Расійскія дэсантнікі здзейснілі начны рэйд у Лёзна

Мінабароны РФ адрапартавала аб першым этапе сумесных вучэнняў ПДВ Расіі і Беларусі, які прайшоў на палігоне Лосвіда ў Віцебскай вобласці.

Ілюстрацыйнае фота teleskop-by.org

Ілюстрацыйнае фота teleskop-by.org

У ходзе першага этапу падраздзяленне расійскіх дэсантнікаў, якія прыбылі ў раён вучэнняў з Іванава, было перададзена ў аператыўнае падпарадкаванне аднаму з парашутна-дэсантных батальёнаў Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады. Пасля атрымання баявога распараджэння, у складзе змешаных экіпажаў на БТР-80, дэсантнікі ноччу здзейснілі марш агульнай працягласцю больш за 40 км у раён адміністрацыйнага цэнтра Лёзна, паведамляе Мінабароны РФ.
Дэсант правёў "контрдыверсійныя дзеянні па блакаванні і знішчэнні незаконна ўзброеных фармаванняў".
«Агульная плошча тэрыторыі, на якой пройдуць асноўныя этапы сумеснага брыгаднага тактычнага вучэння, складае каля 12000 квадратных кіламетраў», — сказаў начальнік аб'яднанага штаба кіраўніцтва вучэнняў палкоўнік Віктар Гулевіч.
У мерапрыемстве прымаюць удзел каля 1000 вайскоўцаў, задзейнічана больш за 200 адзінак ваеннай, спецыяльнай і аўтамабільнай тэхнікі.
Паветрана-дэсантныя войскі Расіі на дадзеных вучэннях прадстаўляе ўзмоцненая парашутна-дэсантная рота колькасцю больш за 100 чалавек Іванаўскай паветрана-дэсантнай дывізіі.
Асноўная фаза вучэнняў працягнецца да 6 красавіка.
belprauda.org