Белы дом падазрае Асада ў падрыхтоўцы новай хімічнай атакі

Вашынгтон заявіў, што Башар Асад, магчыма, рыхтуецца правесці новую хімічную атаку, і паабяцаў, што, калі гэта здарыцца, сірыйскі дыктатар дорага за яе заплаціць.

Белы дом Фота JEWEL SAMAD

Белы дом Фота JEWEL SAMAD

Белы дом заявіў, што назірае падрыхтоўку, падобную да той, якую падручныя Асада вялі перад хімічнай атакай 4 красавіка.

"Як мы раней заяўлялі, ЗША знаходзяцца ў Сірыі для знішчэння "Ісламскай дзяржавы" ў Іраку і Сірыі. Аднак, калі Асад здзейсніць яшчэ адно масавае забойства з ужываннем хімічнай зброі, ён і яго ваенныя заплацяць высокую цану", — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома Шона Спайсера.

ЗША падкрэслілі, што новая атака з ужываннем хімічнай зброі ў Сірыі пагражае абярнуцца масавым забойствам мірных грамадзян, у тым ліку дзяцей.

Хімічная атака ў сірыйскім горадзе Хан-Шэйхун у правінцыі Ідліб была здзейснена 4 красавіка. У выніку авіяўдару па кантраляваным паўстанцамі горадзе загінулі 87 чалавек, сярод ахвяр было шмат дзяцей.

Заходнія лідары абвінавацілі ўлады Сірыі ў мэтанакіраванай хімічнай атацы на мірнае насельніцтва. Сірыйская апазіцыя назвала вінаватымі атацы ўрадавыя войскі Сірыі.

Асад заявіў, што яго войска не нясе адказнасці за гібель людзей у Хан-Шэйхуне.

 

Сярод пацярпелых ад распылення зарыну ў Ідлібе было нямала дзяцей. Фота AFP

Сярод пацярпелых ад распылення зарыну ў Ідлібе было нямала дзяцей. Фота AFP

Праз тры дні пасля нападу на Ідліб, у ноч на 7 красавіка, два амерыканскія эсмінцы, якія знаходзіліся ў Міжземным моры на поўдзень ад Кіпра, выпусцілі 59 крылатых ракет "Тамагаўк" па аэрадроме Шэйрат на захадзе сірыйскай правінцыі Хомс.

Звесткі пра ахвяраў гэтага абстрэлу разыходзяцца. Губернатар Хомса паведаміў, што загінулі сем чалавек, з якіх пяцёра — вайскоўцы, а двое — грамадзянскія. Сірыйскія ўзброеныя сілы заявілі пра страту 10 сваіх вайскоўцаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў гэты ракетны ўдар адплатай за хімічную атаку ў правінцыі Ідліб. Асад лічыць яго безадказным і неразумным крокам.

У Крамлі асудзілі дзеянні ЗША і заявілі, што ўдары па сірыйскай авіябазе дэ-факта былі нанесеныя ў інтарэсах забароненых у Расіі груповак "Ісламская дзяржава" і "Джэбхат ан-Нусра". Як падкрэсліў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ў выступе 2 чэрвеня на пленарнай сесіі Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, Масква перакананая, што Дамаск не ўжываў хімічную зброю.

Паводле ВВС