Мітрапаліт Веніямін сустрэўся з бацькамі затрыманых школьніц, на якіх нібыта сам жа і данёс

Мітрапаліт Веніямін сустрэўся з бацькамі школьніц, якія былі затрыманыя за падпал невялікага папяровага абразка. Відэа з'явілася ў сацсетках, пасля чаго на 15-гадовых дзяўчат завялі крымінальную справу. Паведамлялася, што перадаць матэрыялы ў Следчы камітэт патрабаваў асабіста Веніямін.

veniamin_1.jpg

Гісторыя шырока разышлася ў незалежных медыя, і вось прапагандысцкае агенцтва БелТА апублікавала «абвяржэнне». Паводле паведамлення, цяпер Веніямін хадайнічае аб непрыцягненні школьніц да крымінальнай адказнасці.

Інфармацыю аб датычнасці кіраўніка БПЦ да затрымання падлеткаў прапаганжысты называюць «недакладнай».

Так ці інакш, справа супраць дзесяцікласніц заведзеная — паводле ч. 2 арт. 339 КК («Злоснае хуліганства»). Школьніцам пагражае да шасці гадоў зняволення.

Раней тэлеграм-канал «Хрысціянская Візія» паведаміў, што, паводле іх інфармацыі, праваслаўны іерарх асабіста патрабаваў перадаць у Следчы камітэт відэа з царкоўных камер назірання, на якім дзяўчаты трымаюць падпалены папяровы абразок. У выніку 15-гадовыя Ксенія С. і Вера П. былі затрыманыя.

1 лютага ў праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяннае відэа» з падлеткамі, якія 28 студзеня 2023 года зрабілі фота з падпаленым абразком каля праваслаўнага Кафедральнага сабора ў Мінску. Сілавікі заявілі, што ў тэлефонах падлеткаў таксама былі знойдзены «фота свастыкі і іншыя фота нацысцкай накіраванасці».

«Хрысціянская Візія» звярнула ўвагу на непрапарцыянальнасць прынятых мер з боку вышэйшага духавенства Беларускай праваслаўнай царквы ў дачыненні да 15-гадовых дзяўчат. Неабачлівасць дзяўчат у выніку можа выліцца ў паламаныя лёсы дзяцей і гора ў сем'ях.