяцае не размяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі іншых краін і не ўжываць яе супраць бяз'ядзерных краін, калі яны не ўдзельнічаюць у агрэсіі супраць Паўночнай Карэі разам з ядзернымі дзяржавамі.
Кім Чэн Ын у выступленні на пасяджэнні Вярхоўнага Народнага Сходу заявіў, што краіна ніколі не адмовіцца ад ядзернай зброі.
Прыняцце закона дэманструе рашэнне ўрада КНДР зрабіць незваротным статус краіны як «адказнай ядзернай дзяржавы...», піша ЦТАК.
Даследчыкі лічаць, што праграма па стварэнні ядзернай зброі ў Паўночнай Карэі пачалася яшчэ ў 1950-х гадах. У 2005 годзе Паўночная Карэя заявіла аб наяўнасці ў яе ядзернай зброі, а ў 2012-м у новай канстытуцыі абвясціла сябе ядзернай дзяржавай.
У 2013-м быў прыняты першы закон аб ядзернай палітыцы КНДР. Ён прадугледжваў, што Паўночная Карэя можа выкарыстоўваць ядзерную зброю, каб адбіць напад з боку варожай ядзернай дзяржавы і нанесці ўдары ў адказ. Цяпер новы закон пашырае гэтыя рамкі і дазваляе наносіць прэвентыўныя ядзерныя ўдары ў выпадку «немінучай атакі».
Папярэдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у 2018-2019 гадах вёў перагаворы з КНДР па адмове ад ядзернай зброі. Падчас гэтага пацяплення стасункаў Паўночная Карэя заявіла аб прыпыненні ядзерных выпрабаванняў, а амерыканскі і паўночнакарэйскі лідары летам 2018 года ўпершыню ў гісторыі сустрэліся адзін з адным. Але другая сустрэча Трампа і Кіма ў лютым 2019-га скончылася правалам. Яны не дамовіліся пра тое, на якіх умовах Паўночная Карэя адмовіцца ад ядзерных распрацовак, а ЗША — здымуць з яе санкцыі. Пасля гэтай няўдачы КНДР стала яшчэ больш замкнёнай і закрытай краінай, чым раней.
Паводле Meduza