Мітрапаліт Веніямін сумняецца ў мэтазгоднасці набажэнстваў па-беларуску?
Мітрапаліт Беларускай праваслаўнай царквы прапанаваў духавенству прагаласаваць: ці садзейнічае беларуская мова павелічэнню колькасці прыхаджан, ці гэта штосьці штучнае?
5 кастрычніка адбылася сустрэча старшыні Сінадальнага місіянерскага аддзела РПЦ епіскапа Лухавіцкага Яўфімія з місіянерамі БПЦ і духавенствам Мінскай епархіі, піша «Хрысціянская візія».
Сустрэча была прымеркавана да «місіянерскага хрэснага ходу» ў памяць пра 600-годдзе аб’яўлення Гадзенаўскага крыжа.
Прэзідыум узначаліў мітрапаліт Веніямін, таксама ў прэзідыуме прысутічаў святар Віталь Малішэўскі, які ў разгар пратэстаў 2020 года заявіў: «Аўтазакаў трэба баяцца тым, хто робіць зло».
Адным з галоўных спікераў быў расійскі акцёр Мікалай Бурляеў — ён правёў для беларускіх святароў палітінфармацыю, адзначыўшы, што Расія заклікана «выразаць пухліну фашызму з цела Украіны».
Падчас сустрэчы мітрапаліт Веніямін вынес на павестку пытанне пра мэтазгоднасць богаслужэнняў на беларускай мове. Ён скептычна выказаўся пра працы протаіерэя Сергія Гардуна — біблеіста, каардынатара перакладу Святога Пісання і літургічных тэкстаў на сучасную беларускую мову, які спачыў у 2022-м.
Таксама мітрапаліт паставіў пытанне пра місіянерскую эфектыўнасць беларускай мовы на галасаванне сярод прысутных («Як вы лічыце, ці садзейнічае беларуская мова павелічэнню колькасці прыхаджан ці гэта штосьці штучнае?»).
Каля траціны ўзнялі рукі ў падтрымку беларускай мовы, вельмі малая частка выступіла супраць, большасць устрымалася. Некалькі асобаў адкрыта выказаліся ў падтрымку беларускай мовы як богаслужбовай.