На карце свету можа з’явіцца новая дзяржава — Бугенвіль. Расказваем, што за яна і дзе знаходзіцца

Жыхары вострава Бугенвіль на рэферэндуме прагаласавалі за абвяшчэнне незалежнасці. Цяпер слова за ўладамі Папуа-Новай Гвінеі. Пра загадкавую выспу Бугенвіль «Наша Ніва» пагутарыла з гісторыкам, дацэнт БДУ Яўген Красуліным.

Бугенвіль знаходзіцца ў Ціхім акіяне. Гэта найбуйнейшая выспа Саламонавых астравоў

Бугенвіль знаходзіцца ў Ціхім акіяне. Гэта найбуйнейшая выспа Саламонавых астравоў

«Наша Ніва»: На нядаўнім рэферэндуме 97% удзельнікаў прагаласавалі за незалежнасць Бугенвіля. Раскажыце, што гэта за край такі і дзе ён знаходзіцца.
Яўген Красулін: Так, з нашага пункту гледжання — гэта сапраўды край. Край Зямлі. Знаходзіцца гэтая выспа ў Ціхім акіяне і з’яўляецца часткай Папуа-Новай Гвінеі.
Гэта аўтаномны раён у Папуа-Новай Гвінеі, гэтага статусу востраў дабіўся пасля працяглай грамадзянскай вайны напрыканцы ХХ стагоддзя. Першапачаткова Бугенвіль уваходзіў у тэрыторыю, якую кантралявала Аўстралія. У 1975 годзе Папуа-Новая Гвінея здабыла незалежнасць. Але яшчэ да гэтага Бугенвіль дэклараваў сваё жаданне незалежнасці.

Традыцыйнае святкаванне на Бугенвілі. Фота з Вікіпедыі.

Традыцыйнае святкаванне на Бугенвілі. Фота з Вікіпедыі.

Тым не менш у 1975 годзе Бугенвіль стаў часткай Папуа-Новай Гвінеі. Але ад таго моманту і па сёння насельніцтва гэтай тэрыторыі дэманструе вялікую волю да свабоды.
«НН»: То бок раней Бугенвіль ужо спрабаваў стаць незалежным?
ЯК:Канечне! У 1970-х такая спроба была мірнай, а вось у 1988 яна прывяла да амаль дзесяцігадовай грамадзянскай вайны. У выніку той вайны былі вычарпаныя рэсурсы, і абодва бакі прыйшлі да пагадненне, што пакуль застаецца статус-кво, але да 2020 года мусіў прайсці рэферэндум. І вось цяпер ён прайшоў. Цікава, што галасаванне праходзіла цягам двух тыдняў, і канчатковыя лічбаў яшчэ няма. Але ўжо цяпер зразумела, што больш за 90% удзельнікаў выказаліся за незалежнасць.

Такім сцягам карыстаюцца бугенвільцы

Такім сцягам карыстаюцца бугенвільцы

«НН»: Паміж кім была грамадзянская вайна, калі цяпер усе за незалежнасць?
ЯК:Была Паўстанцкая армія Бугенвіля з аднаго боку і рэгулярныя войскі Папуа-Новай Гвінеі — з іншага. Вайна прывяла да страшэнных стратаў, таму яна і была спыненая ў 1997 годзе. Па некаторых падліках, было знішчана да 10% насельніцтва Бугенвіля — гэта 20 тысяч чалавек.
«НН»: Папуа-Новая Гвінея ў дачыненні бугенвільцаў была рэпрэсіўным механізмам? Ці арыштоўвалі лідараў незалежніцкага руху?
ЯК: Такіх ужо яўных рэпрэсій не было. Вялікім пытаннем з’яўляюцца рэсурсы. У 1972 годзе на выспе Бугенвіль знайшлі золата і медзь, якія можна было здабываць на адкрытых пляцоўках. Каб не схлусіць, да 1980-х гэтыя золата і медзь складалі да 45% экспарту Папуа-Новай Гвінеі. І канечне, бугенвільцы глядзяць на гэта і думаюць, а чаму мы самі не можам прадаваць гэтыя выкапні?

На Бугенвілі жыве больш за 200 тысяч чалавек.

На Бугенвілі жыве больш за 200 тысяч чалавек.

«НН»: Гэта значыць, да эканамічнай незалежнасці Бугенвіль падрыхтаваны?
ЯК:Тут ёсць аспект. Калі паглядзець на бюджэт Бугенвілю, то можна ўбачыць, што там дастаткова вялікі дэфіцыт. У 2018 годзе праз мясцовыя цёркі (а Бугенвіль у асноўным — гэта сельская гаспадарка), фермеры выступілі супраць горнай здабычы. У выніку была прыпыненая распрацоўка буйнога радовішча. Таму, з аднаго боку, Бугенвіль прагне незалежнасці, ёсць і эканамічныя рэсурсы, але з іншага — усё адно патрэбныя датацыі звонку.
Нават тыя актывісты, якія вялі агітацыю за незалежнасць, хутчэй, выступаюць за пашырэнне аўтаноміі, а не за абсалютную незалежнасць. Фактычна рэферэндум выкарыстоўваецца як аргумент для пашырэння аўтаноміі. Рэферэндум не мае статусу абавязковага для выканання, ён, хутчэй, для таго, каб прадэманстраваць волю народа і ўзмацніць пазіцыі. Праблема Бугенвіля ў тым, што вялікі працэнт жыхароў выспы — непісьменныя. Якасць працоўнай сілы не такая ўжо высокая, каб адразу кінуцца ў незалежнасць. Таму нават пранезалежніцкая эліта вельмі насцярожана ставіцца да поўнага суверэнітэту.

bugenville_5.jpg

«НН»: Але ў тым самым рэгіёне ёсць прыклад Усходняга Тымору, які паспяхова абвясціў незалежнасць.
ЯК:Патэнцыял быў лепшым. Я ўжо пералічыў некаторыя праблемы Бугенвіля. Плюс у іх ёсць праблемы з інфраструктурай, як з унутранай, так і вонкавай. Цяжка сказаць, адкуль могуць пайсці інвестыцыі ў гэты востраў. На Бугенвілі ёсць праблемы нават з перыёдыкай. Штодня ім завозяць газеты з Папуа-Новай Гвінеі, а сваіх рэгулярных выданняў няма. Канечне, некаторыя краіны стартавалі і з горшых пазіцый, але ў сучаснасці гэта можа прывесці да істотных праблем.
«НН»: Адкуль у бугенвільцаў такая прага да свабоды? Ці ёсць такі народ бугенвільцы?
ЯК: Гэта геаграфічнае становішча. Моўнае пытанне для бугенвільцаў неактульнае, у іх ёсць мова Tok Pisin — гэта такая англійская трасянка з укараненнем ціхаакіянскіх гаворак. На такой мове гавораць ва ўсёй Папуа-Новай Гвінеі, таму не бачу тут праблемы. Існуе геаграфічная ізаляцыя, усё ж выспа аддзеленая ад асноўнай тэрыторыі Папуа-Новай Гвінеі акіянам.
«НН»: Этнічна бугенвільцы ніяк не вылучаюцца?
ЯК: Не асабліва. Гэта аўстранезійцы. Народ там з’явіўся яшчэ ў час палеаліту. Недзе 3 тысячы гадоў таму там з’явіліся аўстранезійцы са сваёй культурай. Моцна ад Папуа-Новай Гвінеі яны не адрозніваюцца.
«НН»: А што за назва Бугенвіль?
ЯК:Гэта ў гонар французскага даследчыка Луі Антуана дэ Бугенвіля, які жыў напрыканцы XVIII стагоддзя, які кіраваў першым французскім кругасветным падарожжам.