Літва хоча праводзіць рэнтген-кантроль чыгуначных саставаў з Беларусі
Мытны дэпартамент Літвы падпісаў дамову аб усталяванні на чыгуначным КПП у Кене на мяжы з Беларуссю сістэмы рэнтгенаўскага кантролю саставаў, якія праходзяць ў Літву.
![s1200_2.jpg s1200_2.jpg](/img/v1/images/s1200_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Кантракт на ўкараненне на чыгуначным кантрольна-прапускным пункце ў Кене рэнтгенаўскага абсталявання для дагляду цягнікоў заключаецца з філіялам кітайскай карпарацыі Nuctech ў Варшаве. Пакуль дамова падпісаная толькі літоўскім бокам», — паведаміў прадстаўнік ведамства Вітас Валунгявічус, піша АФН.
Кошт кантракту не называецца. «Пакуль дакумент канчаткова не падпісаны, лепш не казаць пра цану», — адзначыў прадстаўнік дэпартамента.
Адзначаецца, што папярэдні кошт устаноўкі ў Кене рэнтгенаўскага абсталявання Nuctech складае блізу 4 млн еўра. Чакаецца, што яно можа быць змантавана і пачаць працаваць у другім квартале 2022 года.
Літоўская ўрадавая камісія, якая ацэньвае дагаворы, змест якіх можа паўплываць на інтарэсы нацыянальнай бяспекі, у жніўні бягучага года не выказала пярэчанняў па кантракце з кітайскай карпарацыяй, хоць у лютым Кабмін Літвы заблакаваў ўкараненне распрацаванай у Кітаі сістэмы рэнтгенаўскага кантролю багажу ў аэрапортах. Тады некаторыя літоўскія палітыкі сцвярджалі, што кітайскае абсталяванне здольна збіраць дадзеныя аб багажы авіяпасажыраў.
Варта нагадаць, што ў гэтым годзе літоўскія памежнікі і мытнікі канфіскоўвалі у тым ліку і ў цягніках, якія ідуць з Беларусі, велізарныя партыі кантрабандных цыгарэт вытворчасці гродзенскай фабрыкі «Нёман».