Кубінскі фронт Трампа

Як вядома, Дональд Трамп зноў адкрыў амерыкана-кубінскі фронт — абвясціў пра перагляд амерыкана-кубінскай дамовы, якую заключыў з братамі Кастра яго папярэднік Барак Абама.

Фота www.univision.com

Фота www.univision.com

У 2015 годзе падчас гістарычнага візіту на востраў Свабоды, візіту, які паклаў канец працягламу амерыкана-кубінскаму канфлікту, Барак Абама вельмі шмат казаў пра новую эру ў адносінах паміж краінамі. У доказ сваіх словаў Абама нават спрабаваў па-сяброўску абняць Рауля Кастра, які, аднак, ад абдымкаў устрымаўся. Яго жэст прэса трактавала як праяву недаверу да прыгожых словаў янкі.

Рауль меў рацыю. Дональд Трамп абвясціў пра перагляд вынікаў кубінскага візіту Абамы. На яго думку, санкцыі трэба захаваць, пакуль Куба не будзе адпавядаць шэрагу дэмакратычных стандартаў.

Нягледзячы на рашучасць Трампа, крыніцы кажуць, што пра вяртанне часоў жорсткага эмбарга гаворкі не ідзе. Афіцыйны прадстаўнік Белага дома на ўмовах ананімнасці паведаміў «The Associated Press», што ўнутраныя дыскусіі па пытаннях палітыкі адносна Кубы ў асноўным тычацца інвестараў. У Вашынгтоне будуць намагацца не дапускаць інвестыцый у кубінскія кампаніі, якія звязаныя з GAESA — кубінскім холдынгам, блізкім ды мясцовага ВПК. Магчыма, некаторым катэгорыям амерыканскіх дзяржаўных службоўцаў забароняць наведваць вотчыну Кастра як турыстам.

Пры гэтым, як і зараз, можна будзе пераводзіць на Кубу сродкі. Не збіраецца Трамп зачыняць і пасольства ЗША ў Гаване. Не кажучы ўжо пра тое, што ніхто не будзе, як у старыя часы, канфіскоўваць на амерыканскай мытні кубінскія ром і цыгары. Пра нежаданне Трампа ваяваць з Кубай усур'ёз свед­чыць і адмова Белага дома вяртаць кубінцам міграцыйныя льготы, якія скасаваў Абама.

Не дзіўна, што многія палітолагі падазраюць Трампа ў намеры разыграць кубінскую карту, каб прыцягнуць на свой бок частку рэспубліканцаў, сярод якіх хапае антыкастрыстаў. Сярод іх — уплывовы сенатар кубінскага паходжання Марка Рубіа.

І ўжо зараз можна казаць, што гэта быў памылковы крок амерыканскага кіраўніка. Нават у асяроддзі кубінскай эміграцыі ідэя вярнуць санкцыі выклікала незадаволенасць. Як піша прэса, частка камуны лічыць, што змены на Кубу можна прынесці менавіта праз пашырэнне кантактаў з замежжам. Прычым, да групы самых вялікіх прыхільнікаў лібералізацыі адносінаў з Кубай належаць маладыя мігранты. Юнакі мараць выкарыстаць адкрыццё кубінскага рынку для самарэалізацыі.

Незадаволены Трампам і амерыканскі бізнес. Аграрыі, пасля візіту Абамы, пачалі будаваць планы заваліць кубінцаў харчамі аж на мільярд долараў штогод. Паклалі вока на Кубу і ўладальнікі гатэльнага бізнесу. Аднак, хутчэй за ўсё, найбольш пацерпіць кампанія Google. Яна не так даўно з вялікай помпай адкрыла кубінскі офіс і марыла стаць лідарам мясцовых тэлекамунікацый.

Крытыкуючы рашэнне Белага дома, бізнесоўцы звяртаюць увагу на ўнікальнасць цяперашняй кубінскай сітуацыі. Сёння яе можна параўнаць з нашымі 1990-мі гадамі, калі актыўна ішоў працэс падзелу рынка. Калі амерыканцы праз Трампа будуць «тармазіць», то самыя тлустыя шматкі дастануцца іншым. Бразілія ўжо ўклала мільярд долараў у будаўніцтва на Кубе новага марскога порта.

Што тычыцца праваабаронцаў, то, паводле апошніх, палітыка ізаляцыі толькі ўзмацніць фракцыю аматараў жорсткай лініі ў кіраўніцтве Кубы. Сапраўды, Гавана адрэагавала вельмі рашуча. Адміністрацыя Рауля Кастра адразу асудзіла «варожую рыторыку» Трампа, расцаніўшы яе як замах на кубінскі суверэнітэт. «Любая стратэгія з намерам змяніць палітычную, эканамічную і сацыяльную сістэму на Кубе будзе асуджаная на правал», — пад­крэсліваюць у ведамстве Кастра.

Кубінскія карэспандэнты замежных медыя паведамляюць, што простыя кубінцы таксама не зразумелі ідэі Трампа. Як піша прэса, шмат хто паверыў, што замежны турызм зможа падняць іх дабрабыт. Для даведкі: у 2016-м краіну наведалі 285 тысяч турыстаў, што на 75 працэнтаў больш, чым у 2015 годзе. Больш за палову гэтых турыстаў складалі амерыканцы.

Можна зрабіць выснову, што выхадкі Трампа, хутчэй, спрыялі кансалідацыі і стабілізацыі кубінскага рэжыму. Аднак пра канчатковую перамогу пакуль казаць нельга. Куба знаходзіцца напярэдадні цяжкіх часоў праз эканамічны і палітычны крызіс у суседняй Венесуэле, за кошт якой цалкам вырашалася энергетычная праблема, а бюджэт папаўняўся на 20 працэнтаў. Пакуль не зразумела, хто здолее выступіць у ролі новага фундатара Гаваны. Згадваюць Пекін, аднак вялікага інтарэсу да Кубы ў кітайцаў не назіраецца. Як следства, нават расійская прэса дапускае тэзіс: «У стратэгічнай перспектыве ў Гаваны няма іншага выбару, акрамя як вярнуцца, пасля шматгадовай паўзы, у арбіту Вашынгтона».

Аглядаючы рэакцыю на антыкубінскія ініцыятывы Трампа, нельга прайсці міма цікавай версіі. На думку яе адэптаў, на дэмарш супраць Кубы Трампа падштурхнулі вынікі плебісцыту ў Пуэрта-Рыка — суседнім востраве, чый афіцыйны статус ужо стагоддзе як размыты (выспа была захопленая амерыканцамі падчас вайны з іспанцамі ў 1898 годзе, аднак тэрыторыяй ЗША не стала). 11 чэрвеня 2017 года там адбыўся ўжо пяты рэферэндум, на якім 97% выбаршчыкаў выказаліся за тое, каб Пуэрта-Рыка стала 51-м штатам ЗША. Маўляў, у Вашынгтона ёсць падступны план — паступовае інтэграванне суседняй з Кубай карыбскай выспы стане для кубінцаў свайго роду дэманстрацыяй культурна-палітычнай альтэрнатывы.