Крызіс на канікулах

У Грэцыі адбыўся еўрапейскі з’езд антыглабалістаў, так званы «Альтэрсаміт», што дало шанс запрошанаму на гэту імпрэзу журналісту НЧ паспрабаваць на ўласныя ўражанні акрэсліць партрэт Грэцыі ў часы крызісу.



greece_sleeping_in_a_tree_by_crazylittlehanyou.jpg

Як ні дзіўна гучыць, крызісныя карцінкі ў Грэцыі яшчэ трэба пашукаць. У цэнтры Афінаў, куды спецыяльныя аўтобусы дэсантуюць турыстаў з аэрапорту, няма нічога, што ў нашай свядомасці звязана з тэрмінам «крызіс», — жабракоў, панурых постацяў з таблічкамі «шукаю працу» або маніфестацый раз’юшаных прафсаюзаў.

 

Грэчаская сталіца выглядае стэрэатыпна, як любы турыстычны цэнтр. Традыцыйна рускія турысты з картамі ў руках блукаюць па звыклым маршруце — на Акропаль і да самых дарагіх буцікаў. Традыцыйна запоўненыя вулічных кавярні: паводле статыстыкі, кожны грэк ахвяруе на піццё кавы каля дзвюх гадзін на суткі. Больш таго: нягледзячы на крызіс, крамы дазваляюць сабе зачыняцца пасля абеду на дзве гадзіны, каб усе супрацоўнікі адпачылі ў цяньку.

 

Дарэчы, для турыстаў у крызіснай Грэцыі сапраўдны рай. Цэны ў параўнанні з тым жа Крымам або Адэсай проста смешныя. Месца ў хостэле ў цэнтры Афінаў — 7–8 еўра. У сапраўдным гатэлі ў паўсотні метраў ад мора — 20 еўра.

 

Адзінае, што рэжа вока інтурысту ў Афінах — маса паліцыі самых розных фармаванняў — муніцыпальныя, нацыянальныя, рэгіянальная і г.д. Прычым, большасць з іх пры поўным боекамплекце — зброя, шчыты, бронекамізэлькі. Нашто такая экіпіроўка, цяжка сказаць. Відавочна, што галоўная небяспека ў цэнтры — гэта крадзеж па кішэнях і падман турыстаў. Прыкольна назіраць, як некаторыя іншаземцы клююць на гульню ў карты, якая тут замяняе гульню ў напарстак: трэба здагадацца, пад якой з трох карт хаваецца туз. У людных месцах прайдзісветы раскладваюць пасьянас і «абуваюць» даверлівых, найчасцей з немцаў і амерыканцаў.

 

Афіны — горад кантрастаў. Сапраўдны крызіс можна пабачыць, калі ад’ехаць ад цэнтра на 3–4 станцыі метро. Кліенты мясцовых крамаў — не багатыя турысты, а звычайныя грэкі. Іх пакупніцкая здольнасць цяпер вельмі нізкая. Таму шматлікія крамы зачыненыя, а жалюзі дзвярэй сталі пляцоўкай для творчасці вулічных мастакоў. Галерэі графіці на жалюзі зачыненых камерцыйных устаноў цягнуцца на цэлыя кварталы. Цікава, што ніякага сацыяльнага напружання ў дэпрэсіўных раёнах не назіраецца. Магчыма, таму, што з-за спёкі мала хто паказвае нос на вуліцу.

 

Яшчэ адным сродкам змяншэння пратэсту з’яўляецца пляж. На мясцовых пляжах поўна маладых людзей, якія ляніва загараюць або рэжуцца ў пляжны футбол і тэніс. Калі меркаваць па прэсе, шмат каму з грэкаў сімпатычныя метады выжывання, якія практыкаваліся ў нас у бурныя 1990-я. Прачытаў, што на днях двум маладзёнам далі 11 гадоў за тое, што яны скралі 100 метраў кабелю недзе на грэчаскай чыгунцы.

 

«Грэцыя спіць!» — паскардзілася адна з рускамоўных грачанак, з настальгіяй згадваючы палітычна гарачы мінулы год. Сонны стан элінаў часткова засведчыла і сціплая колькасць удзельнікаў збораў антыглабалістаў. Месца правядзення было вельмі сімвалічнае — спартовы комплекс на поўначы Афінаў, дзе ў 2004 годзе праходзілі алімпійскія гульні.

 

Ёсць меркаванне, што ўсе праблемы Грэцыі пачаліся з той Алімпіяды. У лепшым выпадку, гэтая бетонная канструкцыя выкарыстоўваецца працэнтаў на 30. У лабірынце калідораў стадыёнаў можна лёгка заблукаць з-за адсутнасці любой жывой душы. Кожнаму зразумела, што нехта нарубіў капусты за кошт раздзьмутага бюджэту і адкатаў на замовах будаўнічым кампаніям. Тая Алімпіяда выклікала будаўнічы бум, крэдытную ліхаманку, якія скончыліся банкаўскім крызісам трохгадовай даўніны.

 

Менавіта з нагоды трохгадовага юбілею краху і сабраліся ў Афінах антыглабалісты. Адначасова з тым крызісам у лексіконе еўрапейскай палітыкі з’явіўся тэрмін «жорсткая эканоміка» (austerity). У яе аснове — ідэя бюджэтнай эканоміі за кошт скарачэння публічнага сектару, сацыяльных правоў і бонусаў. Пакуль ніякіх відавочных поспехаў гэты курс не прынёс ні ў Грэцыі, ні ў іншых краінах. Затое ў Еўропе дзякуючы austerity ўжо 120 мільёнаў чалавек належаць да катэгорыі беднякоў.

 

На думку выступоўцаў, такая тэндэнцыя стварае ў грамадстве вялікую групу сацыяльных маргіналаў, што позна або рана прывядзе да адмовы ад дэмакратычнай мадэлі грамадства. Альтэрнатывы дзве — або маргіналізаваны электарат прагаласуе за нейкага папуліста, які распачне аўтарытарны эксперымент. Або палітычная эліта паспрабуе дзеля бяспекі абмежаваць удзел бедных грамадзян у прыняцці важных грамадска-палітычных рашэнняў.

 

Цікава, што на «Альтэрсаміце» шмат казалі пра пагрозу, якую палітыка austerity нясе для будучыні Еўрапейскага саюза. Гэта нешта новае для такіх форумаў левых партый. Раней Еўрасаюз разглядаўся як той Молах, які нішчыць лакальную дэмакратычную палітычную культуру на карысць брусэльскай бюракратыі, звязанай з буйным бізнэсам.

 

Цяпер левыя спрабуюць разглядаць еўраінтэграцыю як моцную зброю супраць росту правых і нацыяналістычных настрояў на месцах. Праўда, на думку левых, каб эфектыўна змагацца з папулісцкай хваляй, трэба рэвізія прынцыпаў еўраінтэграцыі. А менавіта, перш за ўсё, неабходна адмяніць Фіскальны пакт, Мемарандум тройкі і іншыя дакументы, якія вызначаюць цяперашнюю антысацыяльную эканамічную палітыку ЕС. Выхад з крызісу бачыцца ў тым, каб не зніжаць сацыяльныя стандарты, а наадварот, уздымаць іх, каб выклікаць рост попыту і, як вынік, вытворчасці. Адным словам, прымяніць парады Джона Кейнса, з дапамогай якіх перамаглі Вялікую дэпрэсію. Адзіная інавацыя — цяперашнія левыя патрабуюць большага кантролю над банкаўскім сектарам, праз структуры якога грошы могуць збегчы невядома куды.

 

Усе тэзісы праграмы былі агучаныя ў рамках прэзентацыі так званага «Афінскага маніфесту», якая нагадвала шоў. Палітыкі, сацыяльныя актывісты, феміністы з розных краін па чарзе выходзілі на сцэну, каб выкрыць хібы ненавіснага austerity. Напрыканцы яны добра завялі аўдыторыю. Думаецца, калі б на гэты саміт трапіла Ангела Меркель, ад яе не засталося б і мокрага месца.

 

Галоўным трыбунам на імпрэзе быў, безумоўна, Алексіс Ціпрас — маладая зорка грэчаскай левай палітыкі. Дзякуючы крызісу яго малавядомая партыя SYRIZA атрымала на леташніх выбарах 27 працэнтаў. Цікава, што 38-гадовага Алексіса не любяць не толькі мясцовыя правыя і фашысты, аднак таксама сталіністы-камуністы, якія напярэдадні «Альтэрсаміту» заклікалі да байкоту імпрэзы, паколькі Алексіс і яго сябры — апартуністы.

 

Аднак, хутчэй, SYRIZA — не апартуністы, а новая творчая генерацыя левых палітыкаў, якія намагаюцца фармаваць незвычайны блокі і палітызаваць грамадства, выкарыстоўваючы самыя незвычайныя тэксты. Так, фінальную дэманстрацыю пасля «Альтэрсаміта» SYRIZA ўмудрылася аб’яднаць з нейкім маршам супраць гамафобіі. У выніку на вуліцы ўдалося вывесці вялікую масу тынейджараў, якім чамусьці гэта тэма вельмі блізкая. Натоўп, у ар’ергардзе якога два аголеных мужыка ў кузаве грузавіка бясконца цалаваліся і абдымаліся, дайшоў да будынка парламента. Усё гэта выглядзела як нейкі карнавал. Аднак аказалася, што гэта апошні хвіліны перадышкі.

 

Праз два дні пасля закрыцця «Альтэрсаміту» на грамадскім тэлебачанні і радыё адбыўся лакаўт. Сітуацыя імкліва абвастрылася. У сталіцы прайшла вялізарная маніфестацыя пратэсту. Прафсаюзы абвясцілі агульны страйк. Чакаючы свайго рэйсу ў афінскім аэрапорце, прачытаў, што палітолагі не выключаюць датэрміновых выбараў у парламент. Грэцыя зноў прачнулася.