Малдоўская ці румынская?

Канстытуцыйны суд Малдовы паабяцаў на працягу месяца канчаткова высветліць, на якой мове размаўляюць малдаване — на малдаўскай або румынскай. Як паведамляе прэса, вердыкт Канстытуцыйнага суда будзе вынесены 12 верасня. 



1344237835_ja_khochu_govorit_po_russki.jpg

Разабрацца ў гэтым складаным пытанні папрасіла суддзяў дэпутат парламенту Ганна Гуцу, вядомая сваімі прарумынскімі поглядамі.

Пытанне сапраўды трэба вырашаць. Малдаўская мова прызнаная дзяржаўнай, аднак у школах вывучаюць румынскую. «Гісторыя румын» — называецца галоўны гістарычны падручнік.

Акрамя таго, большасць сучасных лінгвістаў па моўных крытэрах не прызнаюць асобнай малдаўскай мовы, а кажуць пра малдаўскі дыялект румынскай мовы, нароўні з іншымі рэгіянальнымі румынскімі дыялектамі. Нормы малдаўскай мовы цалкам адпавядаюць нормам літаратурнай румынскай мовы. Гэты факт указвае на тое, што ў румынскай мовы папросту два лінгвонімы — “румынская нацыянальная мова” і “малдаўская нацыянальная мова”. Прычым “малдаўскай” мова завецца ў дачыненні да мовы, на якой размаўляе насельніцтва Рэспублікі Малдова. Гэта азначае, што пісьмовая малдаўская мова, уключаючы ўсе галіны мовазнаўства, ідэнтычная румынскай.

У дадатак у свой час праваліліся ўсе маштабныя спробы будаўніцтва нормаў літаратурнай малдаўскай мовы, адрознай ад літаратурнай румынскай. Гэты працэс найбольш актыўна развіваўся спачатку на тэрыторыі Малдаўскай аўтаноміі ў складзе Украінскай СССР з 1924 па 1940 год.

У ліпені 1927 года Малдаўскім навуковым камітэтам былі апублікаваны правілы правапісу, заснаваныя на «Малдаўскай граматыцы». Гэтыя правілы ў сваю чаргу грунтаваліся на мясцовых дыялектах і ўяўлялі сабой самую радыкальную спробу стварэння самастойнай «у тым ліку антыбуржуазнай» малдаўскай мовы, цалкам адрознай ад румынскай. Гэта пытанне між іншым вырашалася за кошт шматлікіх русізмаў і неалагізмаў.

Аднак хутка ініцыятыву ў гэтай сферы перахапілі т. зв. «руманізатары», якія сцвярджалі, што пакуль значна больш актуальнае пытанне — агітацыя жыхароў Бесарабіі за вяртанне ў СССР. Таму пра антыбуржуазны варыянт малдаўскай мовы забыліся. Руманізатары нават дабіліся лацінізацыі малдаўскага правапісу. Лацінізацыю ў 1938 годзе прыпынілі, аднак малдаўская граматыка і сінтаксіс аказалася дастаткова блізкай да румынскай.

Працэс працягнуўся пасля ўваходжання Малдовы ў СССР. Паколькі прыднястроўскія дыялекты шматлікім малдаванам былі малазразумелыя, Леанід Брэжнеў — тагачасны першы сакратар Малдаўскай Кампартыі, пастанавіў у 1956 годзе, каб літаратурная норма базіравалася на дыялектах цэнтральнай Малдовы, дзе русіфікацыя была не такой моцнай, як на берагах Днястра.

31 жніўня 1989 года новы некамуністычны ўрад Малдаўскай ССР (па патрабаванні ўдзельнікаў дэманстрацыі, арганізаванай Народным Фронтам Малдавіі) адмяніў на тэрыторыі рэспублікі кірылічны алфавіт і ўвёў румынскі лацінскі правапіс для малдаўскай мовы.

Як бачым, сама гісторыя, быццам, даводзіць, што асобнай малдаўская мовы не існуе. Аднак у асяроддзі лінгвістаў і гісторыкаў ёсць альтэрнатыўны пункт гледжання. Па-першае, кірылічны правапіс — больш класічны для румын і малдаван, а само сярэднявечнае Малдаўская княства доўгі час было цэнтрам культуры сярод румынскіх зямель. Так, вядомы малдаўскі драматург Іён Друцэ заявіў, што малдаўская мова — «гэта бабуля румынскай мовы». Румынія перайшла на лацінку толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Акрамя таго, як сведчаць дакументы, пасля далучэння Малдовы да Румыніі ў 1918 годзе ў краі назіралася шмат моўных праблем. Малдаване, якія былі адарваныя ад культурных і лінгвістычных працэсаў за Прутам, мелі шматлікія праблемы як з румынскай лексікай, так і з лацінскім правапісам. Прапагандысты румынскай мовы ў Бесарабіі прызнавалі, што гаворка бесарабскіх малдаван вельмі адрозніваецца ад бухарэсцкай нормы, і вымушаныя былі ўлічваць гэта ў сваёй дзейнасці — аж да выдання некаторых газет на кірыліцы.

Некаторыя філолагі кажуць пра наяўнасць у малдаўскай мове шматлікіх славянскіх запазычанняў. Пра тое, што ў румынскай, у адрозненне ад малдаўскай, на парадак больш цыганскіх запазычанняў. Акрамя таго, існуе спецыфіка малдаўскіх гаворак Левабярэжжа Днястра. Што да пісьмовай гаворкі, то тут выдзяляюць цікавы факт: публіцыстычныя стылі ў Румыніі і Малдове абсалютна розныя, хоць усе яны напісаны на румынскай літаратурнай мове. Журналіст з Малдовы піша тэкст паводле структуры рускага тэксту, у той час як румынскі журналіст — паводле структуры французскага. Усё гэта — спадчына культурнага ўплыву Францыі і Расіі адпаведна на Румынію і Малдову.

Безумоўна, галоўны аргумент на карысць захавання дзяржаўнага статусу малдаўскай мовы палягае ў сферы палітыкі. У Малдове існуе шырокі палітычны рух за Унію — уключэнне краю ў склад Румыніі. Не дзіўна, што наяўнасць у малдаўскай канстытуцыі параграфу пра малдаўскую мову трактуецца як важная прававая перашкода для інкарпарацыі.

Абаронцы малдаўскай мовы звяртаюць увагу на яшчэ адну дэталь. Прызнанне румынскай мовы дзяржаўнай можа паставіць крыж на ідэях уз’яднання з Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікай. Цяпер атрымаецца, што ў Прыднястроўі і Малдове жывуць розныя народы. Нагадаем, што адной з афіцыйных моваў у Ціраспалі з’яўляецца малдаўская.

Акрамя таго, фармальна, мова можа называцца як заўгодна. Самы актуальны прыклад — Чарнагорыя, якая стагоддзямі ўваходзіла ў арэал выкарыстання сербскахарвацкай мовы. У 2006 годзе Чарнагорыя прагаласавала на рэферэндуме за аддзяленне ад Сербіі, стварэнне незалежнай дзяржавы. У 2007 годзе з прыняццем новай Канстытуцыі дзяржаўная мова Чарнагорыі стала называцца чарнагорскай. Іншымі словамі, у першую чаргу, важная моўная самасвядомасць саміх носьбітаў.

Як бы там ні было, практычна ўсе палітолагі канстатуюць раскол малдаўскага «этнапсіхалагічнага жыцця», калі тубыльцы называюць сябе румынамі або малдаванамі. У дадатак румыністы вінавацяць малдаван у тым, што апошнія гуляюць на карысць Масквы, а малдаване абвінавачваюць румыністаў, што тыя працуюць на Бухарэст.

Абодва лагеры кажуць ультыматыўным і непрымірымым тонам, што ставіць Канстытуцыйны суд у складанае становішча. Рашэнне на карысць адной з фракцыі будзе апрыёры ў штыкі прынятае яе апанентамі. У кантэксце нестабільнай палітычнай сітуацыі і перспектывы магчымых пазатэрміновых парламенцкіх выбараў, тэма мовы можа стаць важнай падчас наступнай выбарчай кампаніі. Магчыма, гэта патрэбна як уніяністам, так і левай апазіцыі. Па сутнасці, ганарыцца сацыяльна-эканамічнымі прарывамі не могуць ні першыя, ні другія, і, адпаведна, кансалідаваць свой электарат напярэдадні галасавання яны здольныя выключна за кошт тэмы вайны ідэнтычнасці.