МУС ЛІтвы: Беларускі рэжым адкрывае новыя шляхі нелегальнай міграцыі
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ заявіла, што мінскі рэжым шукае і адкрывае новыя шляхі нелегальнай міграцыі ў ЕС, піша delfi.lt.

«Cёння мы бачым, што Беларусь вельмі інтэнсіўна шукае новыя шляхі: перш за ўсё, спрабуюць скарыстацца сітуацыяй у Афганістане, а таксама, паводле нашых звестак, ужо ёсць новы бязвізавы парадак для адпаведных краін: Пакістана, Ірана, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Егіпта», — сказала міністарка журналістам у Сейме ў аўторак.
«Мы таксама бачым рашэнні, якія дазваляюць прыляцець не толькі ў мінскі, але і ў іншыя аэрапорты», — дадала яна.
Паводле слоў Білатайтэ, гэта дэманструе, што беларускі рэжым і далей спрабуе аказваць ціск на Літву і на іншыя краіны Еўрасаюза.
Сёлета ў Літву праз мяжу з Беларуссю незаконна трапілі больш за 4,1 тыс. мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Вільня абвінавачвае беларускі рэжым у арганізацыі патоку мігрантаў і называе гэта гібрыднай агрэсіяй. У сувязі з гэтым у краіне аб'яўлена экстрэмальная сітуацыя.