«Навальны грае, як Ельцын»

Нечакана для ўсіх Расію накрылі антыўрадавыя пратэсты, арганізаваныя групай Аляксея Навальнага. Для чытачоў «Новага Часу» маскоўскі журналіст Дзмітрый Касценка спрабуе прааналізаваць прычыны выступаў, іх тэндэнцыі і наступствы.

Затрыманне Аляксея Навальнага

Затрыманне Аляксея Навальнага

— Як правіла, мы абмяркоўваем пратэсты 26 сакавіка ў Расіі па мітынгу на Пушкінскай плошчы ў Маскве, які многія СМІ транслявалі ў прамым эфіры. Але ж маніфестацыі «Ён вам не Дзімон», тэмай якіх была карупцыя ўраду Дзмітрыя Мядзведзева, ахапілі больш за дзесяць буйных гарадоў краіны. Ці былі ў іх акцыі, падобныя на маскоўскую?

— Розніца паміж Масквой і перыферыяй вельмі значная. Мерапрыемствы ў іншых гарадах, нават у прасунутым Піцеры, цяжка назваць мітынгамі. Гэта хутчэй былі флэшмобы — без лідараў, без лoзунгаў, без трыбуны, без выступоўцаў, без рэзалюцый і нават без маршруту руху. У шматлікіх гарадах гэта была проста тусоўка, пераважна, юнакоў, якіх неўзабаве пачалі хапаць спецназаўцы. Спачатку сілавікі і ўлада проста не маглі зразумець, што адбываецца: з 2012 года Расія не ведала такіх буйных вулічных пратэстных акцый.

— Усе толькі і кажуць, што значны адсотак пратэстоўцаў складалі вучні. Стаўка на школьнікаў была пралічанай паліттэхналогіяй Навальнага, ці гэта выпадковы эфект?

— Цяжка сказаць, наколькі менавіта з гэтай сацыяльнай групай працавалі вярбоўшчыкі-арганізатары Навальнага. Але тое, што на агітацыю апазіцыі адгукнулася менавіта моладзевая аўдыторыя, не дзіўна. Юныя расіяне выраслі ў атмасферы пуцінскага «застою», і нічога цікавага не бачылі. Нават «Балотную» 2012-га яны заспелі як дзеці. Ім з-за ўзросту хочацца «дзвіжу», хочацца пагуляць у рэвалюцыю. Акрамя таго, спрацаваў біялагічны таймер, паколькі пачалася вясна. Нельга ігнараваць той факт, што гэта — першае пакаленне ў Расіі, якое вырасла без тэлевізара і апынулася незакранутым патрыятычнай істэрыкай апошніх часоў. Праўда, нельга ўсё спісваць на гармоны або кругласутачнае сядзенне ў інтэрнэце. У Расіі пасля 2008-га не было эканамічнага росту, і школьнікі не без падстаў пачынаюць разумець: калі нічога не зменіцца, шмат каму з іх свеціць у жыцці праца вартаўніком або касірам.

— Тэма карупцыі ва ўладзе, паводле апытанняў, — трэцяя сярод самых актуальных праблем у цяперашняй Расіі. А на акцыі па ўсёй краіне выйшла каля 60 тысяч чалавек. Чаму?

— Тут шмат прычын — у тым ліку і кампанія супраць Навальнага, якая даўно пачалася ў сеціве, і, дарэчы, не без падстаў. Нават у асяроддзі сярэдняга класа, які заўсёды быў палітычна нелаяльным, хапае пытанняў наконт феномену Навальнага. Дзіўным чынам ён адзіны, хто не патрапіў пад каток рэпрэсій, якія, дарэчы, пасля Балотнай ніколі не спыняліся. Усіх значных лідараў «Балоткі» (Нямцова, Панамарова, Удальцова, Сахніна) рознымі спосабамі ўлада прыбрала, а Навальны застаўся на волі. Больш за тое — у пуцінскіх СМІ яму ствараюць вобраз пакутніка, і пасля адпускаюць.

У сувязі з гэтым па інтэрнэце гуляе тэма пра тое, што ўлады рыхтуюць Навальнага да місіі на выбарах прэзідэнта ў 2018-м. Маўляў, пад яго кіраўніцтвам рыхтуецца імітацыя Майдана, які прыцягне ўсіх незадаволеных і актыўных, але гэта будзе кантралявацца ўладай і скончыцца нічым. Аматары гэтай версіі спасылаюцца на тое, што на акцыях 26-га нават не казалі пра фігуру Пуціна. У штабе Навальнага мітынгоўцаў інструктавалі крытыкаваць толькі ўрад. Раней Навальны таксама падтрымаў «Крымнаш», а крымскі кансэнсус разглядаецца ўладай ледзь не як асноўны ідэалагічны падмурак рэжыму. Магчыма, плёткі пра маніпуляцыю Навальным з боку Крамля — гэта інсінуацыя, аднак яна сапраўды мае рэзананс у грамадстве.

— На акцыях 26-га не было сімволікі іншых апазіцыйных партый.

— Старая апазіцыя, сапраўды, насцярожана паставілася да апошніх пратэстаў. Па-сутнасці, пачалася прэзідэнцкая кампанія, а значыць, і нефармальны праймерыз на галоўнага кандыдата ад апазіцыі. І 26 сакавіка вельмі салідную заяўку на гэтую пасаду зрабіў Аляксей Навальны. Пры гэтым ён адбудоўвае вельмі жорсткую вертыкаль пратэсту, дзе ён — асноўны спікер, а ўсе іншыя — маса яго прыхільнікаў. Гэта рэвізія фармату пратэстаў на Балотнай: з аб’яднанымі штабамі, дыскусіямі на канале «Дождь», выбарамі каардынацыйнай рады апазіцыі. Ніякіх іншых лідараў і кансультацый схема апазіцыі паводле Навальнага не прадугледжвае, што не падабаецца старым дысідэнтам. Аднак пакуль зламаць узыходжанне Навальнага на Алімп лідара яны не ў стане. Адны, як «яблычнік» Гудкоў, ходзяць пад крымінальнай артыкулам, другія, як Яўлінскі, пабітыя нафталінам, а на іншых, накшталт Касьянава, даўно сабраны кампрамат. Напэўна, нейкім пасярэднікам у вырашэнні канфлікту ўнутры апазіцыі наконт лідарства мог бы выступіць Захад, але там зараз, падаецца, усе занятыя ўнутранымі праблемамі.

— Якія, на вашу думку, перспектывы новай хвалі пратэстнага руху ў Расіі?

— Цяжка сказаць, паколькі мы яшчэ не мелі досведу антыпуцінскага руху, які грунтуецца на чыстым папулізме, то бок трымаецца на індывідуальнай харызме і чыстай нянавісці да «істэблішменту». Аднак таксама не выключаю, што такі фармат будзе больш эфектыўны, чым незадаволенасць дысідэнтаў. Вонкава пратэст 26 сакавіка моцна нагадваў натоўп, які ў часы перабудовы скандаваў: «Ельцын! Ельцын», не задаючы пры гэтым ніякіх дадатковых пытанняў. Навальны грае, як Ельцын. Нездарма, як ранні Ельцын, Навальны падымае не палітычныя пытанні, а пытанні барацьбы з карупцыяй у чыстым выглядзе. У свой час у Ельцына атрымалася. Паглядзім, што атрымаецца ў Навальнага.