Украіна прызнала Расію агрэсарам і акупантам
Вярхоўная Рада Украіны ў другім чытанні прыняла законапраект аб рэінтэграцыі Данбаса. Гаворка ідзе пра асаблівасці дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да часова акупаваных тэрыторый у Данецкай і Луганскай абласцях.
Дакумент падтрымалі ў асноўным прадстаўнікі фракцый кааліцыі "Блока Пятра Парашэнкі" і "Народнага фронту", а таксама апазіцыйнай Радыкальнай партыі. Супраць — фракцыі "Самадапамога", "Апазіцыйны блок".
Расія прызнаецца ў законе "агрэсарам і акупантам", а галоўнай мэтай дакумента называецца вызваленне акупаваных тэрыторый і аднаўленне цэласнасці Украіны, паведамляе svoboda.org. Дзеянні Кіева ў рэгіёне вызначаюцца як "стрымліванне і адпор расійскай ўзброенай агрэсіі ў Данецкай і Луганскай абласцях" на падставе артыкула 51 Статута ААН, які вызначае права дзяржаў на самаабарону. Кіраўніцтва ваеннымі, якія задзейнічаны ў гэтых мерапрыемствах, ускладаецца на Аб'яднаны аператыўны штаб Узброеных Сіл Украіны. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы можа без рашэння Вярхоўнай Рады ўводзіць ваеннае становішча на тэрыторыі Данбаса.
Як адзначыў сакратар парламенцкага камітэта па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны, прадстаўнік фракцыі "Блок Пятра Парашэнкі" Іван Віннік, з гэтага часу ў дачыненні да акупаваных тэрыторый варта выкарыстаць не назвы самаабвешчаных "Луганская народная рэспубліка" і "Данецкая народная рэспубліка", а выраз "прадстаўнікі акупацыйных адміністрацый Расійскай Федэрацыі".
Па словах Вінніка, закон аб рэінтэграцыі Данбаса дазволіць больш эфектыўна адстойваць пазіцыю Украіны ў спрэчках з Расіяй у міжнародных судах. Разам з тым лідар "Народнага фронту" Арсеній Яцанюк заявіў, што прыняты закон "замацоўвае прававыя ацэнкі": "Расія — агрэсар. Баявыя дзеянні ў Данбас — не ўнутраны канфлікт, а абаронная вайна з Расіяй. Крым і Данбас — акупаваныя расіянамі". Заканадаўчае прызнанне гэтых фактаў, як падкрэсліў Яцанюк, азначае "распаўсюд на Расію міжнародна-прававых абавязкаў акупанта".