Моўны плюралізм у іспанскім парламенце

Іспанскі парламент дазволіў дэпутатам з Каталоніі, Краіны Баскаў і Галісіі выступаць у Картэсах на родных мовах. Аднак спрэчкі вакол моўнай рэформы ў Іспаніі да гэтага часу працягваюцца.

Будынак картэса ў Мадрыдзе. Фота Zarateman - Own work, wikimedia.org

Будынак картэса ў Мадрыдзе. Фота Zarateman - Own work, wikimedia.org


Па даных Нацыянальнага інстытута статыстыкі Іспаніі (INE) за 2021 год, у краіне з 47 мільёнаў жыхароў больш за 7 мільёнаў гавораць на каталонскай, 2,7 мільёна – на галісійскай і 1,8 мільёна на баскскай мовах.

Аднак спатрэбілася аж 45 гадоў з моманту прыняцця дэмакратычнай канстытуцыі пасля смерці Франсіска Франка, каб дазволіць дэпутатам з Каталоніі, Краіны Баскаў і Галісіі выступаць у Кангрэсе на родных мовах. Закон аб шматмоўі ў парламенце, прапанаваны сацыялістамі, быў прыняты большасцю галасоў ніжняй палаты 21 верасня 2023 года. У мінулым засталася сумнеўная практыка, калі спікер адключаў мікрафон дэпутатам, якія хацелі выступаць на роднай мове. Апошні такі выпадак меў месца ўвесну 2022 года.

Некаторыя дэпутаты з рэгіёнаў ужо скарысталіся новай магчымасцю. Так, з першай прамовай у іспанскім парламенце на каталонскай мове выступіў дэпутат Габрыэль Руфіян. Дарэчы, не этнічны каталонец, а сын андалузскіх гастарбайтараў. Праціўнікі моўнай рэформы (кансерватары і правыя радыкалы) у гэты момант пакінулі залу.

Гэты дэманстратыўны акт азначае, што правыя партыі маюць намер і далей супраціўляцца парламенцкаму плюралінгвізму. Што ім не падабаецца?

Па-першае, на іх думку, цяперашняя моўная рэформа – гэта чыстае палітыканства. За кошт тэмы моў Пэдра Санчэс какетнічае з каталонскімі сепаратыстамі, чые галасы патрэбны для таго, каб захаваць пасаду прэм'ер-міністра. На самай справе ніякага практычнага значэння моўная лібералізацыя ў Картэсах не мае. У калідорах, офісах, камісіях, курылках будынка парламента іспанская мова працягвае быць асноўнай мовай камунікацыі дэпутатаў.

Па-другое, правыя палітыкі ўгледзелі ў новым законе працяг брутальнай палітыкі навязвання соцыуму леваліберальных каштоўнасцяў. «Левыя ўсталёўваюць новую шкалу патрыятычнай прымальнасці, якая маргіналізуе любога, хто гаворыць па-кастыльску, прытрымліваецца правых поглядаў, не мае іншую сексуальную арыентацыю, з'яўляецца каталіком ці любіць карыду. У канчатковым выніку гэта пакідае больш людзей за межамі іспанскай супольнасці», — язвіць рэдактар кансерватыўнага выдання АВС.

Глядзіце таксама

Зрэшты, левыя партыі таксама абвінавачваюць апанентаў у навязванні каштоўнасцяў. «Іспанскія правыя павінны ясна адказаць на гэтае пытанне: калі мы не зможам быць іспанцамі, гаворачы на каталонскай, баскскай або галісійскай мовах, то хто тады людзі, якія гавораць на гэтых мовах? Кепскія іспанцы?» — задаецца пытаннем левацэнтрысцкае выданне El Periodico.

Прыхільнікі моўнага плюралізму ўпэўненыя, што шматмоўны парламент узмацняе інстытут прадстаўнічай дэмакратыі. Так, барселонская газета La Vanguardia адзначае: «Іспанія — дзяржава, дзе суіснуюць розныя ідэнтычнасці. Мовы з'яўляюцца неад'емнай часткай гэтай мазаікі. Таму выкарыстанне такіх моў як каталонская, баскская ці галісійская падчас дэбатаў у Картэсах дэпутатаў усяго толькі спосаб падладжвання ніжняй палаты пад сітуацыю, якая існуе звонку. У такім выпадку Картэсы будуць больш эфектыўна прадстаўляць іспанскае грамадства».

Што да перспектыў барацьбы вакол моўнага плюралізму ў іспанскіх Картэсах, то, магчыма, фінальная кропка будзе пастаўлена ў Бруселі. Усё тыя ж сацыялісты Пэдра Санчэса лабіруюць афіцыйны статус для каталонскай, галісійскай і баскскай моў у Еўрапейскім Саюзе.

Пакуль што Мадрыду не ўдалося дабіцца згоды ўсіх краін, што, напэўна, лагічна. У ЕС ужо зараз 24 афіцыйныя мовы, а ў краінах Саюза налічваецца 60 моў нацыянальных меншасцяў і рэгіянальных моў. Шмат хто ў Бруселі занепакоеныя тым, што задавальненне запыту Іспаніі можа заахвоціць іншых рушыць услед гэтаму прыкладу. Зрэшты, па чутках, як мінімум каталонская мова можа быць прызнана афіцыйнай. Гэта канчаткова замацуе моўны плюралізм у іспанскім парламенце.

Глядзіце таксама

У фінале застаецца ўспомніць забаўны выпадак з гісторыі шматмоўных парламентаў. Як вядома, у Аўстра-Венгрыі як федэральнай дзяржаве было два парламенты (Аўстрыйскі і Венгерскі). А ў парламенце Аўстрыі (гэтую частку імперыі называлі Цыслейтанія) чамусьці не было рэгламентавана, на якой мове прамаўляць дэпутатам. Хутчэй за ўсё лічылася, што ўсе будуць аўтаматычна размаўляць на нямецкай.

Аднак хутка пачалося нацыянальнае адраджэнне славянскіх народаў. Абраныя імі дэпутаты пачалі размаўляць у парламенце на родных мовах, якія разумела ў лепшым выпадку палова дэпутацкага корпуса. Прычым некаторыя дэпутаты любілі часта проста чытаць народныя вершы, і рабілі гэта вельмі артыстычна. У выніку праца парламента была практычна паралізаваная. Затое Рэйхстаг у Вене стаў сапраўдным атракцыёнам для турыстаў і мясцовых жыхароў, паколькі ўваход у яго быў вольны. Весялуха працягвалася да пачатку Першай сусветнай.