Майдан: Не рабі сабе куміра!

Спадзевы на «крытычную масу» і мітынговы бліцкрыг, які адным махам вырашыць усе праблемы — тыповы ўзор мыслення беларускага пратэстоўца. Бо заўтра сабрацца ўжо не дадуць.



za_naszu_logo.jpg

Такі падыход абумоўлены аб'ектыўнымі абставінамі. Магчыма, ён нават апраўданы ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму. Але сам ён ад гэтага не робіцца меней аўтарытарным.
Мой выпадковы спадарожнік, мінскі праграміст Аляксей, разважаў па дарозе на Кіеў у мінулую суботу: «Калі ў нядзелю збярэцца крытычная маса людзей, тады будзе толк. Потым нічога не атрымаецца. Майдан — гэта, вядома, крута. Толькі хіба можна змяніць уладу стаяннем на месцы?» Ён маральна рыхтаваў сябе да магчымага штурму ўрадавых установаў, пабойваўся сутычак з міліцыяй, але і смакаваў іх  наперад. Ніякага штурму не адбылося. Заўважна расчараваны, Аляксей вярнуўся дадому раней, чым папярэдне планаваў.

vampire_logo.jpg


Спакуса простых рашэнняў


Спадзевы на «крытычную масу» і мітынговы бліцкрыг, які адным махам вырашыць усе праблемы —  тыповы ўзор мыслення беларускага пратэстоўца. Бо заўтра сабрацца ўжо не дадуць. 

Такі падыход абумоўлены аб'ектыўнымі абставінамі. Магчыма, ён нават апраўданы ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму. Але сам ён ад гэтага не робіцца меней аўтарытарным. 


На зваротным шляху я разгаварыўся ў цягніку з адэсітам Валянцінам, былым вайскоўцам, прыхільнікам адзінаўладдзя, вялікім сімпатызантам Лукашэнкі. Валянцін таксама крытыкаваў Майдан за «бессэнсоўнае стаянне». Не таму, што ён за Януковіча ці супраць асноўных патрабаванняў Майдану. «Проста трэба было ўсё вырашаць у адзін дзень. Парваць гэтых беркутаўцаў на шматкі прама на Хрышчаціку. І браць уладу», — патлумачыў ён сваю пазіцыю. 

yolka_logo.jpg


Чаму украінцы не сталі «рваць» і «браць»


Чаму ж украінцы не сталі «рваць» і «браць»? Няма падставаў падазраваць іх у баязлівасці або залішняй памяркоўнасці. І ў гімне ўкраінскім пяецца не пра тое, што яны «мірныя людзі», а «згинуть наші вороженьки як роса на сонці». На мой погляд, яны не паддаліся спакусе простых рашэнняў, бо за гады незалежнасці засвоілі мастацтва дасягнення кампрамісу.  

Януковіч — непапулярны палітык. Яго мацюкаюць на захадзе і ўсходзе краіны. Але згоды на гвалтоўнае адхіленне Януковіча ад улады ўкраінскае грамадства ў цэлым не дэманстравала, да гэтай кропкі сітуацыя пакуль не дайшла. Адпаведна, калі б такое адхіленне раптам адбылося, яно было б успрынята часткай грамадзян як узурпацыя, замах на іх правы.


evil_logo.jpg


Гарачых галоваў, гатовых хоць зараз што-небудзь штурмаваць,  на Майдане нямала. Аднак іх стрымлівае пераважны настрой удзельнікаў пратэстаў — дзейнічаць паводле стратэгіі «цёплага акіяну»: мірна акружыць і паглынуць бесчалавечную сістэму. Мякка, але з акіянічнай магутнасцю. 

Мы — адзін народ!


Мы звыклі паўтараць услед за палітолагамі пра «раскол» Украіны. Насамрэч беларускае грамадства значна больш расколатае. «Змагары» пагарджаюць «застабіламі» і не думаюць пра тое, каб знаходзіць з імі агульную мову, неяк лічыцца. «Застабілы» лічаць «змагароў» варожым, сацыяльна-шкодным элементам, з якім не грэх размаўляць мовай дубінкі і кайданкоў. Паміж імі ляжыць прорва непаразумення, забабонаў і падазрэнняў. 

koni_logo.jpg


Украінцы могуць быць вострымі на язык, часам даволі агрэсіўнымі і грубымі. Пра Януковіча ды яго атачэнне пачуеш такое, што вушы скручваюцца ў трубачку. Але мяне вельмі ўразіла на Майдане адсутнасць варожасці да людзей, якія ходзяць на гэтак званы «Антымайдан» ці галасуюць за Партыю рэгіёнаў.  

Не, гэта людзі, якіх трэба пераканаць, прыцягнуць на свой бок, з якімі трэба (і можна!) паразумецца. У астатнім — яны такія ж украінцы, нашы суграмадзяне. Таму цалкам натуральным быў учорашні абмен падарункамі і святочнымі пажаданнямі паміж двума мітынгамі з нагоды Святога Міколы. Лозунг «Мы — адзін народ!» у Беларусі пакуль застаецца толькі лозунгам, а ва Украіне гэта жыццёвая практыка. 


У значнай ступені такая практыка вынікае з таго, што тут не было палітыка, які супрацьпаставіў бы ўласна «народ» — то бок «простых людзей», «соль зямлі», рабочых, сялянаў і  бюджэтнікаў — усім астатнім, нібыта «лішнім» людзям. 

ludzi_logo.jpg


На Майдане можа быць прыкметна болей прадстаўнікоў сярэдняга класа, чым на «Антымайдане», але нельга назваць яго пратэстам выключна сярэдняга класа, бо тут дастаткова і сялянаў, і рабочых, і вайскоўцаў, і лекараў, і настаўнікаў.   


lekari_logo.jpg


Што да культурных адрозненняў, яны лёгка здымаюцца.
Да мяне падыйшоў быў дзядзька і стрэльнуў цыгарэту, звярнуўшыся на рускай мове. Калі ён пачаў шматслоўна дзякаваць, я яго спыніў: «Ды ладна, слава Украіне!» На што той дзядзька, троху павагаўшыся, кажа: «Я ведаю, што трэба адгукнуцца «Героям слава!», але ў нас на Поўдні так не прынята. Зрэшты, якая розніца, усё роўна агульную справу робім».  

«Росіяне добрі люди, москалі погані»


Каб не фарбаваць усё ў суцэльна ружовы колер, любімы колер беларускіх камунальнікаў, згадаю пра кафлікт, які ўзнік на Майдане яшчэ напачатку снежня. Нават да бойкі дайшло, калі сябры нацыяналістычнай партыі «Свабода» пачалі выштурхоўваць актывістаў левай арганізацыі як «правакатараў». Пасля чаго сімпатызанты апошніх і зацікаўленыя асобы пачалі пісаць: «Майдан захоплены  нацыстамі», «на Майдане няма месца сацыяльным лозунгам» і г.д. 

getman_logo.jpg


Мне цяжка ацэньваць канкрэтны інцыдэнт. Магу сказаць толькі пра ўбачанае на ўласныя вочы і пачутае на ўласныя вушы. 

Я даволі часта бываў у Кіеве раней, у «мірны» час. Дык вось, колькі гадоў таму на Майдане можна было набыць такую адыёзную кнігу, як «Жыдоўская акупацыя Украіны». Цяпер падобнай друкаванай прадукцыі я там не бачыў. 


Наўскідку, намёты нацыяналістычных арганізацый складаюць не больш за 10-15%. Чыста нацыяналістычныя лозунгі кшталту «Слава нації — смерть ворогам!» і «Україна понад усе!», калі яны часам гучаць са сцэны з вуснаў дэпутатаў ад «Свабоды», не падхопліваюцца большасцю пратэстоўцаў. 
Праграміст Аляксей, у якога бацькі рускія, сам ён нарадзіўся ў Расіі, абраў сабе рускую самаідэнтыфікацыю. І вырашыў не саромецца яе на Майдане, таму накінуў на плечы расійскі сцяг. На «захопленым нацыстамі» Майдане гэта мусіў быць смяротны нумар.  

Аляксей вярнуўся ў Мінск жывы і здаровы. На Майдане да яго падыходзілі з цікавасцю, ціснулі руку, дзякавалі. Толькі адзін чалавек запытаўся, ці не маскаль ён. Аляксей адказаў, што не, ён рускі. «Ну, росіяне добрі люди, це москалі погані». 


upa_ru_logo.jpg


Для стварэння яшчэ больш нябачанай карцінкі я апрануў на сябе шалік колераў УПА (Украінскай паўстанцкай арміі). Так мы і хадзілі ўдвох па Майдану, выклікаючы радасныя ўсмешкі  навакольных. 

«Це не за Європу»


Бабулькі, што гандлюць на прывакзальнай плошчы  прадукцыяй сельскай гаспадаркі, прыйшлі на вакзал пагрэцца. Паселі на прыступкі лесвіцы, нібы тыя курачкі. Расказваюць: «Ва Украіне ўсё платнае. Нарадзіцца — плаці, вучыцца — плаці, лячыцца — плаці. Толькі працуем мы бясплатна». 

czarha_logo.jpg


На Майдане няма лозунгаў нацыяналізацыі заводаў і фабрык. Але ж там і без таго пабудаваны сапраўдны камунізм: бясплатная ежа, бясплатны доступ у інтэрнэт, бясплатная медычная дапамога, бясплатныя лекцыі ў «Адкрытым універсітэце».  


Нават высокае мастацтва належыць народу. Каля будынку захопленай мэрыі, проста на вуліцы, я слухаў Баха і Бетховена ў выкананні дзевяцігадовай лаўрэаткі розных музычных конкурсаў Марыі-Луізы Плешаковай.  

maria_luisa_logo.jpg


— Бач ты. Мо і грошы там плацяць? — пытаецца бабулька з хітрым прыжмурам.   
— Не ведаю, мне не плацілі. І не бачыў, каб плацілі каму іншаму.
— Ці доўга ж яшчэ Майдан той прастаіць?
— Кажуць, як мінімум да Новага года.
— О цо добра! Можа, мы сваё сала-мяса тады прададзім, не давядзецца дадому везці... Слухайце, а ці ж будзе толк з таго пратэсту? Гэтаму ж палацы свае, мабыць, не хочацца аддаваць. А я чула, прэм'еру рыдлёўку падарылі на Майдане. Вось гэта правільна! Ты слухай, што кажа: хопіць скуголіць, бярыце рыдлёўкі ў рукі і працуйце. Паглядзі, возьмем шчэ рыдлёўкі, напросішся.
Гэтым бабулям не трэба тлумачыць, што Майдан стаіць не «за Еўропу». Не за тое, што для большасці ўкраінцаў з'яўляецца абстракцыяй, вельмі далёкай ад іх паўсядзённага жыцця. Грамадскія актывісты адмыслова зрабілі серыю налёпак «Це не за Європу»:

ce_ne_za_evropu_logo.jpg


 — а супраць беспакаранасці чыноўнікаў;
 — а супраць хабару ў дзіцячых садках; 
 — а за дарогі без ямаў 
 — за лекі ў шпіталях; 
 — за міліцыю, якую паважаюць, а не баяцца...
і г.д. 


«Не рабі сабе куміра»


Даволі спрэчны (у тым ліку для саміх кіеўлянаў) эпізод пратэстаў — звяржэнне помніка Леніну на бульвары Тараса Шаўчэнкі. Актам вандалізму палічыла яго прыкладна такая ж колькасць жыхароў украінскай сталіцы, якая падтрымлівае Майдан — больш за 60 працэнтаў.

lenin_naczudiv_logo.jpg


Даваць сваю ацэнку гэтаму эпізоду я не буду. Хачу сказаць пра іншае. Карыстальнік Facebook карыкатурыст Аляксандр Бронзаў прапанаваў цікавую ідэю, што павінна быць на месцы зрынутага помніка. 

lenin_i_pustata_logo.jpg


«Замест Леніна паставіць Махно? Цярэшчанку? Данііла Галіцкага?
«Окстітесь», як кажуць нашы паўночныя суседзі. 
1. Карма гэтага месца сапсаваная на стагоддзі. 2. Пастамент трэба пакінуць пустым, як напамін і сімвал таго, што ўкраінцы скінуць любога ідала, калі толькі захочуць.
Пустое месца замест Леніна будзе лепшым сімвалам і ўвасабленнем адной з дзесяці запаведзяў.
Я б так на пастаменце і напісаў: «Не рабі сабе куміра!».


Ідэя не магла не спадабацца ўдзельнікам Майдану, бо іх галоўная вымога — жыццё без «бацькаў», у якія набіваюцца народу палітыкі па ўсёй постсавецкай прасторы.