«Містэр Пуцін — бандыт»: Еўрапарламент абмеркаваў расійскую прапаганду

Вылучыць больш грошай на барацьбу з дэзінфармацыяй, падтрымаць якасную прэсу, павышаць медыяпісьменнасць грамадзян — такія прапановы гучалі ў сераду ў Еўрапарламенце ў ходзе дэбатаў аб інфармацыйным уплыве Расіі. Апаненты энтузіястаў барацьбы з інфармацыйным уплывам Расіі пярэчылі, што гэта ўсё — параноя.

putin_1.jpg

«Вопыт паказвае, што расійская дэзінфармацыя можа быць вельмі паспяховай, і таму мы павінны падвоіць нашы намаганні ў гэтай сферы», — сказаў у пачатку дэбатаў Джуліян Кінг, сябра Еўракамісіі (ураду Еўразвяза) ад Брытаніі, які адказвае ў тым ліку за інфармацыйную бяспеку ЕЗ.

Па ацэнцы Кінга, Масква мэтанакіравана і цэнтралізавана імкнецца распаўсюджваць скажоную інфармацыю «па як мага большай колькасці каналаў і на максімальна магчымай колькасці моў» і разглядае гэта як цалкам дапушчальны сродак барацьбы з Захадам. У пацверджанне апошняй думкі Кінг спаслаўся на ваенную дактрыну Расіі. Еўрадэпутат ад Латвіі Сандра Калніетэ, адкрываючы дэбаты, заклікала павялічыць фінансаванне і штат спецыяльнай групы ў ЕЗ, якая займаецца супрацьдзеяннем дэзінфармацыі. Пра гэта ж затым казалі практычна ўсе калегі Калніетэ, за выключэннем тых, хто схільны абараняць Расію.

Былы міністр замежных спраў Латвіі Калніетэ заклікала кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ЕЗ Федэрыку Магерыні і іншых дыпламатаў Еўрасаюза рэгулярна нагадваць аб праблеме наўмыснай дэзінфармацыі на сустрэчах з рускімі.

Акрамя таго, па думку Калніетэ, краіны ЕЗ павінны больш актыўна змагацца з адмываньнем расійскіх грошай, паколькі з іх, на яе думку, фінансуюцца і падкантрольныя Крамлю або сімпатызуючыя яму выданні ў Еўропе.

«І нацыянальныя ўрады, і Еўразвяз павінны падтрымаць якасную журналістыку, інакш яна знікне», — дадала Сандра Калніетэ.

Facebook — да адказнасці

Некалькі еўрадэпутатаў выказаліся за тое, каб сацыяльныя сеткі, такія як Facebook, якія самі фактычна ператварыліся ў сродак масавай інфармацыі, былі падпарадкаваныя тым жа законам, што і традыцыйныя СМІ, і, у прыватнасці, сачылі за карэктнасцю распаўсюджанай праз іх інфармацыі.

«Мне падабаецца ідэя Макрона аб тым, што павінна быць бачна, у тым ліку на платформах у выглядзе сацыяльных сетак, адкуль паступіла інфармацыя, хто яе спансуе», — сказаў галандскі еўрадэпутат Ханс ван Баален і падкрэсліў, што супрацьпастаўляць прапагандзе трэба не антыпрапаганду, а факты.

Рэгулярныя дэбаты — гэта такая форма працы Еўрапарламента, якая не прадугледжвае прыняцця дакументаў. Раз на месяц адна з фракцый можа прызначыць дэбаты на тэму па сваім выбары, і ў гэты раз фракцыя Еўрапейскай народнай партыі выбрала тэму «Расія і ўплыў расійскай прапаганды на краіны Еўрапейскага Звяза».

У лістападзе 2016 года Еўрапарламент прыняў шырокую рэзалюцыю аб барацьбе з расійскай прапагандай.

У ходзе дэбатаў у сераду рэплікі былі кароткімі, еўрадэпутаты не ўдаваліся ў дэталі і глыбокія разважанні аб магчымасці і неабходнасці актыўнай барацьбы з інфармацыйным уплывам Расіі, а больш прамаўлялі лозунгамі і заклікамі. Прыкладна такімі ж былі і адказы іх калегаў з ліку еўраскептыкаў і прыхільнікаў Масквы.

«Гэтыя людзі, якія заклікаюць нас да барацьбы з расійскай прапагандай, самі распаўсюджваюць дэзінфармацыю і ўцягваюць нас у небяспечную халодную вайну з Расіяй», — заявіла італьянка Барбара Спінэлі, запэўніўшы папярэдне, што яна «не абараняе Крэмль».

«Калі, скажыце мне, калі ласка, Расія распаўсюджвала ілжывую інфармацыю? — запытваў Уда Фойгт, былы лідэр Нацыянал-дэмакратычнай партыі Германіі, якую шмат хто ў гэтай краіне лічаць неанацысцкай. — Затое мы бачылі ў Іраку, бачылі ў Лівіі, як ашуквала наша прэса, гэта яны распаўсюджвалі дэзінфармацыю!»

«Гэта параноя, і яе падтрымліваюць і распаўсюджваюць з мэтай перашкодзіць нам наладзіць добрыя адносіны з Расіяй», — заявіў вялікі сябар Масквы іспанскі еўрадэпутат Хаўер Кауса.

Дэпутату Еўрапарламента ад брытанскай Партыі незалежнасці Злучанага каралеўства Джерарду Батэну ўдалося ў дэбатах заняць асобную ад усіх пазіцыю: і супраць Пуціна, і супраць яго крытыкаў.

«Каб мяне не зразумелі няправільна, павінен адразу сказаць: я лічу, што містэр Пуцін — бандыт, і ён кіруе бандыцкім дзяржавай», — пачаў сваю рэпліку брытанец.

«Але вы - вы проста спрабуеце знайсці казла адпушчэння! — працягнуў Джэрард, сябар партыі, якая варожа адносіцца да Еўразвяза і еўрабюракратыі. — Вы страцілі папулярнасць — з-за вашых дзеянняў, з-за вашай палітыкі эканоміі [...] і цяпер вы проста шукаеце, на што б адцягнуць увагу выбарцаў».

Паводле РБК