Кірмаш крывадушнасці. Чаму мітрапаліт Веніямін пераўтвараецца ў маскоўскага Кірыла

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і татальнага гвалту сілавікоў Беларуская праваслаўная царква заняла бок уладаў. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну ад іерархаў БПЦ не пачуць слоў асуджэння вайны. І здзіўляцца гэтаму не даводзіцца.

church.by

church.by

2 студзеня мітрапаліт Веніямін (паводле нараджэння Віталь Тупека) наведаў папраўчую калонію №14 у Навасадах, дзе сярод іншага ўручыў пахвальную грамату начальніку ўстановы Юрыю Васілевічу. Інфармацыя пра гэта з’явілася на афіцыйным сайце Беларускага Экзархата РПЦ.
У Навасадах адбываюць тэрміны зняволення шэраг палітвязняў — Зміцер Дашкевіч, Сяргей Дэцук, Міхаіл Зубкоў, Пётр Канстанцінаў, Яўген Кузьмянкоў, Станіслаў Міхайлаў. Пасля таго як інфармацыя пра грамату грамадзяніну начальніку разышлася ў незалежных медыя, яе з паведамлення прэс-службы цішком прыбралі.З гэтага можна зрабіць асцярожную выснову пра тое, што нейкі сорам у кіраўніцтва БПЦ яшчэ застаўся. Аднак варта ўдакладніць: сораму гэтага ўсё менш і менш.

Замест запаведзяў — устаноўкі лукашэнкаўскіх адміністрацый

Веніямін узначаліў Беларускую праваслаўную царкву 15 жніўня 2020 года. Яго папярэднік мітрапаліт Павел услых асудзіў гвалт і нават наведаў у лякарнях пратэстоўцаў, пацярпелых ад амапаўскіх дручкоў,
светлашумавых гранат і гумовых куль. Гэтага яму не даравалі, і неўзабаве ўраджэнец Казахстану атрымаў адстаўку і наступны перавод на Кубань. Пераемнік, родам з Лунінца, цудоўна ведаў, чаго ад яго чакаюць цывільныя ўлады ў Мінску і царкоўныя ў Маскве. І ён не расчароўвае ні адных, ні другіх.
Амаль два з паловай года спадара Тупекі на чале буйнейшай у краіне канфесіі — гэта амаль два з паловай года кіравання не святым пісаннем і запаведзямі, а ўстаноўкамі з лукашэнкаўскіх адміністрацый.
Веніямін дае ідэалагічна правільныя інтэрв'ю дзяржаўным прапагандыстам. Яго падначаленыя асвячаюць міліцэйскія часткі і наведваюць міліцэйскія святы. Дораць іконы амапаўцам, дазваляюць гэтым амапаўцам затрымліваць людзей наўпрост пасярод малітвы за мір. Сам мітрапаліт кожны раз завіхаецца каля галоўнага «праваслаўнага атэіста», калі той наведвае храм. Сустракаецца з сілавікамі Карпянковым і Паўлічэнкам — першы забрудзіў сябе варварскімі разгонамі мірных пратэстаў, а апанентаў улады называў «лішнімі людзьмі», другога абгрунтавана падазраюць у датычнасці да знікнення лідараў апазіцыі напрыканцы 90-х… Падпісвае з Кубраковым дамову аб супрацоўніцтве паміж БПЦ і МУС. Аніяк не рэагуе на рэпрэсіі, пад якія трапляюць праваслаўныя святары. Карацей, ідэальны кадр для лукашэнкаўскай вертыкалі.

photo_2022_03_19_16_48_25_800x445.jpg


Наконт вайны Веніямін выказваецца максімальна расплывіста. У духу: за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Гэтым ён пакуль што выразна адрозніваецца ад свайго намінальнага кіраўніка — маскоўскага патрыярха Кірыла, які ўжо прамым тэкстам ухваляе вайну і бласлаўляе расійскіх вайскоўцаў на забойствы ўкраінцаў. Але доўга так працягвацца не будзе. Калі няма дзе таўра ставіць на Кірыле, то і Веніяміну ў баку адседзецца не давядзецца.

Пуцін і патрыярх Кірыл

Пуцін і патрыярх Кірыл

Царкву чакае расійская дудка

На Раство 7 студзеня Лукашэнка наведаў Свята-Елізавецінскі манастыр — той самы, які збірае сродкі на падтрымку расійскай арміі ў вайне ва Украіне і служкі якога пішуць лісты з тэкстам «Дорогому солдату из Белоруссии». Духоўнік манастыра пратаіерэй Андрэй Лемяшонак падчас таго каляднага візіту падзякаваў Лукашэнку за падтрымку Расіі, лісліва заявіўшы, што «мы заўсёды будзем з вамі».
Мітрапаліт тады на гэтую тэму адмаўчаўся, але яго чарга яшчэ прыйдзе.


Справа ў тым, што пасля падзей 2020 года — і асабліва пасля 24 лютага 2022-га — Беларусь імкліва пераўтвараецца ў тую самую «Белоруссию». Гэта добра бачна на прыкладзе дзяржаўнай прапаганды, якая непрыхавана транслюе наратывы «рускага свету». «Бандэраўцы», «нацысты», «дзе вы былі апошнія восем гадоў»… Увесь набор шавіністычных штампаў на адборнай мове нянавісці можна пачуць на беларускім тэлебачанні. Даходзіць жа таго, што ў сеціве прапагандысты наўпрост рэпосцяць паведамленні расійскіх крыніц, лянуючыся зрабіць элементарны рэрайт. Раней такога не было — цяпер ёсць.
Гэта добра бачна па прэс-рэлізах Міністэрства замежных спраў. Узорнае хамства, уласцівае расійскаму МЗС у выкананні адыёзнай Марыі Захаравай, перанялі ў афіцыйным Мінску. Ролю Захаравай на беларускім баку часам удала выконвае прэс-сакратар Анатоль Глаз. Напрыклад, у адказ на прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру праваабаронцу Алесю Бяляцкаму Глаз заявіў: «Альфрэд Нобель замучаўся пераварочвацца ў труне». Маўляў, рашэнні камітэту ў Осла «палітызаваныя», і хай гэта застанецца на яго «сумленні». Раней такога не было — цяпер ёсць.
Гэта добра бачна па паводзінах генералаў беларускага войска. Яны зліліся з расійскімі калегамі ў такім экстазе, што не адразу адрозніш, дзе ёсць хто. І рэгіянальная групоўка на поўдні Беларусі ў іх сумесная, і сістэма супрацьстаяння «калектыўнаму Захаду», і тэорыі змовы дублююць адна адну. Міністр абароны Хрэнін неяк сказаў, што ў вайне ва Украіне менавіта Захад і вінаваты, бо «адкрыта дэманстраваў гатоўнасць развязаць агрэсію супраць Рэспублікі Беларусь». Раней такога сінхроннага трызнення не было — цяпер ёсць.
І такая ўніфікацыя з расійскімі патэрнамі ідзе па ўсіх напрамках. Што ў эканоміцы, якая зараз цалкам залежыць ад расійскай шчодрасці. Што ў культуры, адкуль на карысць расійскаму шырспажыву выціскаецца ўсё беларускае. Што ў адукацыі, гісторыі, іншых грамадскіх працэсах — па адмашцы Лукашэнкі ўсюды пранікае расійскі ўплыў. То і калі царква пачне цалкам спяваць пад расійскую дудку — гэта выключна пытанне часу. Як пытанне часу — калі мітрапаліт Веніямін пачне касплэіць на амвоне патрыярха Гундзяева.

Той Веніямін і гэты

У Беларусі шмат хрысціянскіх вернікаў. Праваслаўныя, каталікі, пратэстанты — яны прадстаўленыя і сярод палітвязняў. Менавіта вера дапамагае трываць нягоды за кратамі Паўлу Севярынцу, Зміцеру Дашкевічу, Вользе Залатар і іншым. Вера дапамагла святару Уладзіславу Багамольнікаву вытрымаць 100 сутак у жудасных, катавальных умовах Акрэсціна. Афіцыйныя праваслаўныя іерархі нікому з асуджаных па сфабрыкаваных справах не дапамаглі не тое што справай, а нават словам. БПЦ сёння цалкам на баку Акрэсціна, а заўтра будзе і на баку вайны. Пад чуллівым кіраўніцтвам мітрапаліта Тупекі з Лунінца.


Дарэчы, калі верыць вікіпедыі, то царкоўнае імя Веніямін інжынер-радыёфізік Віталь Тупека ўзяў у гонар свяшчэннамучаніка Веніяміна, мітрапаліта Петраградскага і Гдоўскага.
Лёс таго, расійскага, Веніяміна склаўся трагічна — прынцыпова не пагадзіўся з палітыкай бальшавікоў, быў арыштаваны і расстраляны ў 1922 годзе ва ўзросце 49 гадоў. Віну не прызнаў, трымаўся мужна, у 1992-м яго кананізавалі. Гэта былі часы, калі святары маскоўскага патрыярхату яшчэ заяўлялі пратэст уладам — тагачасны экзарх РПЦ Ціхан таксама зазнаў пераслед, што прывяло да яго заўчаснай смерці. Гэта былі часы, калі царква яшчэ магла заставацца з верай, і была гатовая за яе пакутаваць.
Лёс беларускага Веніяміна развіваецца па дыяметральна іншым трэку. Ён цалкам за дыктатуру — і за нашчадкаў тых сілавікоў, якія сто гадоў таму рэпрэсавалі рэлігію як опіум для народа. Цяпер часы такія, калі мітрапаліты-патрыярхі ездзяць на мерсэдэсах, носяць залатыя гадзіннікі і ўхваляюць забойствы мірных жыхароў на захопніцкай вайне. А царква — забываецца на веру і крывадушна абслугоўвае ўладу. Нібыта афіцыйны дэпартамент пры Саўміне з паўнамоцтвамі праўладнага акармлення рабоў божых.
Фігуральна кажучы, сто гадоў таму праваслаўе паўставала ў адным шэрагу з тымі, каго расстрэльваюць, а цяпер дапамагае націскаць на курок.