Куба. Агонія дыктатуры пачалася, ці…?

На Кубе зноў адбыліся пратэсты. І гэтым разам дзіўным чынам усё скончылася не хапуном і турэмнымі тэрмінамі, а нечаканай згодай уладаў весці перамовы з пратэстоўцамі.

Пратэсты на Кубе ў 2021 годзе. Фота з flectone.ru

Пратэсты на Кубе ў 2021 годзе. Фота з flectone.ru

Кубінскае міграцыйнае выданне Diario de Cuba 7 сакавіка паведаміла, што на Кубе імкліва фарміруецца чорны рынак кацінага мяса. Навіна жудасная, аднак, напэўна, не такая ўжо экстравагантная, калі ўспомніць якія «траблы» перажывае ў апошні час кубінская гаспадарка.

Пасля заканчэння пандэміі COVID-19 цэны на паліва ў свеце выраслі, што моцна ўдарыла па мясцовым энергетычным сектары, дзе большая частка электраэнергіі выпрацоўваецца на нафтавых электрастанцыях. Падвяла і Венесуэла — адзін з нямногіх саюзнікаў Гаваны. Венесуэла таксама перажывае нялёгкія часы і не можа пастаўляць нафту ў межах «гуманітаркі». Прыйшлося эканоміць на нафце, што выклікала веерныя адключэнні электрычнасці ў шматлікіх гарадах (яны часам перавышаюць 10 гадзін у дзень).

Так ці інакш, нафту, якой усё роўна бракуе, даводзіцца купляць за валюту. Гэта стварыла не толькі дзірку ў бюджэце памерам у 18 працэнтаў ад яго. Сродкаў для закупкі і імпарту харчавання (яно таксама хранічна ў дэфіцыце) таксама засталося мала. У спалучэнні з дрэнным ураджаем усё прывяло да недахопу харчавання, што і стала крыніцай паўстання рынку кацінага мяса 

Відавочна, што ўлады маніторылі сітуацыю і нешта рабілі, каб не дапусціць сацыяльнага выбуху, які стоадстокава набыў бы палітычныя адценні. Таму некаторыя захады былі прынятыя ўжо ў сярэдзіне сакавіка. Напрыклад, быў звольнены міністр эканомікі — па абвінавачанні ў карупцыі. Гэты крок быў пошукам нейкіх «казлоў адпушчэння», каб адцягнуць увагу грамадскасці. Былі мабілізаваныя спецслужбы і сілавы апарат.

Аднак нават кубінскія спецслужбы, якія зачысцілі ўсё што можна, аказаліся няздольныя прадбачыць дзе пачнецца фронда. На гэты раз крыніцай пратэсту стала банальная чарга за курыным мясам у горадзе Санцьяга-дэ Куба. Па ходзе сярод тых, хто стаяў у чарзе, пайшла чутка, што мяса можа не хапіць на ўсіх. У выніку пачаўся хаос, які скончыўся стыхійным шэсцем пад апазіцыйнымі лозунгамі.

Пратэсты мелі такі маштаб, што кубінскі ўрад, які яшчэ ўчора не прызнаваў за людзьмі права мець альтэрнатыўную думку, цяпер заклікае да дыялогу і хутка прымае меры па ліквідацыі прычын незадаволенасці. Урадавыя агенты пачалі раздаваць субсідаваныя пайкі, у тым ліку курыцу, рыс, цукар і малако. Па словах жыхароў і назіраннях агенцтва Reuters, электразабеспячэнне ў горадзе стала значна больш рэгулярным.

Зрэшты, нейкія рэпрэсіі мелі месца. Па даных іспанскай арганізацыі Prisoners Defenders пасля пратэстаў 17 сакавіка па ўсёй краіне былі арыштаваныя 38 чалавек, у тым ліку некалькі чалавек у Санцьяга. Кубінскія ўлады заявілі, што некаторыя пратэстоўцы здзейснілі злачынствы ў форме грамадскага непадпарадкавання або актаў вандалізму, але не падалі канкрэтную інфармацыю аб затрыманнях.

Імкнучыся здушыць пратэсты, кубінскі ўрад таксама закрыў увесь доступ да Інтэрнэту простым людзям, каб перашкодзіць пратэстоўцам арганізавацца, як гэта было падчас пратэстаў 2021 года. Цікава, што ў адказ нейкі амерыканскі кангрэсмен кубінскага паходжання заклікаў адміністрацыю Байдэна прадаставіць пратэстоўцам спадарожнікавы Інтэрнэт.

Між тым прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль ужо наведаў Санцьяга, каб дзяжурна абвінаваціць Злучаныя Штаты і «капіталістычныя СМІ» ў распальванні пратэстаў. На мясцовым ТБ нечакана ў арганізацыі маніфестацыі абвінавацілі… мафію з Фларыды!

З іншага боку ўлады вуснамі Дыяс-Канэля рэжым нечакана заявіў, што ён і яго адміністрацыя гатовыя весці дыялог з грамадзянамі. Такога на Кубе не было вельмі даўно. Нагадаем, што з удзельнікамі пратэстаў 2021-га не цырымоніліся. Тады былі затрыманыя больш за 1000 чалавек. 

Пакуль сітуацыя і перспектывы новай пратэснай хвалі застаюцца незразумелымі. Нягледзячы на намаганні ўладаў, пратэстамі ў Санцьяга справа не абмежавалася. Вядома, што падобныя выступленні ўспыхнулі ў гарадах Эль-Кобра і Баяма. Больш дробныя групы сабіраліся ў Санта-Марце, недалёка ад марскога курорта Варадэра, і ў горадзе Матансас.

У любым выпадку гатоўнасць уладаў размаўляць з грамадзянамі ўспрынятая цэнтрамі міграцыі як гістарычны прарыў. Апазіцыя аператыўна заклікала міжнародных лідараў падтрымаць пратэстоўцаў, каб забяспечыць мірны пераход да дэмакратыі.

Ужо прапанваны чатырохэтапны план па вяртанні дэмакратыі на Востраў Свабоды. Першы этап — прызнанне і гарантыя абароны правоў чалавека для ўсіх кубінцаў, другі — «абавязковы плебісцыт, які рэалізуе выбарчыя гарантыі і гарантыі празрыстасці», каб пакласці канец аднапартыйнай дзяржаве, па-трэцяе, «ініцыяваць пераходны працэс, які ўсталюе дэмакратычныя інстытуты» і, нарэшце, «вольныя і шматпартыйныя выбары» для стварэння новага народнага ўрада.

Гучыць трошкі фантастычна. Аднак варта нагадаць, што толькі ўчора публічная гатоўнасць кубінскіх камуністаў весці дыялог з народам таксама падавалася фантастыкай.