Мітрапаліт Веніямін датычны да распачынання крымінальнай справы супраць дзвюх 15-гадовых дзяўчат?

15-гадовыя падлеткі спалілі папяровы абразок. Супраць іх распачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas22_logo_1.jpg

Канал «Хрысціянская Візія» паведаміла, што, паводле іх інфармацыі, праваслаўны іерарх асабіста патрабаваў перадаць у Следчы камітэт відэа з царкоўных камер назірання, на якім дзяўчаты трымаюць падпалены папяровы абразок.

У выніку непаўналетнія дзяўчаты былі затрыманы і супраць іх была распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса РБ («Злоснае хуліганства»).

Цяпер 15-гадовым Ксеніі С. і Веры П. пагражае ды 6 гадоў пазбаўлення волі.

1 лютага ў праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяннае відэа» з падлеткамі, якія 28 студзеня 2023 года зрабілі фота з падпаленым абразком каля праваслаўнага Кафедральнага сабора ў Мінску. Сілавікі заявілі, што ў тэлефонах падлеткаў таксама былі знойдзены «фота свастыкі і іншыя фота нацысцкай накіраванасці».

«Хрысціянская Візія» звяртае ўвагу на непрапарцыянальнасць прынятых мер з боку вышэйшага духавенства Беларускай праваслаўнай царквы ў дачыненні да 15-гадовых дзяўчат. Неабачлівасць дзяўчат у выніку можа выліцца ў паламаныя лёсы дзяцей і гора ў сем'ях.