Мост паміж Данбасам і Галічынай — рэальнасць ці міф?

Станіслаў Бондар — 27-гадовы львавянін, працуе ў сферы турызму. Пасля Майдану і пачатку вайны на ўсходзе Украіны далучыўся да аднаго з валанцёрскіх рухаў ды ў 2016-м апынуўся ў Севераданецку. Што ён там убачыў, і ці ёсць сэнс будаваць масты там, дзе звычайна будуюць сцены?

Звычайны для Данбаса прамысловы ландшафт

Звычайны для Данбаса прамысловы ландшафт

«Будуем Украіну разам» — не зусім стандартная гуманітарная ініцыятыва, бо разлічаная як на прамую дапамогу ў будаўнічых праектах у пацярпелых ад вайны рэгіёнах, так і на шчыльную камунікацыю паміж усходнікамі і заходнікамі, што мае стаць падмуркам для еднасці краіны.

Сваімі ўражаннямі ад рэаліяў Севераданецку, праблемаў рэгіёна ды ментальных штампаў у галовах мясцовых жыхароў Станіслаў Бондар пагадзіўся падзяліцца з чытачамі «Новага Часу».



stanislau_bondar.jpg

«Львавяне ніколі не былі на Данбасе, данечане — у Львове»

— Перад вайной ты калі-небудзь быў на Данбасе?

— Не, ніколі. Ёсць такая праблема камунікацыі: львавяне ніколі не былі на Данбасе, данечане — у Львове. Таму камунікацыя існавала на ўзроўні міфаў — людзі мала камунікавалі непасрэдна, але верылі таму, што казалі па ТБ і пісалі ў газетах. Нават зараз цягнік Марыупаль–Львоў едзе паўтара дні, гэта ненармальная сувязь унутры краіны. Калі ж ехаць на аўто, то сутыкаешся з вельмі дрэннай якасцю дарогаў.

— Як ты трапіў у Севераданецк?

— У 2016-м з’явілася магчымасць паехаць на праект «Будуем Украіну разам». Яго ідэя вельмі простая: дапамагаць будаваць ды аднаўляць будынкі. Гэта як дапамога пацярпелым ад вайны, так і звычайным сацыяльна неабароненым грамадзянам. Напрыклад, адразу па прыездзе я працаваў у жанчыны, інваліда-вазочніка — ёй мы банальна дапамагалі зрабіць пандус для заезду.

Сам праект працуе ад пачатку вызвалення Славянска і Краматорска ўкраінскімі войскамі. Але праект значна глыбейшы, чым проста прыехаць і нешта збудаваць. Ёсць і культурная частка: штодзень для нас арганізоўваліся экскурсіі, ад музея да звычайных гарадскіх прагулак па Севераданецку. У дадатак, канешне ж, пастаянная камунікацыя з мясцовымі.

— У якіх умовах табе давялося жыць?

— Мы жылі ў пажарнай частцы, дзе быў пункт для часова пераселеных асобаў. Адзін паверх для іх, адзін — для нас. Пераважна, першая катэгорыя складалася з пенсіянераў, якія ездзілі ва Украіну за пенсіямі. Яны пераходзілі зону размежавання і маршруткай ехалі ў Севераданецк, застаючыся на пару дзён. Дзяржава арганізавала месца для начоўкі, ежу. Пераважна, усе пенсіянеры жылі сярод міфаў: распавядалі нам пра натаўскія базы ва Украіне, «злых бандэраўцаў» і г.д., то бок пераказвалі гісторыі з расійскага тэлебачання.

 

Праца валанцёраў у Севераданецку

Праца валанцёраў у Севераданецку

«Побач з вяселлем праязджаў украінскі танк...»

— Што цябе найбольш уразіла?

— Уразіла, што частка людзей верыць у адну праўду, другая частка — у кардынальна іншую. Усе нашы валанцёры, якія ездзілі па аб’ектах, сутыкаліся з гэтым. Ім расказвалі легенды, напрыклад, як ішло вяселле, а побач праязджаў украінскі танк, развярнуў гармату і стрэліў у бок маладых і гасцей… Мясцовыя жыхары там жывуць у альтэрнатыўнай рэальнасці і вераць у яе!

Разам з тым, уразіла і тое, што на Усходзе ёсць моладзь, гатовая нешта змяняць. Напрыклад, у Севераданецку зараз з’явілася арганізацыя «Пласт» (украінскі скаўцкі рух. — рэд.), якога ў тых краях ніколі не было. Мы з імі таксама супрацоўнічалі. Не ведаю, як зараз, але ў 2016-м севераданецкі «Пласт» меў больш моладзі, чым аналагічная суполка ў Хмяльніцкім, на Захадзе Украіны.

— А што з рэлігійнай атмасферай?

— Вельмі цікавы фактар: калі на Галічыне адчуваецца моцны ўплыў грэка-каталікоў, то на Данбасе, акрамя Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, сур’ёзныя пазіцыі маюць неапратэстанцкія цэрквы. Вельмі шмат мясцовых валанцёраў былі евангельскімі вернікамі, і нават сярод «пластуноў» было багата дзяцей баптыстаў, пяцідзясятнікаў і інш. На ўсходзе гэтыя цэрквы вельмі развіліся, бо да Маскоўскага патрыярхату ўмоўныя вернікі збольшага належваць толькі намінальна.

Гэта вельмі цікавая з’ява, бо неапратэстанцкія цэрквы ў тым рэгіёне заўжды адмяжоўваліся ад палітыкі, маўляў, гэта іх не тычыцца. Але Майдан і вайна на ўсходзе Украіны вельмі змянілі іх стаўленне. Самі вернікі могуць гэтага не вызнаваць публічна, але ў рэальнасці яны сталі вельмі палітычна актыўнымі: і валанцёрства, і асветніцкая праца, і іншае.

 

Праца валанцёраў у Севераданецку (1)

Праца валанцёраў у Севераданецку (1)

Данецкі патрыятызм: дзеянне без пафасу

— Севераданецк — што гэта за горад?

— Гэта вельмі спецыфічны горад, пабудаваны вакол агромністага заводу «Азот», які вырабляе мінеральныя ўгнаенні. На пачатку вайны завод спыніўся. Зараз гэта завод-прывід… Нас запрасілі на экскурсію ў іх музей. Уразіла сама экспазіцыя, якая распавядала хутчэй пра «Вялікую Айчынную вайну», чым пра ўгнаенні. Паўсюдна савецкія плакаты, лозунгі, расповеды пра гераізм савецкіх салдатаў… то бок рэчы, якія ніяк не звязаныя з заводам.

Уявіце сабе, завод стаіць, ягоны ўласнік — алігарх Фірташ, а нам падчас экскурсіі распавядаюць, які Фірташ добры і цудоўны… Чаму цудоўны? Бо выплачвае людзям нейкі адсотак ад колішняй зарплаты. Чаму добры? Бо падарыў Севераданецку, умоўна кажучы, тры тралейбусы. Стаўленне абсалютна рэлігійнае, не рацыянальнае! Як музей застаўся савецкім, так і стаўленне да начальніка. Мясцовыя дагэтуль вераць, што «Азот» пачне працаваць, не дапускаючы думкі, што ён нерэнтабельны, што гэта наўпрост 500 гектараў, напакаваных металаломам…

Вымалёўваецца такая карціна: з аднаго боку — актыўная моладзь, валанцёры, пратэстанты, «пластуны», з іншага — пенсіянеры, рабацягі з заводу і г.д. Апошнія, нават калі не спавядаюць догмы «рускага свету», але шануюць нейкага правадыра, кшталту Фірташа, думаюць больш пра «ўчора», чым пра «заўтра».

— Ментальна патрыёты Украіны з Усходу і Захаду адрозніваюцца?

— Так, вельмі. На Галічыне шмат паказнога патрыятызму, пафасу. Маўляў, сабраліся, апранулі вышыванкі, песні народныя паспявалі… На Данбасе людзі больш прамыя, патрыятычнага пафасу ні ў каго няма. Няма расповедаў, маўляў, мы героі, перажылі акупацыю, выстаялі. Там не размаўляюць пра любоў да Украіны, а робяць для яе нешта канкрэтнае. Іх патрыятызм — гэта патрыятызм дзеі.

Быў хлопец з Луганшчыны, які вырас у інтэрнаце, без вышэйшай адукацыі, бацька загінуў падчас крымінальных разборак у 1990-я — «на вайне», як там кажуць. Ён дапамагаў нам, аддаючы на гэта ўвесь свой вольны час. Дык вось, па вечарах мы абгаворвалі зробленае, размаўлялі пра планы, нейкія праекты. Ён слухаў і не мог адарвацца, бо не ведаў, што такое магчыма, што так можна думаць і жыць. Чалавек загарэўся, адкрыў для сябе новы кантынент. Пра што гэта кажа? Патэнцыял ёсць, але варыянты яго рэалізацыі да іх рэгіёну наўпрост не даходзілі, «глушылі» як радыёсувязь.

 

Праца валанцёраў у Севераданецку 

Праца валанцёраў у Севераданецку 

«Калі ім зручна ў хаце размаўляць па-руску — няхай»

— Наколькі сур’ёзна на Данбасе стаіць моўнае пытанне?

— Зразумела, у побыце большасць мясцовых, якія былі з намі, былі рускамоўнымі. Але ім было цікава, яны спрабавалі з намі гутарыць па-ўкраінску. Моўнае пытанне як такое не падымалася — не было патрэбы яго падымаць. Мы разам працуем на аб’екце, кожны гаворыць на зручнай для яго мове, і ніхто нікому нічога не навязвае.

Нават у крамах я размаўляў па-ўкраінску, ніякага негатыву ў адказ не было. Быў выпадак, нам праводзілі экскурсію па-ўк-раінску, дык побач праходзіла бабуля са словамі: «Прыехалі, фашысты…» Але мы ніяк на гэта не рэагавалі. Моладзь ведае ўкраінскую, можа ёй карыстацца, але калі ім зручна ў хаце размаўляць па-руску — хай размаўляюць. Мы жывём у той час, калі чалавеку ў прынцыпе нельга нешта навязаць.

— А што наконт стаўлення да гісторыі, вайны, Бандэры?

— Зразумела, большасць там трымаецца савецкага міфу пра мінулае. Чаму? Бо гэта міф пра стварэнне ўсіх гэтых вялізных заводаў. Прыйшлі нямецкія захопнікі і ўсё знішчылі, а мужны савецкі народ усё адбудаваў. Вось і ўся гісторыя! Таму паветра там літаральна прасякнутае міфам Другой сусветнай вайны. Нас вадзіў гід, украінамоўны, але і ён паказваў адно помнікі вайны, месцы, звязаныя з вайной. З чаго б ні пачалася экскурсія — усё адно яна скончыцца Вялікай Айчыннай…

Цікава іншае: як людзі, якія жылі гадамі ў вялікім горадзе, дзе былі праблемы, але не меншыя і не большыя, чым у іншых рэгіёнах Украіны, у пэўны момант аказаліся гатовыя ўпусціць вайну ў свой дом, націснуць на спускавы гачок? Магчыма, чалавек, які ўвесь час кажа: «Вайна-вайна-вайна…», сам жа яе і кліча ў свой дом. Даклікаліся — вайна прыйшла.

 

Праца валанцёраў у Севераданецку 

Праца валанцёраў у Севераданецку 

Інфармацыйны тэрор ды трэнер з ФСБ

— Пра атмасферу напярэдадні агрэсіі вам распавядалі мясцовыя?

— Працавалі з намі двое мясцовых, браты, якія займаліся спортам. Яны займаліся рукапашным боем разам з іншымі хлопцамі яшчэ перад вайной. У 2014-м, калі Майдан толькі скончыўся, іх трэнер, які меў дачыненне да КДБ у часы СССР, прывёў чалавека, свайго знаёмага. Гэты «знаёмы» нават не хаваў, што належыць да ФСБ, і прапанаваў правесці адмысловыя трэнінгі. Зразумела, усе пагадзіліся, ён жа спец, цікавая асоба!

У сакавіку 2014-га пад Севераданецкам для іх быў арганізаваны трэнінг па баявых дзеяннях ва ўмовах гораду. Хлопцам далі ў рукі трэніровачную зброю, паказалі тактыку, прыёмы. Калі трэнінгі падыходзілі да канца, стала зразумела, да чаго ўсё гэта ідзе. Пачаўся масавы інфармацыйны тэрор па сацыяльных сетках, маўляў, «бандэраўская армія» рухаецца на ўсход, каб усіх пазабіваць, недзе ўжо пачалі страляць, кагосьці забілі. Падобныя «навіны» пісалі «боты», але рабілі гэта настолькі прафесійна, што людзі верылі.

Так узнікла ідэя станавіцца на абарону горада ад міфічнага ворага. Спартоўцы, якія ўжо прайшлі апрацоўку, сталі ядром мясцовай «самаабароны». Пасля прыехалі яшчэ адмыслоўцы з Расіі, але зусім няшмат: яны ведалі, з кім працаваць, каго ўзначальваць. Далучаўся розны асацыяльны элемент — алкаголікі, беспрацоўныя і г.д. Усю гэтую масу рускія пачалі расстаўляць па блок-постах. У гэты момант акурат тыя два браты-спартоўцы і «саскочылі», але большасць іх сяброў пайшлі за сепаратыстамі.

— Якая была матывацыя ў тых, хто ішоў за сепаратыстамі? Грошы? Кар’ера?

— Не ведаю пра грошы, казаць не буду. Але з таго, што чуў, вялікая колькасць сапраўды шчыра пайшла «бараніць свой горад», знаходзячыся пад уплывам прапаганды. Людзям, якія перабывалі там падчас акупацыі, вельмі цяжка нават пасля вызвалення размаўляць аб гэтым, бо панавала паніка, іх свядомасцю маніпулявалі, а гэта цяжка прызнаць, нават калі праходзіць час.


praca_valancjorau_u_severadanecku__3_.jpg

«Жыццё не склалася, а часу, каб глядзець ТБ, шмат…»

— Пасля вызвалення міфы зруйнаваліся, калі ў рэальнасці ўкраінскае войска не пачало рабіць чыстак і ўсяго таго, чым пужалі СМІ?

— Адны міфы ламаліся, але тут жа ствараліся іншыя. Я ўжо казаў пра легенду, аб расстраляным з танку вяселлі… Чым больш неймаверна, тым больш цікава, праўда ж? Хлопцу з Екацярынбурга, які працаваў з намі, на адным з аб’ектаў жанчынка пачала ўсе гэтыя жахі пераказваць. Ён кажа ёй: «Вы ж мне паўтараеце тое, што кажуць па Першым канале, гэта выдуманы сюжэт, гэта ўжо даведзена…» Тая злуецца: «Які там канал, мне гэта распавядала мая знаёмая!» То бок людзі завязлі ў міфах, паверыўшы, што сюжэты з расійскага тэлебачання мелі месца зусім побач, а яны самі ледзьве не былі іх сведкамі ці ўдзельнікамі.

— Чаму так адбываецца?

— Я б мог падзяліць мясцовых на людзей занятых і не занятых. Мы жылі сярод пажарнікаў, усе яны стаялі на праўкраінскіх пазіцыях, адзін толькі быў супраць — на ўсю частку. Яны разумелі, што калі прыйдзе ДНР, не будзе ані працы, ані грошай. Я камунікаваў з прадстаўнікамі ДАІ, яны таксама цэняць сваю працу, не хочуць ДНР. Камунікаваў таксама з уласнікам хімічнага заводу, у якога вельмі добра пайшоў бізнес, бо ён пераарыентаваў яго на Захад. Мы на гэтым заводзе размаўлялі і з інжынерамі, і са звычайнымі рабочымі — ніхто не хоча ДНР, дэстабілізацыі і нявызначанасці, гэта зло для іх.

А ёсць людзі незанятыя, пенсіянеры ды асацыяльны элемент, якія не могуць сябе рэалізаваць. Жыццё не склалася, а часу шмат, каб тэлевізар глядзець дзень і ноч. Яны схільныя да таго, каб перакладаць віну за свае няўдачы на кагосьці — на Украіну, напрыклад. Гэтых людзей Расія выкарыстала ў першую чаргу.

 

Праца валанцёраў у Севераданецку 

Праца валанцёраў у Севераданецку 

Застаўся верным Украіне, але жонка сышла да сепаратыстаў

— Існуе міф пра тое, што ўся міліцыя ды СБУ на Данеччыне здрадзіла дзяржаве і пайшла да сепаратыстаў, ці праўда?

— Было шмат міліцыянтаў, якія нам дапамагалі — суправаджалі, вазілі і г.д. Адзін з высокапастаўленых афіцэраў папярэдне быў начальнікам міліцыі аднаго з гарадоў, якія зараз знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі. На пачатку акупацыі ён вывез адтуль усю табельную зброю, каб не дасталася баевікам. Але ў большасці ўсе гэтыя гісторыі праходзяць лініяй разлому па асабістым жыцці: ад яго сышла жонка, свядома засталася на тэрыторыі, занятай сепаратыстамі.

— На твой погляд, як можна зруйнаваць міфы, якія падзяляюць Украіну і становяцца ўрадлівай глебай для сепаратызму?

— Галоўны момант — гэта камунікацыя. Мяне цешыць, калі ў Львоў прыязджаюць дзеці з Данбасу — праз мяне асабіста ўжо прайшло багата такіх групаў. Тут яны адкрываюць для сябе іншы свет, дзе жывуць такія ж украінцы, як і яны, а не «фашысты» ці «людажэры». Цешыць, калі на Усход едуць украінскія дзіцячыя кніжкі, калі там іх можна прыдбаць у супермаркетах. Дарэчы, быў прыклад, яшчэ перад вайной, калі чалавек у Луганску адкрыў украінскую кнігарню — і бізнес пайшоў, людзі куплялі. Неўзабаве пачалася агрэсія, усё згарнулася. Але попыт быў, значыць, не ўсё так кепска.

Ва Украіне вельмі патрэбныя лаўкосты, каб з Усходу на Захад і наадварот можна было лётаць без праблем. Калі будзе наладжаная такая камунікацыя, людзі будуць больш сустракацца, міфы будуць руйнавацца, а варожаць і падазрэнні з часам знікнуць. Гэта быў бы моцны штуршок наперад. Пра старэйшае пакаленне трэба забыцца, на жаль. Працаваць з імі — гэта «сізіфава праца». Таму трэба браць у абарот моладзь — тых, за кім перспектыва і заўтрашні дзень.