Наперад у 1914-ы
Сто гадоў таму, 28 чэрвеня 1914 года, у Сараева быў забіты прынц Франц-Фердынанд. Гэта стала пралогам Першай сусветнай вайны. Сёння прэса знаходзіць шмат паралеляў паміж тымі падзеямі і цяперашнім украінскім крызісам.
Фармат адзначэння юбілею Першай сусветнай вайны на Захадзе за апошнія гады карэктаваўся некалькі разоў. Спачатку, недзе напрыканцы нулявых, быў прапанаваны грандыёзны
план Сільвіа Берлусконі. Італьянскі прэм’ер заклікаў прыняць Сербію і Боснію ў склад ЕС якраз у гадавіну сараеўскага замаху, а саму святочную працэдуру правесці ў
сімвалічных мэтах у Сараева.
Пасля ўзнік праект сумеснага саміту лідараў нацый, якія ўдзельнічалі ў вайне. Аднак з-за недахопу грошай і росту нацыяналізму на перыферыі ЕС у Брусэлі вырашылі на глабальным узроўні нічога не
адзначаць. У выніку яшчэ год таму падавалася, што ўсё абмяжуецца кулуарнымі дэбатамі гісторыкаў (некаторыя з іх, дарэчы, лічаць, што статус Першай сусветнай вайны трэба надаць напалеонаўскім
войнам), выхадкамі нацыяналістаў і жартамі над узроўнем ведаў сучасных еўрапейцаў пра падзеі стогадовай даўніны.
Аднак у сувязі з падзеямі ва Украіне інтарэс да юбілею значна вырас. Практычна кожнае буйное выданне на Захадзе ўзгадала стрэл Гаўрылы Прынцыпа і знайшло, што яго наступствы вельмі падобныя на
тое, што мы назіраем ва Украіне. Як вядома, адразу за забойствам пачалося міжнароднае супрацьстаянне, якое так і не ўдалося вырашыць дыпламатычнымі сродкамі. Як заявіў кіраўнік нямецкага МЗС
Франк-Вальтэр Штайнмаер у інтэрв’ю «Gazeta Wyborcza»: «Тое, што адбываецца ва Украіне, нагадвае лета 1914-га, тады здавалася, што мы
маем справу з лакальным канфліктам, а ён выліўся ў сусветную вайну».
Праўда, найперш алюзіі на 1914-ы год узніклі не ў Штайнмаера, а ў яго шведскага калегі. Яшчэ ў сакавіку Карл Більдт быў вельмі ўражаны тым, як грэбліва Масква ставіцца да
прынцыпу суверэнітэту іншых краін. Дыпламат пісаў: «Праз стагоддзе пасля 1914 года мы раптам апынуліся ў Еўропе, дзе адбываюцца напад, агрэсія і пагроза масавага прымянення ваеннай
сілы».
Расійская прэса ў сваю чаргу прызнавала, што агульнага з 1914 годам сапраўды шмат чаго. Напрыклад, узгадаваліся аўстрыйскія канцэнтрацыйныя лагеры для тагачасных русафільскіх актывістаў Заходняй
Украіны. «Сёння мы з’яўляемся сведкамі гістарычнага дэжавю. Тыя ж асобы, зноў лозунгі аб «праклятых маскалях», зноў неўтаймоўнае жаданне зацягнуць Украіну,
коштам крыві і ахвяраў, у «еўрапейскую сям’ю народаў», — пісала «Газета.ру».
Нацыяналістычныя спекуляцыі такога кшталту ў Расіі працягваюцца дасюль, хаця, на думку нават расійскай аналітыкі, гэта вельмі небяспечна, паколькі заганяе Крэмль у тупік, як гэта было сто гадоў
таму. Тады еўрапейскія ўрады сталі закладнікамі сваіх геапалітычных дактрын, адыход ад якіх мог быць успрыняты грамадствам як маральная капітуляцыя. Інтэрнэт-выданне
«КМ.Ру» піша: «Сітуацыя нагадвае тую, якая склалася сто гадоў таму напярэдадні Першай сусветнай вайны. Асноўныя акторы сусветнай палітыкі трапілі тады
ў расстаўленыя стратэгічныя пасткі. Не ваяваць пасля Сараеўскага забойства для любой з вядучых еўрапейскіх дзяржаў было немагчыма. Таксама і сёння Расія ўжо не можа кінуць рускамоўны Паўднёвы Усход
Украіны».
У гэтым плане можна сказаць, што ў еўрапейцаў значна лепшая памяць на гісторыю. Яны, згадваючы прэлюдыю Першай сусветнай вайны, намагаюцца вынесці ўрокі з тых падзей і не даць катастрофе
паўтарыцца. Перш за ўсё, прэса заклікае палітыкаў утрымацца ад авантурызму, характэрнага для іх калег стогадовай даўніны. У прэсе актыўна выкарыстоўваецца тэрмін «самнабулы»
— так назваў брытанскі гісторык Крыстафер Кларк еўрапалітыкаў пачатку мінулага стагоддзя, якія недаацэньвалі тэракт у Сараева.
«Няма простых варыянтаў для амерыканскага прэзідэнта, і няма ніякіх гатовых рашэнняў пад рукой. Відавочным з’яўляецца тое, што актыўныя ваенныя дзеянні або моцныя
эканамічныя санкцыі не лакалізуюць канфлікт. Маральны імператыў, які часта быў асновай знешняй палітыкі ЗША, павінен быць прыбраны. Гісторыя можа не паўтарыцца, хаця сёння свет, як ніколі, падобны на
свет у пачатку лета 1914 года», — лічыць канадская «Mail and Globe».
Яшчэ далей ідзе выданне «Forbes», якое лічыць, што ўмяшанне Злучаных Штатаў у еўрапейскія справы ў пачатку ХХ стагоддзя заклала асновы цяперашняга
ўкраінскага канфлікту. У ход ідзе цытата з твораў Уінстана Чэрчыля, які ў 1936 годзе пісаў: «Амерыка павінна была займацца сваімі справамі і не лезці ў вайну. Калі б вы
(амерыканцы) не ўступілі ў вайну, Антанта магла заключыць мір з Германіяй увесну 1917 года. Маючы на руках мірную дамову, мы б маглі не дапусціць калапсу ў Расіі і прыходу да ўлады
камуністаў. Італія і Германія ў такім выпадку не падпісалі Версальскую дамову, якая праклала шлях фашыстам».
Можна казаць, што заходняя грамадская думка схіляецца да таго, каб любымі шляхамі шукаць дыпламатычныя сродкі вырашэння канфлікту ва Украіне. Гэта для Захаду таксама справа прэстыжу. Рымейк
глабальнай вайны ў Еўропе роўна праз сто гадоў пасля Першай сусветнай быў бы ганьбай для ўсёй еўрапейскай цывілізацыі, што пахавае давер у будучыню еўраінтэграцыі і, магчыма, нават у
прагрэс.
Галоўная праблема, аднак, не ў тым, каб пераканаць Маскву разам шукаць выхад з крызісу. Справа ў тым, што гэта канфлікт абсалютна новага ўзроўню з ужываннем інфармацыйных сродкаў. Гэта нараджае
новых непадкантрольных палітычных актораў, выклікае непрадказальныя фактары, наступствы якіх цяжка пралічыць. Такога канфлікту, і яшчэ ў сябе пад бокам, ні Еўропа, ні Расія і іх эліты не
ведалі.
Паміж волі ўгадваецца адзін з галоўных тэзісаў кнігі Крыстафера Кларка: «Па-сутнасці, Першую сусветную вайну развязала маленькая група тэрарыстаў… Вырашыць
канфлікт можна было вельмі лёгка, але для еўрапейскага крызіснага менеджменту, які дзейнічаў старамоднымі інструментамі, праблема аказалася занадта складанай».