На Еўрамайдане ў Кіеве згадалі разгон Плошчы ў Мінску
Блізу сотні ўкраінцаў і беларусаў прыйшлі 19 снежня да сценаў амбасады Беларусі ва Украіне, каб выказаць словы падтрымкі палітычным вязням рэжыму Лукашэнкі. Свой паход удзельнікі распачалі з майдану Незалежнасці.

Паводле карэспандэнта Радыё Свабода, пікетоўцы неслі ў руках вялікі бел-чырвона-белы сцяг і гучна выкрыквалі «Батьку геть!» і «Живе Білорусь!». Сваімі
ўражаннямі падзяліўся кіраўнік руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які пасля падзеяў снежня 2010-га займаецца палітычнай дзейнасцю ва Украіне:
«У нас у Беларусі ёсьць палітвязні, і мы пратэстуем супраць гэтага. Мы з імі салідарныя, таму са сваімі патрабаваннямі ідзем да беларускай амбасады. Яны там, безумоўна, ведаюць, якая ў
нас улада, бо нічога выпадкова не здараецца. Яны ведаюць, што людзі на чале нашай улады — бандыты, якія даўно і паслядоўна парушаюць заканадаўства. Менавіта таму мы ўсе туды рушым, каб
перадаць нашы патрабаванні ў справе тэрміновага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і правядзення дэмакратычных выбараў у Беларусі».
Амаль месяц у Кіеве грамадзяне Украіны патрабуюць ад уладаў вярнуцца да падпісання дамовы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам і спыніць кулуарныя здзелкі з Масквой.
svaboda.org