Літва думае, як дапамагчы беларусам
Увядзенне нацыянальных санкцый у дачыненні да 30-ці высокапастаўленых службовых асобаў Беларусі — гэта першы крок. Урад Літвы ўжо абмяркоўвае, як дапамагчы пацярпелым ад рэжыму беларусам, кажа міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
Па словах Лінаса Лінкявічуса, увядзенне першых нацыянальных санкцый Літва ўзгадняла з Латвіяй і Эстоніяй, гэты крок прадпрыняты ва ўсіх Балтыйскіх краінах адначасова, аднак гэта не значыць, што ў трох нацыянальных спісах значацца адны і тыя ж прозвішчы, толькі лік прозвішчаў аднолькавае.
У літоўскім спісе замежнікаў, якім забаронены ўезд у Літву — Аляксандр Лукашэнка, адзін з яго сыноў, некалькі міністраў, кіраўнікі КДБ, міліцыі, Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Міністэрства замежных спраў прапанавала Міністэрству ўнутраных спраў уключыць у "чорны спіс" 118 службовых асоб Беларусі.
"Іншыя прозвішчы таксама будуць разглядацца, гэта толькі першы этап", — падкрэсліў Лінкявічус.
Ён падкрэсліў, што не варта канцэнтравацца толькі на санкцыях. Па словах міністра, трэба "сканцэнтравацца на дапамогі жыхарам Беларусі". Лінас Лінкявічус сказаў, што ўрад неўзабаве прадставіць праект мер, які прадугледжвае дапамогу ахвярам рэжыму, магчыма, дапамогу ў галіне асветы, "што звязана са стыпендыямі студэнтам, навукоўцам, дапамогай грамадзянскай супольнасці". Паводле яго слоў, абмяркоўваецца і спрашчэнне механізму выдачы віз грамадзянам Беларусі. Лінкявічус адзначыў, што ў Еўрасаюзе ўжо падтрымалі яго ідэю стварыць фонд дапамогі ахвярам рэжыму Лукашэнкі. Еўракамісія пастанавіла вылучыць на гэта 2,4 млн еўра.
Кіраўнік МЗС таксама сказаў, што адначасова ідзе ўзгадненне еўрапейскіх санкцый для прадстаўнікоў беларускага рэжыму.
"Еўрапейскія санкцыі нашмат больш магутныя па юрыдычных мерах (...) Яны прадугледжваюць забарону на ўезд у Шэнгенскую зону і замарожванне рахункаў", — падкрэсліў Лінас Лінкявічус.
Упершыню абмежавальныя меры для Беларусі былі ўведзены ў 2004 годзе з-за знікнення чатырох чалавек. У 2011 годзе Еўрасаюз увёў дадатковыя санкцыі для асоб, якія ажыццяўлялі рэпрэсіі.
Паводле delfi.lt